Тэлеграма Кайзеру і Пакт Молатава–Рыбентропа
Маю надзею, што абурэнне пактам Молатава — Рыбентропа, які фактычна даў «зялёнае святло» пачатку Другой сусветнай вайны, будзе ў наступным годзе належным чынам прадэманстраванае на ўсіх узроўнях беларускай ідэалагічнай машыны.
У працэсе святкавання юбілею БНР раз-пораз, як у савецкія часы, гучалі
асуджальныя словы афіцыйных ідэолагаў пра тое, што кіраўнікі БНР
здрадзілі, паслалі прывітальную тэлеграму Кайзеру. Каму здрадзілі
кіраўнікі БНР, на жаль, не агучвалася. Паколькі ў свядомасці беларускіх людзей здрада — амаль што не самая адмоўная з’ява, лічу неабходным зрабіць пэўныя ўдакладненні.
Гэтая тэлеграма была своеасаблівым пацверджаннем намераў Урада БНР стаць саюзнікам Германіі пры выкананні ёй умоў, выказаных у мемарыяле, які быў дасланы нямецкаму ўраду 25 красавіка 1918 года. У мемарыяле, у прыватнасці, вызначалася:
«Калі б беларускае пытанне зацікавіла нямецкую палітыку, то канкрэтна мы б выступілі са свайго боку з ніжэйпададзенымі прапановамі. 1. Мы прасілі б аб прызнанні самастойнасці Беларусі і ўлады ў ёй у асобе Рады і яе калектыўнага Міністэрства. 2. Мы прасілі б усталяванне з мясцовымі нямецкімі ўладамі такіх адносін, пры якіх наш урад мог бы арганізаваць свае сілы для ўстанаўлення сваёй улады ва ўсходняй частцы Беларусі на незанятай бальшавікамі тэрыторыі. 3. Разам з тым, мы настойліва прасілі б аб захаванні Беларусі ў натуральных гістарычных, этнаграфічных і эканамічных межах. Канкрэтна, мы настойліва будзем прасіць аб захаванні за Беларуссю Гродзеншчыны, плыні ракі Прыпяць і горада Вільні. Калі патрабаванні аб першых дзвюх тэрыторыях выклікаюцца меркаваннямі эканамічнымі і этнаграфічным, то адносна горада Вільні мы павінны нагадаць, што гэты горад цяпер — гэта разумовы цэнтр Беларусі, найбольш жыва ўсведамляючы ідэю беларускай дзяржаўнай самастойнасці».
Германія адмовілася ад прапаноў Урада БНР, незалежнасць Беларусі не прызнала, заключыла з савецкай Расіяй Берасцейскую дамову. Тэрыторыя Беларусі стала ў тыя часы «разменнай манетай» для вырашэння як Расіяй, так і Германіяй сваіх праблем, што ўзніклі ў сувязі з Першай сусветнай вайной. Лёс Беларусі вырашылі без удзелу беларусаў — Беларусь у дамове нават не згадваецца.
Пра тое, як жылося пад нямецкай акупацыяй, Урад БНР апісаў у мемарыяле, перададзеным старшыні Мірнай канферэнцыі ў Парыжы 22 студзеня 1919 года. У гэтым дакуменце, у прыватнасці, адзначалася (асаблівасці правапісу захаваныя):
«Справа ў тым, што акупанты ў адносінах да беларускага дзяржаўнага будаўніцтва занялі ад першых дзен акупацыі зусім варожае становішча. Пасля ўваходу да Менску акупацыйныя ўласьці аружнай сілай захапілі беларускія дзяржаўныя грошы і гэтых грошай назад не вярнулі. Калі ж Акт 25 марца быў пададзен нямецкаму ўраду, апошні ў афіцыяльным адказе заявіў, што, згодна з Берасьцейскай умовай, пытаньне аб Беларусі ен лічыць унутранай справай Расеі і радзіць беларускаму ураду дайсьці ўгоды з большэвіцкім урадам. Сваю лояльнасьць у адносінах да савецкага ураду Расеі нямецкі урад давеў да таго, што за 9 месяцаў акупацыі зусім не даваў беларускаму ўраду арганізовываць край, не дапускаючы свабоды руху, не даючы карыстацца почтай, тэлеграфам, тэлефонамі і т.д., арыштоўваючы камісараў, якія памыкаліся арганізовываць беларускія акружныя сілы. Усе упраўленьне Беларусьсю аставалася ў нямецкіх руках. Калі ж нямецкія войскі былі прымушаны пакінуць Беларусь, яны ня толькі адмовіліся аддаць цывільнае упраўленьне краем у рукі краевых арганізацый, але і не дапусьцілі арганізацыі краевай міліцыі дзеля абароны народу ад анархіі, нямінучай у мамэнт адыходу акупантаў у мамэнт поўнай неаганізованасьці насяленьня. Тое, што было зроблена немцамі ў Усходняй Беларусі і ў Менску, паўтарылася і ў Заходняй часьцы яе — за лініяй старога фронту. Немцы і тут не далі арганізаваць беларускіх акружных сіл — апоры усялякай уласьці. А ў тым жа самым часе яны падгатаўлялі захват беларускіх зямель з Вільняй, Горадняй, Беластокам суседняй Польшчай: зусім адкрыта, без ніякіх перашкод з нямецкага боку, арганізоўваліся і зброіліся па ўсім крае польскія легіоны, замяніўшыя нямецкую акупацыю і тэрорызуючыя тутэйшае насяленьне».
