ГУЛАГ вачамі аналітыкаў КАП

У пачатку 1930-х гадоў выведка польскага Корпуса аховы памежжа валодала падрабязнай інфармацыяй аб структуры і функцыянаванні сістэмы канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі СССР. 



Сведкі з СССР

У задачу КАП уваходзіла не толькі непасрэдная ахова дзяржаўнай мяжы на ўсходзе Другой Рэчы Паспалітай, але і арганізацыя выведвальнай і контрвыведвальнай працы на ўсходнім накірунку. Не менш увагі надавалася вывучэнню арганізацыі і дзейнасці сталінскіх рэпрэсіўных органаў. У жніўні 1933 года выведка КАП падрыхтавала для свайго кіраўніцтва (аддзел «W» (Усход) спецыяльны аналітычны даклад пад агульнай назвай «АДПУ. Кіраўніцтва і канцэнтрацыйныя лагеры СССР».

Гаворка пра аналіз дзейнасці асноўных лагераў сістэмы ГУЛАГ (каля 14) у розных раёнах СССР. Вялікая ўвага надавалася структуры АДПУ ў Мінску, Полацку, Негарэлым, Алма-Аце, Ленінградзе. Інфармацыю пра канцлагеры атрымалі ад былых палітычных вязняў, якіх восенню 1932 года абмянялі на польскіх грамадзян, арыштаваных Дзяржаўнай паліцыяй за розныя (у тым ліку і палітычныя) злачынствы. Працэдуры абмену папярэднічалі доўгія і цяжкія перамовы паміж Міністэрствам замежных спраў Другой Рэчы Паспалітай і Народным камісарыятам замежных спраў СССР. Галоўную ролю ў гэтым дыялогу адыгрывала Амбасада Польшчы ў Маскве. Сярод іншых, падчас гэтага абмену свабоду атрымаў ксёндз Тэафіл Скальскі, які з 1926 года знаходзіўся ў савецкіх турмах. Абмен вязнямі адбываўся на вядомай тады як галоўныя вароты ў «савецкі рай» польскай станцыі Коласава.

abmen_vjaznjami_1932_g_logo.jpg

Абмен палітвязнямі, 1932 г.

Ужо на мяжы, у будынку стражніцы КАП «Коласава», кожны з вызваленых вязняў быў падрабязна апытаны. Пазней, на працягу 1933 года, польскія выведнікі на аснове паказанняў, атрыманых ад былых вязняў савецкіх турмаў і лагераў, склалі падрабязную справаздачу. Гэта былі, па сутнасці, першыя дадзеныя пра ГУЛАГ, атрыманыя на Захадзе. У выніковым дакуменце, які складаўся з 95 старонак, утрымлівалася інфармацыя наконт Салавецкага лагера, Беламора-Балтыйскага лагера, Свірлага (ля ракі Свір), Сіблага (Навасібірск), Упраўлення Пячорскіх працоўных лагераў (Упітлаг), Упраўлення Вышэрскіх папраўча-працоўных лагераў, Паўночных лагераў (упраўленне ў Котласе), Цемнякоўскіх лагераў (Тацьма), Сызранскіх, Пермскіх, Архангельскіх і шэрагу іншых лагераў.

У інфармацыйнай запісцы, якая дадавалася да агульнага дакументу, пазначалася, што на кожны лагер створана асобная тэчка, куды дадаваліся новыя звесткі, атрыманыя ад агентуры. Да таго ж дадзеныя, сабраныя польскімі выведнікамі, рэкамендавалася выкарыстоўваць у працы з перабежчыкамі і «канфідэнтамі» (агентамі) на савецкімі баку.

Анатомія ГУЛАГу

Каб зразумець, што з сябе ўяўляў даклад «АДПУ. Кіраўніцтва і канцэнтрацыйныя лагеры СССР», звернем увагу на тое, як польскія даваенныя аналітыкі апісвалі сістэму функцыянавання Салавецкіх канцэнтрацыйных лагераў у 1930–1932 гадах. Паводле дакументу, у 1930 годзе да «СЛАП» (Салавецкіх лагераў асаблівага прызначэння) былі далучаны лагеры ў Кемі і на Кольскім паўвостраве. Ахова складалася з супрацоўнікаў АДПУ, але ў лагеры працавала і шмат так званых «вольнанаёмных», звычайных савецкіх грамадзян, прынятых на працу ў сістэму ГУЛАГ. Яны атрымлівалі заробак ад 90 да 300 рублёў, абмундзіраванне і харчовы паёк. Са зняволеных фарміравалі роты, у кожнай з якіх было ад 50 да 400 чалавек. На чале стаяў стараста, у якога былі намеснікі. Вязні прыязджалі ў Кемь на цягніку, пазней накіроўваліся на перасыльны пункт, праходзілі каранцін і высылаліся ў адзін з лагераў. Існавала тры катэгорыі вязняў: контррэвалюцыянеры, гаспадарчыя і крымінальныя злачынцы. Апошніх адміністрацыя лічыла сацыяльна блізкім элементам і давала ім больш правоў, чым іншым. Горш за ўсё прыходзілася «контры» — вязням, асуджаным па палітычных артыкулах. Акрамя гэтага, усе вязні падзяляліся на тры катэгорыі ў адпаведнасці з іх здароўем. Першыя дзве выкарыстоўвалі пры ўсіх відах працы (вырубка лесу, у шахтах ці на лоўлі рыбы), а вось вязням з трэцяй групы прыходзілася выконваць абавязкі дробнай абслугі.

