Форма СС, карупцыя і нелегальныя стаўкі футбалістаў: з чым мы падыходзім да Чэмпіяната Эўропы?

Чэмпіянат Эўропы па футболе захопіць людзей на месяц. Зь якімі праблемамі сутыкнуліся арганізатары і каманды напярэдадні старту? 14 чэрвеня пачатак, а фінал – праз месяц, 14 ліпеня. 

Трэніроўка нямецкай паліцыі напярэдадні пачатку турніра

Трэніроўка нямецкай паліцыі напярэдадні пачатку турніра

Рэкордная колькасьць удзельнікаў Чэмпіянату Эўропы – 24 крыху зьніжае градус элітарнага турніру, што адбываецца кожныя чатыры гады. У 1960-м усё пачыналася з 4 камандаў, у 1996—м быў аптымальны (на наш погляд) склад з 16 зборных, і вось зараз – кожная другая краіна роднага кантынэнту пазмагаецца за тытул чэмпіёна Эўропы.

Папярэдні турнір адбыўся не ў 2020 годзе, як мусіў, але ў 2021 – з прычыны пандэміі. Тады трыюмфатарамі сталі італьянцы, якія ў фінале ў сэрыі пэнальці перамаглі стваральнікаў гульні з Англіі.

Арганізацыя

Паліцыя Бэрліна сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі бясьпекі ў сувязі з чэмпіянатам Эўропы і канферэнцыяй па Ўкраіне, якая таксама адбудзецца ў чэрвені. Паліцыя павінна быць гатовая да ўсіх тыпаў здарэньняў — ад тэрактаў, праблемных і агрэсіўных фанатаў да дэманстрацый прахамасаўскіх прыхільнікаў або кліматычных актывістаў.

Камісар бэрлінскай паліцыі Барбара Славік сказала, што сітуацыя ніколі не была такой жахлівай, як цяпер, за шэсьць гадоў яе знаходжаньня на пасадзе.

Разам з тым у заўзятараў з усяго сьвету могуць быць вялікія праблемы з нямецкай паліцыяй праз нечаканую вайну з падробкамі.

Аматары футболу могуць сутыкнуцца зь вялікім штрафам, калі на Эўра—2024 будуць апранутыя ў падробленыя футболкі. Нямеччына забясьпечвае выкананьне законаў аб барацьбе з падробкамі праз Закон аб таварных знаках, што азначае, што распаўсюд, продаж і захоўваньне падробленых дызайнэрскіх тавараў забароненыя.

Трэніроўка нямецкай паліцыі напярэдадні пачатку турніра

Трэніроўка нямецкай паліцыі напярэдадні пачатку турніра

У выпадку выяўленьня падробленых тавараў заўзятары могуць атрымаць штраф у памеры да 4700 эўра.

Нямецкія ўлады могуць праводзіць выбарачныя праверкі на працягу ўсяго турніру.

Судзьдзі

Мы будзем сьведкамі новага правіла УЕФА адносна судзьдзяў. Новае правіла зьвязанае з тым, што толькі капітан каманды зможа падысьці да судзьдзі . Калі капітан зьяўляецца галкіперам каманды, будзе «выбраны» гулец, які будзе мець магчымасьць размаўляць з арбітрам. Футбалісты, якія набліжаюцца да судзьдзі і дэманструюць пэўныя прыкметы непавагі, атрымліваюць папярэджаньні.

Ідэя заключаецца ў тым, што судзьдзі павінны мець магчымасьць прымаць лепшыя рашэньні, і яны змогуць растлумачыць капітану, чаму яны прынялі канкрэтнае рашэньне.

Італія

Нікола Фаджолі

Нікола Фаджолі

Паўабаронца «Ювэнтуса» Нікола Фаджолі быў уключаны ў склад зборнай Італіі, нягледзячы на ​​тое, што ён толькі што вярнуўся пасьля сямімесячнай дыскваліфікацыі за парушэньне правілаў ставак. Фаджолі быў адхілены ад гульні ў кастрычніку 2023 года, а таксама павінны быў прайсьці курс лекаваньня ад гульнявой залежнасьці. Футбаліст правёў адзін матч за зборную Італіі ў лістападзе 2022 года, калі выйшаў на замену ў матчы супраць Албаніі. Цікава, што першую гульню на Чэмпіянаце Эўропы Італія правядзе акурат з Албаніяй.

