«Час абараняцца ад турэцкага фашызму», апошнія гульні ў кар’еры вялікіх: як прайшоў раўнд 1/4 фінала Чэмпіяната Эўропы

Іх засталося 4. У Нямеччыне блізкая развязка футбольнага турніра, але супакой нам толькі сьніцца. Турэцкага футбаліста дыскваліфікавалі за ганебныя паводзіны, Раналду, Пепе, Тоні Крос і Мюлер згулялі апошні матч на Эўра, а Тоні – і ў кар’еры. Сабралі самае істотнае.

Адзін з найпрыгажэйшых галоў Эўра-2024. Мэрына забівае немцам у 1/4 фінала і выводзіць Гішпанію ў 1/2

Адзін з найпрыгажэйшых галоў Эўра-2024. Мэрына забівае немцам у 1/4 фінала і выводзіць Гішпанію ў 1/2

Гішпанія – Нямеччына

Напярэдадні гульні некалі істотны гулец зборнай Нямеччыны Йенс Леман выдаў такую прамову:

«Мы бачылі, што Гішпанія, несумненна, паказала добрыя вынікі на групавым этапе. Магчыма, з пункту гледжаньня тэхнікі яны сапраўды лепшыя за нас. Але яны невысокія і неспрактыкаваныя. Гэта каманда дзяцей. У іх у складзе вельмі маладыя гульцы, у якіх не так шмат досьведу на міжнародных турнірах».

Гішпанцы адказалі на полі. Гульня, як і прадказвалася, атрымалася сапраўдным відовішчам, і нават з забітымі галамі. За 2 хвіліны да канца другога овэртайма неймаверны скок і ўдар галавой Мэрына вывёў Гішпанію ў паўфінал. Гульня была анамальна багатая на фалы. Судзьдзя Энтані Тэйлар вырашыў таксама трапіць у гісторыю і паказаў 16 жоўтых і 1 чырвоную картку, што стала другім самым брутальным рашэньнем за ўсю гісторыю чэмпіянатаў Эўропы. Для ведама, самы жорсткі матч таксама адбыўся на Эўра-2024: паміж чэхамі і туркамі. Да 16 жоўтых каманды дадалі яшчэ 2 выдаленьня.

hiszpanija_2.webp

Немцы яшчэ гады чатыры будуць плакаць, пры ўзгадцы моманта на 104 хвіліне, калі мяч трапіў у штрафной плошчы ў руку гішпанца, а пэнальці не быў прызначаны.

Адзін з самых знакавых немцаў ХХІ стагодзьдзя Тоні Крос прайграў такім чынам сваю апошнюю гульню ў кар’еры. Яшчэ загадзя ён папярэдзіў, што гэты турнір стане яго разьвітальнай песьняй.

Таксама мы больш не ўбачым на Эўра, здаецца вечнага форварда зборнай Нямеччыны Томаса Мюлера, які за 4 турніры так і не здолеў забіць гол на эўрапейскіх чэмпіянатах. І гэта дзіўны вынік у параўнаньні з ажно 10 мячамі на чэмпіянатах сьвету. Аў фідэрзэйн! Новыя зоркі нямецкага футболу ўжо навідавоку.

Тоні Крос і Томас Мюлер

Тоні Крос і Томас Мюлер

Партугалія – Францыя

Напярэдадні гульні лідар зборнай (але пакуль не на гэтым турніры, дзе ён хутчэй робіць выгляд хуткага і значнага футбаліста) Кіліян Мбапэ зноў выказаўся на прэс-канферэнцыі адносна выбараў у Францыі.

«Сітуацыя сапраўды надзвычайная. Больш, чым калі-небудзь, нам трэба пайсьці і прагаласаваць. Мы ня можам пакінуць краіну ў руках гэтых людзей. Мы бачылі вынікі — гэта катастрофа», — сказаў капітан зборнай.

Марын Ле Пэн адказала на гэты выпад футбаліста. Яна абвінаваціла Кіліяна ў тым, што ён распавядае, як правільна жыць тым, на чыім месцы ня быў.

«Французы стаміліся атрымліваць павучэньні і рэкамендацыі па галасаваньні. Я думаю, што спадар Мбапэ — вельмі добры футбаліст. Але гэтая тэндэнцыя актораў, футбалістаў і сьпевакоў казаць французам, за каго ім галасаваць, асабліва казаць гэта тым, хто зарабляе 1400 эўра ў месяц, у той час як яны самі мільянеэры, якія жывуць за мяжой, пачынае ўспрымацца дрэнна. Гэта выбары эмансіпацыі, дзе французскі народ хоча ўзяць сваё жыцьцё ў свае рукі і галасаваць так, як яму хочацца».

