Грузія ў 1/8, амаль дамоўныя нічыі, Модрыч на пэнсіі: як прайшоў ІІІ тур Чэмпіяната Эўропы

Іх засталося 16. Скончыўся насычаны і вельмі цікавы групавы этап футбольнага сьвята. Нехта ўжо выцірае сьлёзы дома, але самыя моцныя прайшлі ў раўнд, дзе будзе жорстка і сьпякотна. Нас чакаюць гульні на вылет. Прыгадаем галоўнае з апошняга тура.

Фанаты зборнай Грузіі

Фанаты зборнай Грузіі

Галоўная сэнсацыя адбылася напрыканцы групавога этапу – Грузія перамагла ў апошняй гульні Партугалію і трапіла ў 1/8 фінала ў першым жа чэмпіянаце Эўропы, на якім яна ўдзельнічала. Вядома, партугальцам гульня была не асабліва істотнай, бо як бы яна не скончылася, пірынэйцы датэрмінова сталі першымі ў групе. Сярод запасных засталіся лідары: Бруну Фэрнандэш і Бэрнарду Сілва, але ў стартавым складзе выйшаў (а як інакш) Раналду, які ўсё шукаў свой першы гол на турніры.

Крышціяну не забіў і быў нават заменены, а грузіны, падаецца, здабылі дзясяткі тысячаў прыхільнікаў сваёй каманды па-за межамі Сакартвэла. Яркі, рашучы, прыгожы, разумны, адважны футбол паказала зборная Грузіі. Ваўкоў баяцца – прайграваць партугальцам да пачатку гульні. Грузіны не такія.

Больш за тое, па выніках групавога этапу лепшым бамбардырам турніру зьяўляецца… Не, не Кіліян Мбапэ ці Лукаку альбо Хары Кэйн з Левандоўскі, больш за ўсіх накалаціў грузін Жорж Мікаўтадзэ – тры трапных удары.

Каманда Хвічы Кварацхвэліі ляціць далей!

Украіна амаль трапіла ў плэй-оф

Але амаль вядома ня лічыцца. Для нашых суседзяў турнір скончыўся даволі крыўдна. Усе чатыры каманды іх групы набралі па 4 пункты, і ў выніку месцы былі растаўленыя паводле дадатковых парамэтраў. Першая буйная параза ўкраінцаў зь лікам 0-3 па-сутнасьці перакрэсьліла наступныя намаганьні. Але шанец быў, якім яны ўсё ж не скарысталіся.

Іх супернікам была зборная Бэльгіі, якая паводзіла сябе досыць дзіўна ў гульні, але пра гэта – далей.

Амаль дамоўныя нічыі

Кэвін дэ Бруйнэ атрымаў сьвіст ад уласных заўзятараў

Кэвін дэ Бруйнэ атрымаў сьвіст ад уласных заўзятараў

Разам з украінцамі і бэльгійцамі паміж сабою ў групе біліся два монстры – зборныя Славакіі і Румыніі. Яшчэ напярэдадні гульні было матэматычна зразумела, што ў выніку нічыёй, абедзьве гэтыя каманды трапяць у плэй-оф. І як вы думаеце, што здарылася? Яны забілі па галу і потым забілі на футбол. Літаральна. З 75-й хвіліны румыны і славакі не нанеслі ніводнага (!) ўдару ў бок адзін аднаго.

Ну а некалі грозныя (па старой памяці іх лічаць і сёньня сярод фаварытаў турніру) бэльгійцы з Кэвінам дэ Бруйнэ і спадаром нуль-галоў-Лукаку на чале ўсімі спосабамі цягнулі час. Калі ўкраінцам была неабходная перамога, фландра-валонцам было патрэбна не даць пагуляць іншым. Заслужаны сьвіст ад уласных заўзятараў на стадыёне стаў сарамлівым доказам: такі футбол нам ня трэба.

У выніку – усе тры каманды, апроч Украіны – у 1/8 фінала.

