Лукашэнкаўцы хваляцца Гульнямі краін СНД. Чаму гэта цалкам маргінальны спорт
У суботу, 5 жніўня, Лукашэнка выступіў на цырымоніі адкрыцця II Гульняў краін СНД. Мерапрыемства праходзіла ў «Мінск-Арэне» з максімальным прапагандысцкім пафасам. Рэжым пыхліва пазіцыянуе гэтыя спаборніцтвы як спартыўную падзею сусветнага маштабу, але насамрэч яны не цягнуць на нешта большае, чым звычайнае «першынство лазні».
22 краіны, 20 відаў спорту, 2,2 тысячы атлетаў, 11 гарадоў, 246 камплектаў медалёў! — прапагандысты заходзяцца ў штучным захапленні, апісваючы Гульні як глабальны спартыўны форум. Лукашэнка з трыбуны заяўляе пра нейкія міфічныя «мільёны людзей», якія пільна сочаць за спаборніцтвамі. Каментатары ў эфіры дзяржаўнага ТБ надзьмуваюць шчокі, нібыта ў Беларусь з’ехаліся ўсе зоркі сусветнага спорту.
Насамрэч гэта ўсё лухта. Сусветны спорт гэтыя Гульні нават не заўважыць. Проста таму, што пільнай увагі яны не заслугоўваюць. І вось чаму.
Гульні краін СНД ніяк не ўбудаваны ў сістэму
Міжнародны спорт функцыянуе паводле адзіных правіл. Нацыянальныя федэрацыі фарміруюць у сваім відзе міжнародную федэрацыю, пад яе эгідай праходзяць першынствы кантынентаў і свету, кубкі свету і іншыя статусныя турніры. На іх у межах супрацоўніцтва з МАК адбываецца адбор на Алімпійскія гульні. Гэта сістэма добра вядома заўзятарам, менавіта дзякуючы такой архітэктуры спорт развіваецца, прыцягвае лепшых атлетаў, папулярызуецца, зарабляе на рэкламе, квітках і мерчы.
І так сталася, што любыя спробы стварыць нешта асобнае за рэдкім выключэннем асуджаны на правал. Найперш таму, што ўціснуць новае спаборніцтва ў шчыльны міжнародны спартыўны календар амаль немагчыма. Адпаведна на гэты турнір не паедуць вядомыя спартсмены, а значыць, высокага ўзроўню відовішча там не будзе. І статус чэмпіёна Гульняў краін СНД не надта ўпрыгожыць рэзюмэ нават маладога атлета.
Гэтыя Гульні — свежанароджаная з’ява. Яны праходзяць усяго другі раз. Першы быў у 2021 годзе ў расійскай Казані, і наўрад ці вы нешта памятаеце аб тых падзеях.
Спаборніцтвы былі заснаваны па ініцыятыве расійскіх улад і ўхвалены на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў СНД. Ніякіх міжнародных спартыўных структур там побач не стаяла. Таму ў пэўнай ступені гэтыя Гульні мала чым адрозніваюцца ад хрэстаматыйнага міжгалактычнага шахматнага турніру ў Васюках.
Замест дарослых спартсменаў набралі дзяцей
Менавіта таму, што ўдзел у спаборніцтвах вядомых спартсменаў немагчымы, беларускаму боку прыйшлося ўсяляк вылузвацца з рэгламентам. Ад самага пачатку ў лукашэнкаўцаў была ўстаноўка: здабыць на Гульнях максімальны прапагандысцкі гешэфт. Аднак з-за адсутнасці якасці давялося гнацца за колькасцю. Колькасцю відаў спорту, краін, удзельнікаў.
У выніку з горам напалову наскраблі два дзясяткі дысцыплін, а акрамя спартменаў з прасторы СНД угаварылі прыехаць прадстаўнікоў Кубы, Манголіі, Лівана ды іншых нееўрапейскіх краін. Але і ўсё гэта было дасягнута за кошт таго, што да ўдзелу ў Гульнях вырашылі прыцягнуць не толькі дарослых, а і юнакоў, і нават дзяцей-падлеткаў.
Напрыклад, у лёгкай атлетыцы — яе называюць каралевай спорту — будуць спаборнічаць хлопчыкі і дзяўчынкі 2009 года нараджэння і маладзейшыя. Дзеці, школьнікі — вось вам, як кажа Лукашэнка, і сусветны ўзровень. А чаму? А таму, што ў дарослых лёгкаатлетаў ёсць больш важныя справы, чым ехаць у ізаляваную Беларусь на «першынство лазні».
