Беларускі футбол пад бел-чырвона-белым сьцягам
Нашая каманда ніколі ня ўдзельнічала ў Чэмпіянатах сьвету ці Эўропы. Выступы зборнай Беларусі заўжды сканчваюцца на этапе адборачных турніраў. Але ў гісторыі нашага футболу ёсьць сьпіс гульняў, калі спартоўцы гралі пад самым прыгожым сьцягам на Зямлі. А ў дзень найвялікшага футбольнага трыюмфу Лукашэнка падпісаў вынікі ганебнага рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі.
Оле-оле-оле-оле!
Беларусь жыве!
Першая гульня
Ішоў 1992 год, Беларусь толькі-толькі як атрымала незалежнасьць. Была сфармаваная нацыянальная каманда пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Міхаіла Вяргеенкі. У зборную трапілі перадусім футбалісты менскага Дынама. Апроч іх былі таксама нашыя першыя легіянэры ў заходняй Эўропе.
28 кастрычніка 1992 года на стадыёне Дынама адбылася першая ў гісторыі гульня зборнай Беларусі. Гэта быў таварыскі матч са зборнай Украіны. 10 тысячаў заўзятараў маладой дзяржавы прыйшлі паназіраць за дэбютам. З сёньняшняга дня іранічным выглядае, што судзьдзём гульні паміж беларусамі і ўкраінцамі быў прызначаны расеец Аляксей Сьпірын.
Гэтыя імёны назаўжды запісаныя ў гісторыю ня толькі спорту нашай краіны, але і ў агульную гісторыю:
Валерый Шанталосаў, Радзіслаў Арлоўскі, Генадзь Лясун, Эдуард Дзяменкавец, якога замяніў Валянцін Бялькевіч, капітан каманды Андрэй Зыгмантовіч, Аляксандар Тайкоў, Юры Антановіч, якога замяніў Сяргей Гоцманаў, Сяргей Алейнікаў, Сяргей Герасімец, якога напрыканцы сустрэчы замяніў Віктар Кукар, Аляксандар Мятліцкі і Валер Вялічка.
Першы гол у гісторыі зборнай Беларусі на 49 хвіліне забіш чатырохразовы лепшы футбаліст Беларусі – Сяргей Гоцманаў. На 78-й хвіліне Юры Максымаў зраўняў лік.
Эквадор – Беларусь 1-1
Наступныя дзьве гульні (і адзіныя ў 1993 годзе) нашая зборная правяла за акіянам! Першым супернікам у таварыскай гульні стала каманда Эквадору. Матч 27 студзеня ў тым ліку стаў першым на выезьдзе ў гісторыі зборнай Беларусі. На гол Анхеля Фэрнандэса трапным стрэлам адказаў Сяргей Герасімец на 69-й хвіліне.
Гуякіль, самы населены горад паўднёваамэрыканскай краіны даведаўся пра існаваньне незалежнай эўрапейскай дзяржавы.
Пэру – Беларусь 1-1
Праз тры дні, 30 студзеня 1993 года, калі ў роднай краіне ляжыць сьнег і высоўвацца на стадыён лепш ня трэба, на полі ў сталіцы Пэру – Ліме, адбылася наступнай гульня зборнай. Гэтым разам ужо на 3-й хвіліне брамніка пэруанцаў засмуціў Радаслаў Арлоўскі. Але ўжо праз некалькі хвіінаў Рональд Бароні зраўняў становішча.
Украіна – Беларусь 3-1
Наступная гульня адбылася роўна праз год. Гэта было зьвязана ў тым ліку з тым, што пачыналіся адборачныя гульні да чэмпіянату сьвету 1994 года ў ЗША. Удзельнікі групаў былі вядомыя раней, чым Беларусь ці Ўкраіна маглі туды трапіць. Таму прыходзілася чакаць свайго часу. 30 студзеня 1994 года ў Кіеве адбыўся чарговы матч зборнай нашай краіны супраць паўднёвых суседзяў.