Нядаўнія фіналісты Чэмпіянату Сьвету не выйшлі з групы

Лука Модрыч. Апошнія імгненьні на Эўра

Лука Модрыч. Апошнія імгненьні на Эўра

Гаворка пра каманду Лукі Модрыча – Харватыю. Можна доўга ўзгадваць працяглую і вельмі пасьпяховую кар’еру харвата, але факт застаецца фактам: Модрыч правёў апошнюю гульню ў межах чэмпіяната Эўропы, а зборная Харватыі ўжо на шляху да летняга адпачынку.

Для прыхільнікаў гэтай каманды нагадаем – харваты ўмеюць вяртацца. Так было пасьля фантастычнага трапленьня ў паўфінал чэмпіянату сьвету 1998 года, так будзе і потым, праз гадоў 10. Футбалістаў узроўню Модрыча ў гэтай каманды пакуль ня бачна і блізка.

Верагодна і Робэрт Левандоўскі бясслаўна скончыў свае выступы на Эўра. Нягледзячы на гол з пэнальці ў брамы зборнай Францыі, Польшча паказала адзін з самых слабых вынікаў і па справе вылецела самай першай.

Глядзіце таксама

На Англію немагчыма глядзець

Але зборная Гарэта Саўтгэйта ідзе ў плэй-оф пасьля чарговай незразумелай гульні зь лікам 0-0 супраць Славеніі. Больш за тое, у букмэкераў менавіта зборная Англіі пасьля групавога этапу зьяўляецца галоўным фаварытам усяго турніру!

Магчыма на гэта паўплывала ў тым ліку і адносна лёгкая патэнцыйная сетка гульняў на вылет, якая чакае Англію. У 1/8 – Славакія, далей – Італія, і калі ўсё складзецца як мусіць (гэта значыць без сэнсацыяў), у паўфінале будуць чакаць Нідэрлянды, а там ужо і фінал.

Англія паказвае вынік. Дарэчы, як вам якасьць гульні зборнай Швэцыі ў 1958 годзе? А яны тады былі фінале чэмпіянату Сьвету і саступілі толькі бразыльцам.

Італія выпакутавала выхад у плэй-оф

Зборная Італіі нарэшце забіла

Зборная Італіі нарэшце забіла

Дзейныя чэмпіёны Эўропы да 98 хвіліны сваёй трэцяй гульні былі на крок ад вылету. У гульні з харватамі толькі на 8-м дадатковай хвіліне вельмі прыгожым ударам Дзаканьі вывеў Італію ў 1/8 фінала. Калі б не выратавальная нічыя, італьянцы фінішавалі б трэцімі ў групе і па дадатковых паказчыках не апынуліся б у плэй-оф.

Цікавыя моманты

Больш за ўсіх на групавым этапе забіла зборная Нямеччыны – 8 галоў. Адразу за імі – адкрыцьцё турніру каманда Аўстрыі з 6 мячамі, і гэта ў групе з Францыяй, Нідэрляндамі і Польшчай.

Меньш за ўсіх забіла сумная і бясконца нецікавая на гэтым турніры зборная Сэрбіі – усяго адзін мяч.

Гішпанія адзіная здолела перамагчы ў кожнай з трох гульняў і ўвогуле паказала самы якасны футбол (не забываем, што гэта ўсяго толькі групавы раўнд).

Нямеччына трапіла на больш чым сярэдні супраціў – і развалілася. Параза ад Швайцарыі 2-3 прымушае задумацца аб глябальных пэрспектывах нямецкай каманды.

Францыя павінна завесьці свой рухавік у 1/8 фінала, інакш гэта будзе анэкдатычны прыезд на турнір.

Кіліян Мбапэ і яго маска

Кіліян Мбапэ і яго маска

Усе пары 1/8 фінала

Гішпанія – Грузія

Нямеччына – Данія

Партугалія – Славенія

Францыя – Бэльгія

Румынія – Нідэрлянды

Аўстрыя – Турэччына

Англія – Славакія

Швайцарыя – Італія

Радасныя грузіны

Радасныя грузіны

Хто прайграе – той едзе дадому. Напрыканцы застанецца толькі адзін. Вы за каго?