Ці ўсё тое золата, што блішчыць? Што не так з ІІ Гульнямі краінаў СНД
У Мінску скончыліся ІІ Гульні краінаў СНД. Беларусь атрымала ў іх 236 медалёў, зрабіўшыся другою пасля Расіі ў медальным заліку. Пры такім, здавалася б, станоўчым выніку адбылася дзіўная рэч, калі не сказаць больш – звышнатуральная. Аляксандр Лукашэнка аніяк не адрэагаваў на закрыццё Гульняў, якія адкрыў грандыёзна і ў гуморы 10 дзён таму. Можа, з імі нешта не так? — задаецца пытаннем спартыўны аглядальнік «Белсата» Алесь Пуціла.
«У гэтага форуму – вялікая будучыня… Як бы ні імкнуліся яго
забраць сусветныя заправілы: азлобленыя і бяссільныя… Вы імкняцеся выкрасліць
моцных канкурэнтаў з міжнароднага спорту. Вы хочаце забраць нашыя перамогі. Вы
забіваеце дух і сэнс алімпійскага руху. Гэта знак слабасці і вашага страху…
Ізноў да нас прыкутая ўвага мільёнаў заўзятараў ува ўсім свеце… Тут сабраліся
тысячы. Трансляцыю глядзяць мільёны… Нас немагчыма – расейцаў, беларусаў ды
іншых – выкрасліць з міжнароднага алімпійскага руху…» – пачынаў Гульні
Аляксандр Лукашэнка.
Усё гэта ён укладаў у вушы дзятве, якая не хоча ды пакуль не можа разбірацца ў сэнсе гульняў палітыкаў. Ён казаў гэта і дарослым людзям, трэнерам, кваліфікацыя якіх дазваляе працаваць толькі з падлеткамі, але не ў спорце найвышэйшых дасягненняў.
Пры гэтым нават Лукашэнка цудоўна разумее, што не ад быццам правільных словаў, а менавіта ад адэкватных дзеянняў палітыкаў залежыць, ці мы будзем ствараць новую «Рэспубліку ШКІД», ці дамо дзецям самім вызначаць свой лёс, у тым ліку і праз спорт.
Нават у самыя застойныя часы Савецкага Саюза падлеткі заўсёды імкнуліся за мяжу, што праз заняткі спортам можна было зрабіць найхутчэй. Паглядзець свет, пазнаёміцца з аднагодкамі, развіваць валоданне мовамі, дый, што там хаваць, жыць бязбедна: прыгожа апранацца і добра харчавацца.
Для цяперашніх удзельнікаў Гульняў краінаў СНД шыкоўныя паводле светлавых і гукавых эфектаў адкрыццё і закрыццё спаборніцтваў не больш за салют у Дзень гораду. Прыгожа, маляўніча, але было і прайшло. Недарэмна Беларускі фонд спартовай салідарнасці (BSSF) плануе дабівацца праз розныя міжнародныя арганізацыі – і спартовыя, і палітычныя – зняцця забароны на ўдзел маладых беларусаў (ад 16 гадоў) у сапраўды канкурэнтаздольных міжнародных стартах. Гэта будзе адною з найважнейшых задачаў на восень, паведаміў у інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік фонду Аляксандр Апейкін.
Гэта трэба, каб ні ў якім разе не страціць яшчэ аднаго пакалення, якое мела няшчасце нарадзіцца і пачаць займацца спортам у таталітарнай дзяржаве. У BSSF шчыра вераць, што гэта, зыходзячы з трохгадовага досведу, абавязкова ўдасца.
Чаму можа навучыць такі спорт, калі на старце II Гульняў краінаў СНД расійскія гандбалісткі ў Берасці перамагаюць дзяўчатак з Кыргызстану 76:1, а беларускі таму ж Кыргызстану накідваюць паўсотні мячоў – 50:6. Юнацкая каманда гаспадароў выгульвае ў хлопчыкаў з Узбекістану 50:19, мужчынская зборная Беларусі па хакеі на траве дае адлуп супернікам з Арменіі ажно з вынікам 66:1, а Расія Таджыкістану – 41:1. Вось за кошт такой вартай здзеку розніцы Беларусь, набраўшы аднолькавую колькасць медалёў з расійцамі, выгуляла залатыя медалі ў мужчынскім хакеі на траве.
Гэта золата, якое не прыносіць задавальнення. Яно, хутчэй, траўмуе: і тых, хто перамог, і тых, хто мусіў перажыць такі сорам. Якое ўжо тут свята спорту?