agul_ni_kem_logo.jpg

Агульны від лагераў у Кемі

Тыя, хто працаваў, атрымлівалі ўзмоцнены паёк, а вось абслуга — звычайны. У 1932 годзе працоўны першай катэгорыі за дзень атрымліваў 800 грамаў хлеба, 80 грамаў мяса ці 150 грамаў рыбы, 25 грамаў цукру, 100 грамаў бульбы, 20 грамаў алея і 100 грамаў кашы. А вось у трэцяй групе мелі: 400 грамаў хлеба, 40 грамаў мяса ці 75 грамаў рыбы, 13 грамаў цукру, 75 грамаў бульбы, 10 грамаў алея і 50 грамаў кашы. Да 1931 года вязні ГУЛАГу не атрымлівалі спецыяльнай вопраткі і знаходзіліся ў лагеры ў тым, у чым прыехалі. У 1931 годзе вязням трэцяй катэгорыі прадпісалі замест абутку насіць лапці. Праз год гэтая пастанова тычылася ўжо ўсіх катэгорый зняволеных. Зразумела, што такія ўмовы прыводзілі да высокай смяротнасці сярод гулагаўцаў. Да таго ж іх касілі розныя хваробы.

Ахову лагераў несла «ВАХО» (ваенізаваная ахова). Жаўнераў туды набіралі звычайна з войскаў АДПУ з Масквы, але здараліся выпадкі, калі туды траплялі звычайныя вайскоўцы РСЧА. Для арганізацыі сувязі ва ўпраўленнях кожнага лагеру мелася радыёстанцыя, а паміж лагернымі пунктамі меўся тэлефон. У Кемі таксама быў невялікі аэрадром, на якім знаходзілася некалькі самалётаў. У аналітычнай справаздачы, падрыхтаванай выведкай КАП, падрабязна апісвалася структура органаў кіравання розных лагераў і нават даваліся прозвішчы асобных чыноўнікаў, супрацоўнікаў адміністрацыі і аховы. Акрамя гэтага, у канцы кожнага з раздзелаў змяшчаўся план таго, як выглядаў той ці іншы лагер.

Чэкісты з Мінска

Асаблівую цікавасць уяўляе другая частка аналітычнай справаздачы польскіх памежнікаў, у якой, у тым ліку, апісваецца працэс фармавання частак унутраных і памежных войскаў АДПУ у сталіцы савецкай Беларусі. «На працягу лета і восені мінулага года (1932 год) у Мінску на вуліцы Дзяржынскага скончана будова казарм для ўнутраных войскаў АДПУ. Цэнтр будынка чатырохпавярховы, а яго крылы складаюцца з трох паверхаў. У гэтых казармах знаходзіцца 1-ы полк АДПУ і школа памежнікаў», — адзначалася ў матэрыялах КАП. Акрамя гэтага там падкрэслівалася, што летам 1932 года полк АДПУ знаходзіўся на манеўрах пад Заслаўем. У студзені 1933 года гэтая частка ўнутраных войскаў зноў была накіравана пад Заслаўе і ўдзельнічала ў вучэннях па барацьбе з дыверсантамі, «якія прарваліся з Польшчы ў бок Мінска». Дарэчы, ролю ворагаў выконвала адна з рот чэкісцкага палка.

aficeri_kap_padchas_abmenu_logo.jpg

Афіцэры КАП падчас абмену палітвязнямі

У справаздачы КАП адзначалася, што ў пачатку 1930-х гадоў на вуліцы Карла Маркса ў Мінску быў пабудаваны трохпавярховы будынак для камандзірскага складу АДПУ. Акрамя гэтага, паведамлялася, што частка «чэкістаў» жыла ў дамах на вуліцы Універсітэцкай, 39. Акрамя гэтага, вялікая ўвага надавалася аналізу агентуры АДПУ, якую бальшавікі накіроўвалі на польскую тэрыторыю. Сярод шпіёнаў было некалькі былых грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, якія ў розны час збеглі ў БССР. Гэтыя людзі працавалі на мінскіх заводах і фабрыках, аднак у любы момант маглі быць накіраваны за кардон.

У дакладзе «АДПУ. Кіраўніцтва і канцэнтрацыйныя лагеры СССР» утрымлівалася інфармацыя і аб чэкісцкіх частках у Полацку. Дадзеныя былі атрыманы ад канфідэнткі «Двуйкі», якую затрымалі на мяжы савецкія памежнікі і некалькі дзён трымалі ў будынку штабу памежнага атрада. Падчас допытаў жанчына расказвала легенду, падрыхтаваную супрацоўнікамі КАП у Вільні. За час знаходжання на савецкім баку агенту польскай выведкі ўдалося сабраць дакладную інфармацыю пра колькасны склад савецкіх памежных падраздзяленняў ля Полацка, а таксама пра іх камандзіраў.

patrul_kap_logo.jpg

Патруль КАП

Да пачатку Другой сусветнай вайны аналітычная праца выведнікаў КАП разам з іншымі дакументамі Другога аддзела Генеральнага штабу Войска Польскага знаходзілася ў Варшаве. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года дакументы аказаліся ў руках нацыстаў. Пасля вайны гэтыя матэрыялы былі перададзены ў распараджэнне спецслужбаў сацыялістычнай Польшчы. У пачатку 1990-х гадоў яны сталі даступнымі для даследчыкаў.

Фота з уласнага архіва