Колькі каштуе паглядзець еўрапейскі футбол?
Еўра-2024 — нятаннае задавальненне. Беларускія айцішнікі расказваюць, колькі каштуюць квіткі, дарога і пражыванне.
«Квіток на гульню падарылі сябры»
Вядомы беларускі айцішнік Міша Ларчанка прыехаў у Германію з Нідэрландаў і ўжо пабываў у фан-зонах у Мюнхене і Франкфурце. 22 чэрвеня ўжывую паглядзеў гульню Партугалія — Турцыя на стадыёне ў Дортмундзе.
— У Германію я прыехаў з сябрамі. Спачатку былі ў Мюнхене, бо ў сяброў былі квіткі на матч у гэтым горадзе. Затым проста рухаліся ў бок Нідэрландаў, бо паміж гульнямі планавалі быць у Амстэрдаме, а ехаць адразу так далёка на машыне (яе мы арандавалі) не хацелася.
Гатэлі мне абышліся ў 365 Еўра: дзве ночы ў Мюнхене, адна ў Франкфурце і адна — у Дортмундзе, — расказвае ён devby.io. — Арэнда машыны — 125 еўра з кожнага. Пералёт у Мюнхен з Амстэрдама быў у раёне 150 еўра. Цягнік з Франкфурта ў Амстэрдам — 110 еўра.
Квіток на гульню Партугалія — Турцыя падарылі сябры. Пагляджу на апошні чэмпіянат Еўропы Крышціяну Раналду. Але квіткі ёсць на многія матчы. Іх перапрадаюць у афіцыйным дадатку чэмпіянату UEFA2024 tickets.
Колькасць квіткоў, вядома, залежыць ад «якасці» каманд. Напрыклад, на матч Румынія — Украіна было шмат любых квіткоў. А вось на Турцыю часцей за ўсё цяжка купіць, бо туркаў шмат у Германіі. На матч Іспанія — Італія таксама невялікі выбар.
Мюнхен падаўся пустым у параўнанні з Франкфуртам. Там былі ў асноўным заўзятары з Румыніі і Шатландыі. Ну і ўкраінцы, аднак іх было значна менш, чым румынаў.
У Мюнхене фан-зона — на ўскрайку горада, і адносна пустая. У Франкфурце — на беразе ракі ў самым цэнтры, і там была бясконцая колькасць людзей. У той дзень гуляла Турцыя.
У цэлым у немцаў усё добра арганізавана. Але атмасферу псуюць германскія законы, якія не дазваляюць, напрыклад, крамам і ўстановам працаваць у нядзелю. Таму натоўпы людзей перамяшчаюцца па тых «трох» установах, якія працуюць.
Акрамя таго, адчуваўся дыскамфорт з-за вялікай колькасці п'яных і агрэсіўных заўзятараў. Плюс папярэджанні германскай выведкі наконт магчымых тэрактаў не дадавалі спакою.
«Квіток на гульню абышоўся ў 150 еўра»
Сяргей працуе ў Літве. Ужо паспеў паглядзець у Берліне матч адкрыцця Германія — Шатландыя (у фан-зоне) і гульню Іспанія — Харватыя (на стадыёне).
— Пералёт туды/назад з Літвы ў Берлін каштаваў прыкладна 70 еўра, нумар у звычайным гатэлі побач з метро — блізу 200 еўра за ноч. Піва на стадыёне і фанзоне каштавала 7 еўра, у звычайных барах 4-5 еўра (як у Вільні). Квіток на гульню абышоўся ў 150 еўра.
Я падаваў заяўкі на афіцыйным сайце на ўсе матчы ў Мюнхене, Гамбургу, Берліне, Франкфурце і Дортмундзе. На той момант яшчэ не было вынікаў лёсавання, і матчы выбіралі зыходзячы з транспартнай даступнасці. На першым этапе пасля латарэі квіткі не выпалі. На другім этапе прапанавалі некалькі матчаў, і самым зручным па часе і месцы аказаўся Іспанія — Харватыя.
