Балканскія войны, тухлая Англія і датэрміновыя пераможцы групаў. Як прайшоў ІІ тур Чэмпіяната Эўропы
Дзьве траціны гульняў на групавым этапе футбольнага сьвята скончаныя. Малюнак гульні прасочваецца ў тых, ад каго чакалі, іншыя ж – прымушаюць гледачоў загадзя заснуць. Сэрбія пагражае зьняцца з турніра – што здарылася? Галоўнае з чэмпіянату.
Гішпанію могуць аштрафаваць за выступ маладой зоркі
Ламін Ямаль, які прадстаўляе пірынэйскую каманду, стаў фігурантам незвычайнага рассьледваньня. Нямецкае заканадаўства рэглямэнтуе занятасьць людзей маладзей за 18 гадоў такім чынам, што пасьля 20 гадзіны працаваць ім забаронена. Спартоўцы аднсяцца да выключэньняў — ім дазволена працаваць да 23 гадзінаў, аднак маюцца на ўвазе не толькі гульня ў футбол, але таксама і ўсе наступныя працэдуры, уключна з інтэрвію, прыняцьцем душа ў распранальні і аднаўленчымі мерапрыемствамі.
Правілы датычацца не толькі грамадзянаў Нямеччыны, але і іншаземцаў, якія прыбылі ў краіну.
Такім чынам, калі матч пачынаецца а 21 паводле мясцовага часу, як у выпадку з гульнёй супраць Італіі на Эўра-2024, пазьбегнуць парушэньня амаль немагчыма.
Эксперт па прававых пытаньнях Штэфан Граф, які працуе ў Канстанцкім унівэрсітэце, зазначыў, што спартовых наступстваў для зборнай Гішпаніі ня будзе, гэта значыць дыскваліфікаваць Ямаля ня змогуць.
Пры гэтым прадугледжаны штраф на суму аж да 30 тысячаў эўра.
Пасьля крычалак «Забі сэрба!» зборная Сэрбіі можа зьняцца?
Федэрацыя футбола Сэрбіі запатрабавала ад УЕФА санкцый у дачыненьні да Харватыі і Албаніі за скандаваньне заўзятарамі «Забі сэрба» пасьля гульні паміж імі (2-2). У выпадку адсутнасьці рэакцыі футбольнага кіраўніцтва Сэрбія не выключае адмовы ад далейшага ўдзелу ў чэмпіянаце Эўропы.
«Тое, што адбылося, — гэта скандал. Футбольны саюз Сэрбіі запатрабуе ад УЕФА прыняць самыя жорсткія санкцыі, у адваротным выпадку мы не працягнем удзел у чэмпіянаце Эўропы.
Гэта сапраўдны скандал, і мы не хочам, каб гэта калі-небудзь паўтарылася», — сказаў генэральны сакратар Футбольнага саюза Сэрбіі Ёван Шурбатавіч.
У выніку УЕФА аштрафаваў харватаў на 28 тысячаў эўра за паводзіны заўзятараў нацыянальнай каманды гэтай краіны на матчы супраць Албаніі.
17500 эўра неабходна заплаціць за запаленыя фаеры, 10500 — за кінутыя прадметы. Пры гэтым нічога не сказана аб скандаваньні фразы «Забі сэрба», праз якую зборная Сэрбіі пагражала зьняцца з турніру.
Харвацкі футбольны саюз падзякаваў фанатам за «выдатную падтрымку» і заклікаў не выкарыстоўваць фаеры.
УЕФА не прыняла, па словах Ёвана Шурбатавіча, самых жорсткіх санкцыяў. Што зробяць сэрбы, ці здымуцца? Ці проста словы на вецер?
Апроч гэтага інцыдэнту адбыўся яшчэ адзін непрыемны момант з балканскімі зборнымі на турніры.
Паўночная Македонія (якая праўда не ўдзельнічае ў чэмпіянаце) абвінаваціла форварда зборнай Албаніі Мірлінда Даку ў абразьлівых выказваньнях. Даку разам з заўзятарамі скандаваў у мегафон абразьлівыя крычалкі ў адрас македонцаў і сэрбаў пасьля матчу з Харватыяй (2-2).
Футбольная федэрацыя Паўночнай Македоніі выступіла з заявай наконт інцыдэнту, і заклікала Даку публічна папрасіць прабачэньне за свае паводзіны. Македонія таксама запатрабуе ад ФІФА і УЕФА рассьледаваць тое, што здарылася.
Прынц Уэльскі падбадзёрыў самых сумных фаварытаў турніру
Старэйшы сын караля Вялікай Брытаніі Карла III зайшоў у распранальню каманды пасьля матча з Даніяй на Эўра-2024 (1-1).
Гульня каманды на турніры была жорстка раскрытыкаваная ў краіне. Прынц Уільям параіў гульцам не надта востра рэагаваць на сітуацыю.
«Ён паспрабаваў падбадзёрыць нас. Сказаў, што гэта не канец сьвету» – сказаў паўабаронца Адам Уортан.
Гэта вядома не канец сьвету, але глядзець на падобны стыль гульні ад зборнай, якая валодае ці не найлепшым падборам футбалістаў у сьвеце – задавальненьне слабое. Так і ўяўляецца, што галоўны трэнер Англіі Гарэт Саўтгэйт бье па руках сваіх футбалістаў за празьмерныя дзеяньні, скіраваныя на атаку. «Сядзім на сваёй палове поля і спрабуем запхнуць толькі адзін мяч суперніку».