Як бачым, Урад БНР выкарыстоўваў любыя магчымасці, нават у зусім неспрыяльных умовах, абараніць Беларусь ад іншаземнай навалы.
У жніўні будучага года нас чакае юбілей падзеі, пра якую савецкія гісторыкі доўгія гады наогул нічога не пісалі, і нават як гістарычную падзею не ўзгадвалі. Гэты юбілей — 80 гадоў з моманту падпісання «Дамовы аб ненападзе паміж Германіяй і СССР», які атрымаў назву «Пакта Молатава — Рыбентропа», па прозвішчах тых, хто гэтую дамову падпісаў ад імя сваіх краін.
Найбольш важнай для гісторыі Беларусі з’яўляецца сакрэтная частка пакта, «Сакрэтны дадатковы пратакол»:
«З нагоды падпісання пакта аб ненападзе паміж Германіяй і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі абодвух Бакоў абмеркавалі ў строга канфідэнцыйных гутарках пытанне аб размежаванні іх сфер уплыву ва Усходняй Еўропе. Гэтыя размовы прывялі да пагаднення ў наступным:
1. У выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэнняў у абласцях, якія належаць прыбалтыйскім дзяржавам (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве), паўночная мяжа Літвы будзе з'яўляцца рысай, якая падзяляе сферы ўплыву Германіі і СССР. У гэтай сувязі зацікаўленасць Літвы ў раёне Вільні прызнана абодвума Бакамi.
2. У выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэнняў у абласцях, якія належаць Польскай дзяржаве, сферы ўплыву Германіі і СССР будуць размежаваныя прыблізна па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан.
Пытанне аб тым, ці пажадана ў інтарэсах абодвух Бакоў захаванне незалежнасці Польскай дзяржавы і аб межах такой дзяржавы, будзе канчаткова вырашанае толькі ходам будучых палітычных падзей.
У любым выпадку абодва Урады вырашаць гэта пытанне шляхам сяброўскай згоды.
3. Што да Паўднёва-Усходняй Еўропы, Савецкі бок выказаў сваю зацікаўленасць у Бесарабіі. Германскі бок ясна заявіў аб поўнай палітычнай незацікаўленасці ў гэтых тэрыторыях.
4. Дадзены пратакол разглядаецца абедзвюма Бакамі як строга сакрэтны».
Цікава параўнаць гэтыя дакументы — мемарыялы і пакт. У выпадку з мемарыяламі БНР зварот да Германіі — вымушаная, але неабходная мера як для захавання беларускай ідэнтычнасці, так і для ўмацавання створанай беларускай дзяржавы. Немцаў урадаўцы публічна называюць акупантамі і вызначаюць акупацыйную палітыку Германіі як антыбеларускую, накіраваную супраць станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
У пакце, як і пры заключэнні Берасцейскага міру, Беларусь не згадваецца, яе інтарэсы быццам наогул не існуюць. Германія — на гэты час ужо фашысцкая і нацысцкая — разглядаецца як важны саюзнік у вызначэнні сфер уплыву СССР і Германіі ў свеце. І хоць у выніку пакта Молатава — Рыбентропа ў склад Беларусі вярнулася частка раней адабраных заходніх зямель, аб вяртанні якіх марылі ўрадаўцы, падаецца, што ў гэтым выпадку мела месца сапраўдная здрада.
Маю надзею, што абурэнне пактам Молатава — Рыбентропа, які фактычна даў «зялёнае святло» пачатку Другой сусветнай вайны, будзе ў наступным годзе належным чынам прадэманстраванае на ўсіх узроўнях беларускай ідэалагічнай машыны.