На цяперашнія Гульні ўдалося выцягнуць прадстаўнікоў 22 краінаў, сярод якіх не было рэпрэзентантаў заходнееўрапейскіх дзяржаваў.
Беларусь не дала рады абысці ўсіх. Гаспадары засталіся другімі, значна (больш як утрая паводле колькасці залатых медалёў і больш як на 50 узнагарод агулам) саступіўшы Расіі, у якой разам назбіралася 288 медалёў. Ці варта казаць пра ўзровень спаборніцтваў, канкурэнцыю ў іх і карысць для маладых спартоўцаў, калі адна каманда заваёўвае каля 300 узнагародаў за 10 дзён (на мінулых летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа пераможцы – атлеты ЗША – здабылі 113 медалёў за два тыдні).
Увогуле, ініцыятыва правесці Гульні краінаў СНД зыходзіла ад Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі і была падтрыманая яшчэ ў 2018 годзе на Радзе кіраўнікоў дзяржаваў СНД у Душанбэ. Праўда, мяркуючы з усяго, у кулуарах. Бо ў афіцыйным камюніке таго спаткання са спартовай тэмы значыцца толькі дакумент пра Сусветныя гульні вандроўнікаў і радок «Лукашэнка запрасіў удзельнікаў паседжання ўзяць удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і закрыцця Другіх Еўрапейскіх гульняў» (Мінск, 21–30 чэрвеня 2019 года).
Тым не менш першыя спаборніцтвы адбыліся. Не ў 2020-м, як планавалася, а на год пазней. У сталіцы Татарстану – Казані. Там былі рэпрэзентаваныя ўсе 9 краінаў СНД. Гульні ў Мінску сталіся адкрытымі ўжо з васьмю эсэндэшнікамі. Бо сёлета, ў лютым, улады Малдовы заявілі пра намер выйсці з садружнасці і ўзялі курс на ўваход у Еўразвяз.
На адкрыццё цяперашніх Гульняў арганізатары выцягнулі алімпійскіх чэмпіёнаў, імёны якіх сённяшняй моладзі не могуць захапіць: пераможцу дзвюх Алімпіядаў (1996, 2000) Кацярыну Карстэн, чэмпіёнку амаль 20-гадовай даўніны Юлію Несцярэнку, яшчэ больш старажытную алімпійскую залатую медалістку (Сіднэй, 2000), штурхальніцу ядра Яніну Правалінскую-Карольчык, пераможцаў Гульняў больш як 30-гадовай даўніны, калі Беларусь яшчэ і не выступала самастойна, гандбаліста Андрэя Барбашынскага і весляра-канаіста Аляксандра Масяйкова.
Калі на тым жа адкрыцці акрамя Лукашэнкаў (Аляксандра, Віктара, Мікалая) прысутнічаў яшчэ і старшыня ўраду Раман Галоўчанка, міністры ды амбасадары, то ў закрыцці ўзялі ўдзел максімальна кіраўнік адміністрацыі Ігар Сергеенка ды генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
Няма сэнсу прыводзіць цытаты з хвалебнай, але нічым не падмацаванай прамовы апошняга ці з інтэрв’ю міністра спорту Сяргея Кавальчука, мэта якіх – як мага больш, але беспадстаўна ўпрыгожыць тое, што называецца Гульнямі.
Тым не меней і такое збіраюцца праводзіць далей. У 2025 годзе эсэндэшныя забавы будзе гатовы прыняць Азербайджан. Колькі праз два гады застанецца ўдзельнікаў у СНД і ці захаваецца яно самое хоць у нейкім выглядзе – пытанне надта прывіднае. Пакуль ёсць новы клопат: «Гульні BRICS», ініцыятыву правядзення якіх падаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, а Лукашэнка, вядома ж, падтрымаў. Ён ужо расхвальваў тое, што яшчэ і не распачыналася, перад працаўнікамі Мінскага заводу грамадзянскай авіяцыі № 407.
Якая маральная ці фізічная траўма зваліла гэтым разам
кіраўніка Беларусі, невядома. Але пасля суботняга выезду ў палі ўсходняга
рэгіёну Беларусі ён сябе два
дні ніяк не абазначаў. А
вось тое, што ён абсалютна аніяк не адзначыўся на закрыцці II
Гульняў краінаў СНД, не падаецца выпадковым. Буйная параза магла жорстка
пакрыўдзіць і балюча ўдарыць па амбіцыях. Таму змена міністра спорту і турызму
найбліжэйшым часам цалкам імаверная.