Да гэтага я быў з сям'ёй на Еўра-2012 у Кіеве, на паўфінале чэмпіянату свету 2018 года ў Маскве і на Еўра-2020 у Санкт-Пецярбургу. У Германіі здзівіла атмасфера на стадыёне. Ва Украіне і ў Расіі на трыбунах было шмат нейтральных заўзятараў, а не заўзятараў каманд, якія гуляюць, амаль не было арганізаваны падтрымкі. А ў Берліне на нашым матчы амаль увесь алімпійскі стадыён занялі харваты, было пару сектараў з іспанцамі.
Як на мяне, Берлін пастараўся максімальна вырашыць праблемы са сваёй транспартнай сістэмай. Метро і цягнікі хадзілі амаль своечасова, нават пасля матчу не было праблем з цягнікамі назад у горад (стадыён размешчаны на ўскрайку).
Сутычак заўзятараў не бачыў, харваты і іспанцы спакойна размаўлялі адно з адным. З астатніх заўзятараў у горадзе выдзяляліся шатландцы і англічане. Многія шатландцы былі ў кілтах пад гульнявыя джэрсі зборнай або ў нацыянальных касцюмах. Англічане як быццам у сярэднім былі нашмат маладзейшыя за мінулыя турніры (быў на іх матчах двойчы да гэтага), спявалі песні без стэрэатыпнага злоўжывання алкаголем.
«Цэны праз чэмпіянат Еўропы моцна не змяніліся»
Ігар жыве ў прыгарадзе Гамбурга. Заўзее за Германію, Італію і Харватыю. Кажа, што нягледзячы на аддаленасць ад горада, «атмасфера Еўра-2024 адчуваецца на 100%». Але сам ён імкнецца па магчымасці пазбягаць наведвання горада ў мэтах бяспекі. Таму футбол глядзіць па тэлевізары.
— Я спрабаваў купіць квіткі на футбол, але яны разыгрывалася з дапамогай латарэі, таму не атрымалася. Ёсць, вядома, сайт а-ля беларускі «Kufar» — www.kleinanzeigen.de. Тут можна было знайсці шырокі асартымент квіткоў на любую гульню і ў любым горадзе, але кошты былі ў 1,5-2 разы вышэй за арыгінал.
Праўда, апошні раз, калі я заходзіў на сайт, там было абсалютна пуста. Верагодна, гэта можа быць звязана з барацьбой з перакупнікамі. Таму што пасля заканчэння розыгрышу квіткоў на гэтым сайце сапраўды было шмат прапаноў.
Што змянілася ў сувязі з чэмпіянатам? У Гамбургу зладзілі фан-зону на месцы, дзе чатыры разы на год праводзяць самы забойны кірмаш. Фан-зона знаходзіцца проста каля другога самага галоўнага стадыёна горада — Millerntor-Stadion, але досыць далёка ад арэны чэмпіянату Volksparkstadion.
На вуліцах, у крамах і на аўтамабілях нарэшце з'явіліся нацыянальныя сцягі. На мой погляд, у Германіі ёсць некаторая сарамлівасць у плане дэманстрацыі нацыянальнай сімволікі. Напрыклад, у 2022 годзе сцягоў Украіны над Гамбургам было больш, чым сцягоў Германіі.
Цэны, наколькі я магу меркаваць, моцна не змяніліся. Але піва падаражэла. На матчах Бундэслігі (нацыянальны чэмпіянат Германіі) піва звычайна каштуе ў раёне 5 еўра. Цяпер — 7 еўра і заклад 3 еўра за шклянку.
Нейкіх новых лічбавых сэрвісаў у сувязі з чэмпіянатам не заўважаў. «Lidl» (мясцовы аналаг «Еўраопта» і спонсар чэмпіянату Еўропы) разыгрывае 100 квіткоў на фінал праз мабільны дадатак з купонамі. Удзельнічаць можна пры пакупках ад 10 еўра.
Але наогул у плане «лічбавізацыі» немцы самі з сябе жартуюць. Маўляў, «усё дрэнна і да нядаўняга часу ўсё было праз факс».