Нямеччына

Як на вашую думку, ці падобныя лічбы на форме зборнай Нямеччыны да СС?

Як на вашую думку, ці падобныя лічбы на форме зборнай Нямеччыны да СС?

Паколькі ў гэтым годзе Нямеччына прымае фінальны турнір, краіна прагнула, каб усё было ідэальна. Але нечакана ў загалоўкі пралез прывід «нацызму».

Праблема ўзьнікла з адной канкрэтнай гульнявой майкай – з нумарам 4. І ўсё праз рашэньне тэхнічнага спонсара нямецкай зборнай Adidas выкарыстаць даволі захапляльны дызайн. Пры гэтым нумар 44 нагадваў (ці не нагадваў?) нашыўку СС часоў Другой сусьветнай вайны. Па словах прадстаўніка Adidas, падабенства нумара 4 з сымбалямі Нямеччыны той вайны было ненаўмысным. Шрыфт увыніку зьмянілі.

Данія

Крысьціян Эрыксэн ляжыць за партнэрамі па зборнай на чэмпіянаце 2021 года

Крысьціян Эрыксэн ляжыць за партнэрамі па зборнай на чэмпіянаце 2021 года

Паўабаронца «Манчэсьцер Юнайтэд» Крысьціян Эрыксэн, чый апошні выступ на чэмпіянаце Эўропы ў зборнай Даніі скончыўся спынам сэрца і клінічнай сьмерцю, сьведкамі чаго сталі мільёны гледачоў па ўсім сьвеце ў жывым этэры ў 2021 годзе, быў зноў уключаны ў склад скандынаўскай каманды.

З моманту трагічнага здарэньня Эрыксэн ачуняў з дапамогай імплянтаванага сардэчнага апарату і аднавіў кар'еру гульца.

Гішпанія

Гішпанія змагаецца за тое, каб засяродзіцца на прэстыжным турніры, нягледзячы на ​​сёньняшнюю турбулентнасьць у нацыянальнай футбольнай асацыяцыі. Зборнай Гішпаніі пагражаюць выключэньнем з чэмпіянату Эўропы.

Праблемы пачаліся з абсалютна нечаканага скандалу, узбуджанага былым прэзідэнтам Федэрацыі футбола Гішпаніі Луісам Рубіялесам. Ён трапіў у загалоўкі медыя, калі публічна пацалаваў у вусны чэмпіёнку сьвету Джэні Эрмаса. Гэтая падзея выклікала грамадзкі рэзананс і прыцягнула ўвагу да новых абвінавачваньняў супраць Рубіялеса, у тым ліку ў карупцыі.

Той самы пацалунак

Той самы пацалунак

У выніку скандалу Рубіялес быў адхілены ад улады, а яго пераемнікам быў прызначаны Пэдра Роха. Аднак Роха хутка трапіў пад пільную ўвагу ўладаў праз аналягічныя абвінавачваньні у карупцыі.

Сярод гэтага хаосу гішпанскі ўрад вырашыў умяшацца. Міністэрства спорту стварыла назіральную камісію пад кіраўніцтвам вядомага трэнера Вісэнтэ дэль Боскэ. Гэтая камісія мае на мэце «нармалізаваць» сітуацыю ў футбольнай федэрацыі і аднавіць рэпутацыю гішпанскага футбола. Аднак гэтае ўмяшаньне ўрада прыцягнула ў сваю чаргу ўвагу FIFA і UEFA, паколькі палітычнае ўмяшаньне ў нацыянальныя футбольныя асацыяцыі строга забароненае.

У UEFA асабліва крытычна ставяцца да разьвіцьця падзеяў у Гішпаніі і разглядаюць радыкальныя санкцыі. У найгоршым выпадку Гішпанія можа быць выключана з удзелу ў турніры.

Глядзіце таксама

У апошнія гады FIFA прыпыняла дзейнасьць такіх футбольных асацыяцыяў, як Зімбабвэ, Індыя, Шры-Ланка, Кенія і Пакістан за ўмяшаньне звонку.