Адзінае, што можна станоўчае на гэты конт сазаць – зборная Англіі дае вынік. А якімі сродкамі – гэта на яе сумленьні.
Друіды хвалююцца за Англію
Зрэшты, некаторыя духоўныя асобы таксама раззлаваныя вынікамі стваральнікаў гульні. Друід Артур Пэндрагон выклікаў старажытных духаў, каб зарадзіць зборную Англіі на гульню і вынік. Аднак, паводле яго словаў, усе парушылі экаактывісты з арганізацыі Just Stop Oil, якія абсыпалі Стоўнхэндж паранчавым парашком (экаактывісты, якія псуюць творы мастацтва ў музэях, ці помнікі – гэта асобны від вычварэньня вядома).
На думку друіда Пэндрагона, апаганьваньне 5000-гадовага помніка наўпрост прывяло да нічыёй з Даніяй і ўвогуле слабой гульні Англіі на чэмпіянаце.
«Пратэстоўцы парушылі мірную веліч сьвятога месца. Памаранчавы парашок не толькі апаганіў камяні, але і паўплываў на іх містычную сілу. Гэта ерась! Яны абцяжарылі перадачу нашых думак зборнай Англіі», — сказаў друід.
І як зь ім не пагадзіцца?
Расея працягвае скуголіць і скардзіцца
Амбасада краіны, што разьвязала крывавую бойню ва Ўкраіне раскрытыкавала забарону сьцягоў Расеі на Эўра-2024. Раней у прэс-службе УЕФА паведамілі, што сьцягі Раеіі забаронена праносіць на ўсе матчы зборнай Украіны. Трыкалоры таксама забаронены на фан-зонах ва ўсіх гарадах правядзеньня матчаў турніру.
«Практыка забароны расейскай сымболікі ўжо даўно стала неад'емнай часткай славутай “культуры адмены”, шырока распаўсюджанай у Эўропе. Спорт, як вядома, павінен знаходзіцца па-за палітыкай.
У сувязі з гэтым амбасада асуджае прынятае УЕФА рашэньне аб забароне дэманстрацыі расейскіх нацыянальных сьцягоў на матчах чэмпіянату Эўропы па футболе і заклікае да яго перагляду”.
Лепш бы нешаноўная амбасада зьвярнулася да свайго тырана з заклікам дазволіць у Маскве ўкраінскія гуляньні падчас матчаў зборнай Украіны, якая, ў адрозьненьні ад агрэсараў, удзельнічае ў Эўра.
Першы датэрміновы вылет з турніру
Зборная Польшчы першай страціла шансы на выхад у плэй-оф Эўра-2024.
Здарылася гэта пасьля таго, як Францыя згуляла ўнічыю з Нідэрляндамі (0-0) у 2-м туры групавога этапа. Палякі не змогуць узьняцца вышэй за чацьвертае, апошняе месца ў групе. У іх 0 пунктаў пасьля двух матчаў, у Францыі і Нідэрляндаў па 4 балы, у Аўстрыі — 3.
Французаў і нідэрляндцаў Польшча ўжо не дагоніць па пунктах, а аўстрыйцаў не зможа апярэдзіць нават пры роўнасьці гэтых самых пунктаў, бо пацярпела паразу ў матчы паміж імі (1-3).
Раналду яшчэ можа?
Форвард зборнай Партугаліі яшчэ не забіваў на гэтым чэмпіянаце. Аднак Крышціяну Раналду стаў лепшым асістэнтам у гісторыі ўсіх чэмпіянатаў Эўропы. Ён аддаў галявы пас на Бруну Фэрнандэша ў другім матчы групавога этапа з камандай Турэччыны.
Для Раналду, які праводзіць свой шосты чэмпіянат Эўропы, гэта сёмая выніковая перадача за 27 матчаў у фінальнай частцы Эўра. Ён стаў лепшым асістэнтам у гісторыі турніру, і абыйшоў чэха Карэла Паборскі (6 асістаў).
Таксама Раналду зьяўляецца лепшым бамбардырам у гісторыі Эўра з 14 галамі.
Першыя зборныя ў 1/8 фінала
Гаспадары турніру немцы самымі першымі забясьпечылі сабе першае месца ў сваёй групе і трапілі ў плэй-оф. Іх гульня ня можа ня радаваць іх заўзятараў. Наступнай камандай стала Гішпанія, якая ў першай супер-гульні на чэмпіянаце выйграла ў Італіі.
Зрэшты, гішпанцы не забілі самі, а скарысталіся з аўтагола італьянцаў. Але сама гульня паказала: Гішпанія на гэты момант – самая яскравая каманда на Эўра. Італьянцы, дзейныя чэмпіёны кантынэнту, нічога ня здолелі супрацьставіць. Але не забываем і на тое, што гэта толькі групавы этап, сапраўдная заруба пачнецца з плэй-оф.
Нарэшце трэцяй камандай, якая датэрмінова трапіла ў 1/8 фінала стала каманда Бруну Фэрнандэша і Крышціяну Раналду. Партугальцы яшчэ не сустракаліся з моцнымі супернікамі, але там дзе трэба, яны выканалі сваю працу. Дзьве гульні – дзьве перамогі.
Францыя без гаротнага Мбапэ згуляла ў дзіўную гульню, так і не здолела ў выніку забіць моцным Нідэрляндам.
Наперадзе самае цікавае! Найбольш заблытаная гісторыя ў групе Е, дзе ўсе чатыры каманды – Румынія, Бэльгія, Славаччына і Ўкраіна маюць па 3 пункты перад заключным гульнявым днём.