На вачах сваіх заўзятараў украінцы выглядалі больш упэўнена, чым у 1992 годзе. Нягледзячы на першы гол у гульні нашай зоркі Валянціна Бялькевіча, наступныя тры мячы заляцелі ў брамы Беларусі. У хуткім часе і сам Бялькевіч зьвяжа свой футбольны лёс з кіеўскім Дынама. Там жа, ва Ўкраіне і спынілася заўчасна сэрца аднаго з найлепшых беларускіх футбалістаў у гісторыі ў 41-гадовым узросьце ў 2014 годзе.
Польшча – Беларусь 1-1
17 жніўня 1994 года ў польскім горадзе Радам адбылася таварыская гульня паміж мясцовай зборнай і нашай камандай. Палякі адкрылі лік на 37 хвіліне дзякуючы стрэлу Яцэка Бонка, і ўсяго праз хвіліну сваё імя на табло запісаў Юры Вяргейчык. Гэтая гульня стала дэбютнай у якасьці галоўнага трэнера зборнай Беларусі Сяргея Бароўскага.
Нарвэгія – Беларусь 1-0
Гэтая гульня стала першай афіцыйнай гульнёй нашай зборнай. Нагадаем, усе папярэднія былі таварыскімі. Тут жа – распачаўся адборачны турнір да смага сапраўднага Чэмпіянату Эўропы 1996 года, які мусіў адбыцца ў Англіі.
Зборная Беларусі трапіла ў групу 5 разам з камандамі Чэхіі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Люксэмбургу і Мальты. Нашая краіна як дарослая ўдзельнічала ў разьмеркаваньня пуцёвак на вялікі турнір.
І вось 7 верасьня 1994 года на стадыёне Ўлевал у Осла адбылася гістарычная гульня: Нарвэгія – Беларусь. Каманда Сяргея Бароўскага выйшла ў наступным складзе:
Брамнік Валерый Шанталосаў, абаронцы Сяргей Гурэнка, Андрэй Сасьніцкі, Аляксандар Хацкевіч, Эрык Яхімовіч, капітан Сяргей Зыгмантовіч, Юры Антановіч, Міхаіл Мархель, Сяргей Герасімец, Аляксандар Мятліцкі, Пятро Качура. Апошняга пасьля перапынку замяніў Сяргей Куланін.
Назіраць сабралося 16739 аматараў гульні. Толькі напрыканцы матчу быў забіты адзіны гол – нарвэжэц Гэйр Фрыгард засмуціў Валерыя Шанталосава на 87 хвіліне.
Беларусь – Люксэмбург 2-0
Праз месяц, 12 кастрычніка 1994 года на менскім стадыёне Дынама зборная Беларусі здабыла нарэшце сваю першую перамогу на футбольным полі. 6 з паловай тысячаў чалавек сталі сьведкамі той падзеі.
Галы забілі Міраслаў Рамашчанка на 67-й і Сяргей Герасімец на 76-й. трэба адзначыць што беларусы гулялі ў меншасьці з 68 хвіліны пасьля выдаленьня абаронцы Сяргея Гурэнкі.
Калі для нашай краіны перыяд без перамогай нацыянальнай зборнай расьцягнуўся ад пачатку і да ўласнай сёмай гульні, дык для Люксэмбургу гэты матч стаў 78-м (!) запар, у якім яны ня здолелі перамагчы.
Беларусь – Нарвэгія 0-4
Праз чатыры дні адбылася чарговая гульня зборных, дзе плянавалася, відавочна, разьвіць посьпех. Аднак на менскі стадыён прыйшлі чамусьці меньш людзей чым на папярэднюю гульню – 5711. Вынік быў балючым – чатыры безадказных мячы ў нашых брамах. Самая буйная параза на той момант у гісторыі нашай даволі маладой яшчэ каманды.
Чэхія – Беларусь 4-2
Вясною 1995-га вялікі футбол вярнуўся. Беларусы паехалі ў чэшскую Астраву, дзе на мясцовым стадыёне 29 сакавіка ў прысутнасьці 5500 гледачоў зноў атрымалі паразу.
Зрэшты, Чэхія праз год на чэмпіянаце Эўропы дайшла да фіналу, дзе саступіла толькі чэмпіёнам – зборнай Нямеччыны. Таму супернік быў той яшчэ. На галы Кадлеца, Бэргера (двойчы) і Кука нашыя адказалі трапнымі стрэламі на 45 хвіліне – з пэнальці адзначыўся Сяргей Герасімец, і на 88-й Ігар Гурыновіч.
