Якая альтэрнатыва Блатэру?

Наступствам карупцыйнага скандалу з удзелам футбольных чыноўнікаў стала адстаўка старшыні Міжнароднай федэрацыі футбольных асацыяцый (FIFA) і каскад заклікаў да перабудовы існуючай сістэмы сусветнага футболу.



00485071.jpg

Нагадаем, 27 мая пракуратура Швейцарыі арыштавала па падазрэнні ў карупцыі шэраг чыноўнікаў FIFA. Дзевяць вышэйшых спартыўных функцыянераў абвінавачваюцца ў службовых і карупцыйных злачынствах, у тым ліку ў прыёме хабараў за лабіраванне краін-кандыдатаў на правядзенне Кубку свету.

Хаця рэзанансны скандал не перашкодзіў Ёзафу Блатэру праз некалькі дзён пасля гэтага ў пяты раз запар пераабрацца на пасаду кіраўніка FIFA, грамадскасць была вельмі раз’юшана. У прэсе ўзнік нават сталы тэрмін «сістэма Блатэра», што азначае футбольную мафію. Блатэра, які вырашыў балатавацца нягледзячы на выкрытую аферу ў яго канторы, асудзіў шэраг футбольных зорак, такіх, як Пеле, Лінікер і інш.

large.jpg

Высокі градус вакол футбольных спраў падтрымліваўся і дзякуючы палітыкам. "FIFA павінна, нарэшце, зрабіць высновы з перавыбараў Блатэра", — заявіў віцэ-старшыня Еўрапейскага парламента Аляксандр Граф Ламбсдорф. На думку палітыка, асноўныя федэрацыі, прадстаўленыя лепшымі футбольнымі камандамі планеты, маглі б аб'яднацца ў "Сусветную футбольную асацыяцыю" — World Football Association (WFA). Найбольш далёка ў крытыцы Блатэра, напэўна, пайшлі нямецкія "Зялёныя". На іх думку, у кіраўніцтве Федэрацыі заселі не толькі карупцыянеры, аднак і мужчыны-мачысты, якія тармозяць развіццё жаночага футболу. Але, калі тэма дыскрымінацыі жанчын-футбалістак з боку FIFA гучала даволі рэдка, то ідэя поўнай перазагрузкі сусветнага футболу — стварэнне альтэрнатывы FIFA, была вельмі папулярнай.

На старонках сусветнай прэсы хапала спекуляцый наконт таго, што будзе, калі Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (UEFA), чый старшыня Мішэль Плаціні адкрыта выступаў супраць старых парадкаў, адмовіцца падпарадкоўвацца структурам Блатэра. Некаторыя СМІ раілі Плаціні як мага хутчэй анансаваць альтэрнатыўны FIFA чэмпіянат свету па футболу 2018 года. На думку выдання «Die Welt», ініцыятыву з альтэрнатыўным Кубкам Свету мусіла абавязкова падтрымаць Паўднёвая Амерыка. Пры такіх раскладах, маўляў, выканкам FIFA апынецца ў бязвыхадным стане і будзе вымушаны пагадзіцца на рэформы.

У выніку масіраванай медыяатакі Блатэр выкінуў белы сцяг. 2 чэрвеня ён падаў у адстаўку, адчыніўшы шлях аматарам рэформаў. Цяпер грамадскасць турбуюць іншыя пытанні: як будзе выглядаць сусветная футбольная кухня і ці будзе яна сапраўды альтэрнатывай FIFA?

Перш за ўсё, трэба ўзгадаць, што на цяперашні момант ў свеце існуе прыблізна пяць структур, якія арганізуюць міжнародныя футбольныя спаборніцтвы аўтаномна ад FIFA. Перш за ўсё, у свеце дзейнічаюць рэгіянальныя асацыяцыі, якія праводзяць свае спаборніцтвы па-за рамкамі FIFA і яе чальцоў — нацыянальных федэрацый. Напрыклад, з 1956 года існуе Міжнародная асацыяцыя астраўных гульняў (IGA), якая арганізоўвае Астраўныя гульні, у праграме якіх ёсць і футбол.

