Адмучыліся. Апошні беларускі клуб вылецеў з футбольных еўракубкаў

Беларускія футбалісты прадказальна правалілі чарговую еўракубкавую кампанію. 11 жніўня з Лігі канферэнцый вылецеў апошні прадстаўнік Беларусі — салігорскі «Шахцёр».

f9ecd9df0dda3b85b93e19364ec1618e.jpg

Салігорцы прайгралі ў гасцях румынскаму «Клужу» — 0:1 (пасля 0:0 у першай гульні). У наступны раунд прайшоў супернік.

Раней у Лізе чэмпіёнаў «Шахцёр» саступіў славенскаму «Марыбору» — 0:0 і 0:2.

Як бачым, у чатырох матчах лепшы клуб Беларусі не зжолеў забіць аніводнага гола.

28 ліпеня Лігу канферэнцый пакінулі барысаўскі БАТЭ і мінскае «Дынама».

Барысаў саступіў турэцкаму «Коньяспору» — 0:2 (першы матч — 0:3). Дынамаўцы прайгралі ізраільскаму «Хапаэлю» з Беэр-Шэвы — 0:1 (1:2).

27 ліпеня сышоў з дыстанцыі «Гомель», які двойчы капітуляваў перад грэчаскім «Арысам» — 1:5 і 1:2.

Такім чынам, пераможнай у гэтай еўракубкавай кампаніі для беларусаў застаецца толькі дуэль сталічнага «Дынама» са сціплым чарнагорскім «Дзечычам». Мінчукі адолелі суперніка — 1:1 і 2:1.

Гэтыя 2:1 так і засталіся адзінай перамогай беларускіх клубаў, хаця матчаў згуляна дванаццаць.

Нягледзячы на чарговы правал у футболе, кіраўніцтва робіць выгляд, што ўсё добра. Нядаўна старшыня футбольнай федэрацыі адстаўны палкоўнік артылерыі Уладзімір Базанаў сказаў у інтэрв'ю, што айчынны футбол ідзе правільным шляхам.