Беларусь – Мальта 1-1
У дзень памяці катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1995 года беларусы сустрэліся з футбалістамі невялікай выспы ў Міжземным моры – зборнай Мальты. 6915 чалавек на стадыёне Дынама на свае вочы ўбачылі не самую захапляльную гульню, якая скончылася баявой нічыёй.
За Беларусь свой адзіны гол у гульнях за зборную забіў абаронца Аляксандар Тайкоў на 57-й хвіліне.
Апошняя гульня
7 чэрвеня 1995 года Лукашэнка падпісаў вынікі ганебнага рэфэрэндуму, дзе сярод іншых пытаньняў разглядалася пытаньне дзяржаўнае сымболікі. Замест нацыянальных бел-чырвона-белага сьцягу і гэрбу Пагоня, прарасейскі аматар паўзьці на каленях у Маску паставіў у якасьці дзяржаўных нэакамуністычныя чырвона-зялёны сьцяг і гэрб.
У той жа дзень на менскім стадыёне Дынама адбылася гульня нашай зборнай з Нідэрляндамі. На гульні прысутнічалі фантастычныя 37 тысячаў чалавек, якія пранеслі з сабою бел-чырвона-белыя сьцягі. Як пісаў тады, у 1995 годзе галоўны рэдактар спартовай газэты Прэсбол Уладзімер Беражкоў:
«Учорашні нацыянальны сымбаль, пад якім стырнікі суверэннай беларускай дзяржавы ішлі да ўлады і цяпер яе пажынаюць, заўзятары праносілі на стадыён як кантрабанду. Вартавыя парадку «правільна» прынялі інструкцыі апошняга рэфэрэндуму і рашуча экспрапрыявалі на футбольным КПП бел-чырвона-белыя сьцягі».
На 27-й хвіліне гульні Сяргей Герасімец забіў галоўны мяч усёй сваёй кар’еры ў брамы вялікага Эдвіна Ван Дэр Сара. Той гол так і застаўся адзіным.
Прывядзем склады камандаў. За нашую зборную выйшлі запісваць сваё імёны ў гісторыю: Валерый Шанталосаў, Сяргей Гурэнка, Андрэй Доўнар, Павел Раднёнак, Аляксандар Тайкоў, капітан каманды Андрэй Зыгмантовіч, Сяргей Герасімец, Уладзімер Журавель, Міраслаў Рамашчанка, Андрэй Юсіпец, Пятро Качура. На замену выходзілі: Яўген Кашэнцаў і Юры Антановіч.
За Нідэрлянды выступалі (вы толькі адчуйце легендарнасьць імёнаў):
Эдвін Ван Дэр Сар, Ёхан Дэ Кок, Дэні Блінд, Арон Вінтэр, Вім Ёнк, Стан Валькс, Артур Нуман, Ван’т Схіп, Кларэнс Зээдорф, Эдгар Давідс, Патрык Клюйвэрт, Рональд дэ Бур, Марк Овэрмарс. Трэнераваў каманду вялікі Гуус Хідзінк.
Большая частка футбалістаў Нідэрляндаў выступалі на радзіме за клюб Аякс, які ўсяго за два тыдні няпярэдадні перамог у фінале Лігі Чэмпіёнаў. Уяўляеце які супернік быў у зборнай Беларусі?
Адразу пасьля гульні адзін са спонсараў перадаў Сяргею Герасімцу ўзнагароду за гол — 1 000 даляраў гатоўкай. Яго мяч быў прызнаны найлепшым з усіх, забітых у той дзень у межах адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы.
З часоў той легендарнай гульні да сёньняшняга дня не дажылі на жаль два футбалісты зборнай Беларусі – герой сустрэчы Сяргей Герасімец, які памёр у 2021 годзе і Ўладзімер Журавель, які нечакана сканаў у 2018 годзе.
Наступныя перамогі беларускага футболу пад бел-чырвона-белым сьцягам прыйдуць абавязкова неўзабаве.
Оле-оле-оле-оле!
Беларусь жыве!