Па-другое, існуе шмат наднацыянальных арганізацый, якія намагаюцца арганізоўваць турніры для футбольных федэрацый непрызнаных краін або аўтаномій. Свае трафеі разыгрываюць народы, якія не маюць дзяржаўнасці, аднак маюць пры гэтым свае футбольныя лігі і кубкавыя турніры. Ёсць, нарэшце, абсалютна экзатычныя аналагі FIFA. Напрыклад, існуе сусветная міжнародная федэрацыя, што арганізоўвае міжнародныя турніры для камандаў, гульцы якіх размаўляюць на мове эсперанта.

Найбольш заўважны сярод альтэрнатыўных FIFA футбольных цэнтраў ёсць сетка NF-Board, якая аб’ядновае футбалістаў з непрызнаных дзяржаў і народаў, што не маюць дзяржаўнасці. Сярод сяброў NF-Board такія незвычайныя суб’екты, як Каралеўства Абодвух Сіцылій, Рым, Аквітанія, Паданія, Тыбет, Ічкерыя, Лапландыя і г.д. Нягледзячы на матэрыяльныя праблемы, NF-Board умудраецца часам праводзіць свае турніры, і ў тым ліку галоўны турнір — VIVA кубак, апошнім уладальнікам якога ў 2012 годзе стала зборная Іракскага Курдыстана.

Аналізуючы феномен альтэрнатыўных FIFA цэнтраў, адразу кідаецца ў вочы той факт, што яны пабудаваныя па аматарскім прынцыпе. Аднак наўрад ці апаненты Блатэра пойдуць так далёка, каб разбураць інфраструктуру прафесійнага футболу. Незадаволенне FIFA не выходзіць за межы крытыкі асобных персанажаў, якія, быццам, вінаватыя ва ўсіх негатыўных з’явах у цяперашнім футболе. Пры гэтым забываюць, што Мішэль Плаціні — галоўны «барацьбіт» за празрыстасць і дэмакратыю — таксама падазраваўся ў карупцыі. У мінулым годзе аўтарытэтнае брытанскае выданне «The Telegraph» на сваіх старонках паведамляла, што прэзідэнт УЕФА быў замешаны ў скандале з прадстаўленнем Катару права правядзення чэмпіянату свету 2022 года.

У гэтым плане існуе рэальны сцэнар таго, што перастаноўкі ў апараце FIFA могуць адчыніць шлях камерцыялізацыі сусветнага футболу. З гэтым згодны кіеўскі спартыўны журналіст Аляксандр Разенвайн, які пракаментаваў для "Новага Часу" навіны са штаб-кватэры FIFA:

— Наўрад ці многія з нас усведамляюць веліч моманту, але на нашых вачах, памірае футбол. Так, памірае канчаткова і беззваротна. І няма ў гэтым нічога нечаканага, бо ён хворы даўно і цяжка. Яго ліхаманіла трапічным вірусам легіянераў (вынікам стала атрафія нацыянальных і гарадскіх футбольных традыцый), яго агонію паскорылі банды футбольных хуліганаў-нацыстаў. Адстаўка кіраўніка FIFA Блатэра стала нават не каталізатарам працэсаў, а візітам магільшчыка. З улікам таго, як планамерна атакавалі Блатэра ў прэсе, падазраю, што за гэтым стаіць буйны, і перш за ўсё амерыканскі спартыўны бізнес. Амерыканцы даўно прыцэньваліся, купляючы клубы ў Брытаніі і Італіі, стварылі сваю Лігу, правялі пару годных выступленняў на сусветных першынствах. Але, яны не дадуць футболу другое жыццё — яны зробяць з яго пудзіла па прозвішчу "Сокер", і ўставяць у лінейку спартыўнага інтэртэймента недзе паміж бейсболам і той штукай, якую прывыклі называць "футбол".

Застаецца дадаць, што будучыя перамены ў футболе зноў уздымуць тэму правамоцнасці Расіі праводзяць чэмпіянат свету ў 2018 годзе. Шмат апанентаў Блатэра падазравалі, што пры вызначэнні Расіі як краіны — гаспадара турніру таксама не абышлося без хабару.