У плаванні падобная карціна: удзельнік 2007 года нараджэння і маладзейшыя за яго. У пляжным валейболе мужчынам можна быць ва ўзросце да 23 гадоў, а вось дзяўчатам — ад 2007 года нараджэння. У боксе — 2005-2006 г.н, у міні-баскетболе (3 на 3) — 2003, у міні-футболе — 2004-2006, у барацьбе — ад 2000, у валейболе — ад 2003 у хлопцаў і ад 2008 у дзяўчат, у гандболе — ад 2004, у дзюдо — 2006-2008.
Узроставыя абмежаванні ёсць амаль ва ўсіх відах (выключэнне — мастацкая гімнастыка, цяжкая атлетыка, пляжны футбол, самба ды хакей на траве), і гэта, канешне, шмат пра што кажа. Ніякі гэта не «сусветны форум», а хутчэй спартландыя для непаўналетняй моладзі. Цікавасць да якой могуць праявіць хіба толькі сябры і бацькі ўдзельнікаў.
Якраз праз гэта арганізатары і раскідалі турніры па розных гарадах, спадзеючыся, што ў Жлобіне ды Оршы нехта вырашыць наведаць стадыён. Якраз праз гэта ўваход на ўсе арэны зрабілі бясплатным, бо халява — штука прывабная. Якраз праз гэта, каб не дапусціць пустых трыбун, уключылі адміністратыўны рэсурс па прыцягванні гледачоў паводле разнарадак.
Папулярнасць сярод заўзятараў блізкая да нуля
Час для разнарадак, зрэшты, зараз зусім нязручны. Канікулы — школьнікаў на спартыўныя арэны асабліва не загоніш. Застаецца спадзявацца на актыўнасць пралукашэнкаўскіх прафсаюзаў. Але і гэта не надта дапамагае: на фота дзяржаўных медыя бачны пустыя трыбуны. Што казаць, калі нават на цырымоніі адкрыцця не забяспечылі аншлаг — у «Мінск-Арэне» былі пустыя месцы, нягледзячы на выступленне галоўнага спартсмена.
Пры гэтым прапаганда актыўна прасоўвае Гульні, імітуючы вакол іх неймаверны ажыятаж. Няма для яе цяпер больш важнай тэмы, бо як жа — падзея дзяржаўнага значэння. Але беларусаў спаборніцтвы тынэйджараў-ноўнэймаў не натхняюць. Пра замежных жа заўзятараў, для якіх нават зрабілі бязвіз, і казаць не даводзіцца.
У замежнай прэсе, дарэчы, Гульням увага амаль не надаецца. У самым лепшым выпадку расійскія СМІ згадваюць пра асобныя вынікі, але і яны часам кіруюцца не спартыўным інтарэсам. Напрыклад, 5 жніўня больш-менш шырока разышлася інфармацыя аб дзявочым гандбольным матчы Расія — Кыргызстан. Дый то толькі таму, што гульня скончылася з анамальным лікам 76:1 на карысць расіянак. Усур’ёз успрымаць такія лічбы на табло нельга, таму ў каментарах да гэтай навіны было шмат смеху, кшталту: а кыргызскія дзяўчаты ўвогуле на пляцоўку выходзілі?
Карацей, «мільёны людзей», пра якіх важна казаў Лукашэнка, маюць такое ж дачыненне да рэальнасці, як і 80% выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за яго ў 2020-м.
Лукашэнкаўцам патрэбны гэтыя спаборніцтвы, бо беларускі спорт у ізаляцыі
Падчас выступлення 5 жніўня Лукашэнка шмат казаў і пра санкцыі супраць беларускага спорту. Яны былі ўведзены праз удзел рэжыму ў вайне, і ад той пары атлеты з РБ застаюцца ў амаль поўнай міжнароднай ізаляцыі. Вялікае спартыўнае жыццё праходзіць міма іх, і дагэтуль невядома, ці патрапіць хоць хто-небудзь з Беларусі на Алімпіяду ў Парыж у наступным годзе.
У такой сітуацыі важна паказаць, што ніякай ізаляцыі насамрэч няма. Што не Захад, дык Усход з радасцю з намі спаборнічае, іншыя не могуць, бо на іх ціснуць праклятыя амерыканцы. Відавочна, што ў Гульнях краін СНД ёсць істотны палітычны складнік для беларускай дыктатуры, але каго ўразіць такі псеўдафорум вялікага спорту?
Тым не менш прапагандысты стараюцца — каб захапіць калі не адэкватных беларусаў, то хоць няхітрых ябацек. Дый саміх сябе пераканаць, што ўсё нармальна, ніякай ізаляцыі не існуе, краіна квітнее і «с каждым днем все радостнее жить».
Хаця якая там радасць: у той час як нікому невядомыя спартсмены бавяць час на бессэнсоўных Гульнях, недзе непадалёк складзіруецца ядзерная зброя, гойсаюць узброеныя «вагнераўцы», а бліжэй да заходніх меж узрастаюць трывогі праз магчымыя правакацыі па ўказцы Крамля.
Фота: @cisgamesbel