Ле Пэн дадала, што Мбапэ пашанцавала жыць добра і быць абароненым ад беднасьці і беспрацоўя, не адчуваць патрэбу і пачуцьцё небясьпекі — і таму яму трэба быць больш стрыманым у выказваньні палітычнай пазіцыі.

«Яно мне трэба?» — магчыма аб гэтым думае Раналду перад вылетам ад Францыі

«Яно мне трэба?» — магчыма аб гэтым думае Раналду перад вылетам ад Францыі

У гульні з партугальцамі мы чакалі эпічнага супрацьстаяньня між палітычным аналітыкам Кіліянам і Раналду. Атрымалася так, як атрымалася. Гледачы ўбачылі шмат барацьбы і нуль галоў. Крышціяну паехаў адпачываць перад новым сэзонам у Саўдаўскай Арабіі без галоў на гэтым Эўра. Францыя ў серыі пэнальці была мацней.

Турэччына – Нідэрлянды

Напярэдадні гульні стала вядома, што герой 1/8 фінала абаронца зборнай Турцыі Дэмірал, які забіў вырашальныя два галы аўстрыйцам, быў дыскваліфікаваны за жэст рукамі.

Міністар нутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр заявіла: «Сымбалям турэцкіх правых экстрэмістаў няма месца на нашых стадыёнах. Выкарыстоўваць Эўра як плятформу для расізму — непрымальна». Амбасадара Нямеччыны ў Анкары выклікалі ў МЗС Турцыі, а ў МЗС Нямеччыны выклікалі амбасадара Турцыі ў Бэрліне.

Справа вось у чым. Футбаліст адсьвяткаваў выхад Турцыі ў чвэрцьфінал «воўчым салютам» — жэстам, які забаронены ў Аўстрыі і Францыі.

Так паказваць свае эмоцыі нельга, калі ты не ў Стамбуле з Эрдаганам пад руку

Так паказваць свае эмоцыі нельга, калі ты не ў Стамбуле з Эрдаганам пад руку

Пасьля гульні турак яшчэ і выклаў той жа здымак і падпісаў: «Як шчасьлівы той, хто можа назваць сябе туркам». Гэта знакамітая фраза Атацюрка, прамоўленая ў 1933 годзе.

«Воўчы салют» у першую чаргу асацыюецца з арганізацыяй "Шэрыя ваўкі". Яна актыўна ўдзельнічала ў палітычным гвалце Турцыі. З 1976 па 1980 гады ў вулічных сутыкненьнях і тэрактах загінулі больш за пяць тысячаў чалавек. Гэтыя ваўкі ў прыватнасьці адмаўляюць у любога кшталту палітычных правах курдам у іх імкненьнях да стварэньня сваёй дзяржавы.

Нямецкі міністар Джэм Аздэмір сказаў на гэта: «Яны нават не хаваюцца. Яго пасланьне — экстрэмісцкае, ён выступае за тэрор і фашызм. Талерантнасьць неабходна захоўваць у тым ліку і за межамі стадыёна. Час абараняцца ад турэцкага фашызму».

Дэмірал не спыняецца: «Спадзяюся, у мяне будзе яшчэ больш магчымасьцяў паказваць гэты жэст».

Глядзіце таксама

Ну вось яўна не на эўрапейскіх палях, хутчэй недзе ў стамбульскіх падваротнях.

У гульні ж туркаў з Нідэрляндамі мы ўбачылі першы раз з чатырох чвэрцьфіналаў перамогу ў асноўны час. Нідэрлянды па справе перамаглі з лікам 2-1.

Англія – Швайцарыя

Англія Гарэта Саўтгэйта ўжо ў паў-фінале. Мары швайцарцаў пра лепшы вытуп у сваёй гісторыі напароліся на Сака і выкшталцонае выкананьне ў сэрыі пэнальці. Ціхі футбол ангельцаў дазваляе даваць вынік нават тады, калі нехта выпадкова забівае ім мяч.

Сапраўды, каб перамагчы такую Англію, трэба быць на галаву вышэй. Хто з чатырох камандаў здольны? Хутка ўбачым.

Глядзіце таксама

Усе пары 1/2 фінала

Гішпанія – Францыя

Англія – Нідэрлянды

Хто прайграе – той едзе дадому. Напрыканцы застанецца толькі адзін. Вы за каго?