Гісторыя Сымона Серафіновіча — беларускага карніка з Міра

Хто такі Сымон Серафіновіч і чаму беларускія ўлады вырашылі судзіць яго пасля смерці? Гісторыю злачынцы, якога знайшло правасуддзе, распавядае «Наша Ніва».

Фота: IMS Vintage Photos

Фота: IMS Vintage Photos

Улады паведамілі, за каго збіраюцца ўзяцца наступным у сваёй практыцы пасмяротных судоў над ваеннымі злачынцамі. У інтэрв'ю тэлеканалу АНТ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк паведаміў, што чарговым нябожчыкам, якога стануць судзіць у Беларусі, стане Сымон Серафіновіч.

«Серафіновіч, начальнік паліцыі Міра. Другі працэс пасля Катрука будзе над ім. Ён па вушы ў крыві», — сказаў Ігар Марзалюк.

З млынара ў каты

Сымон Серафіновіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Скамарошкі пад Стоўбцамі, у беднай сям'і. Ад першага шлюбу меў сына. У 1930-я гады служыў у польскім войску. Другі раз ажаніўся з полькай Ядвігай. З прыходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь сваякоў ягонай жонкі дэпартавалі. Перад пачаткам вайны ён быў абмершчыкам на млыне ў Вобрыне, дзе штодзённа працаваў поруч з яўрэямі. 

Пры немцах ён зрабіў хуткую кар’еру і ў першыя месяцы быў прызначаны начальнікам паліцыі (шуцманшафта) ў Турцы, а пасля з кастрычніка 1941-га — начальнікам паліцыі ў Міры. Чуткі пра забойства яўрэяў у іншых мястэчках даносіліся да Турца, але ніхто з мясцовых не чакаў, што тое ж будзе і ў іхнім мястэчку. Страшная хваля масавых забойстваў дакацілася ўвосень 1941 года.

У канцы кастрычніка 1941 года немцы і мясцовая паліцыя выбралі ў Турцы больш за 50 яўрэяў, якіх расстралялі ў лесе. 

«[Я] бачыў, як ішлі 55 яўрэяў, іх вялі паліцаі. Ля ямы яўрэяў падзялілі на тры групы. Першай групе было загадана распрануцца і стаць тварам да ямы. Серафіновіч пачаў страляць, і першай ахвярай быў ягоны былы сябар Ханан Хаймовіч.

У 1940 г. Хаймовіч загадваў млынам, а Серафіновіч быў брыгадзірам у млынароў. Яны разам гулялі ў карты. У першую групу стралялі з 10 метраў, і ўсе ў ёй загінулі адначасова. Ахвяры пападалі ў яму. Другая група (маладыя яўрэі, сярод іх мая сястра Ліба) прасілі аб літасці, але жахлівымі ўдарамі іх прымусілі стаць каля ямы і расстралялі. Трэцяя група была зусім абыякавая да свайго лёсу і моўчкі выконвала загады», — успамінаў сведка, яўрэй Іегуда Гесік, якому было загадана капаць ямы.

Іосіф Гаркавы пазбег смерці падчас першай нямецкай «акцыі» (эўфемізм масавых забойстваў), але праз тыдзень, 4 лістапада, яго напаткала ў мястэчку другая. Нямецкі камендант са Стоўбцаў арганізаваў збор яўрэяў, а Серафіновіч кіраваў на ім дзеяннямі мясцовай паліцыі. Тады пры дапамозе паліцыі на яўрэйскіх могілках расстралялі каля 500 яўрэяў, яшчэ каля сотні было забіта ў недалёкіх Ярэмічах крыху раней. Гаркавы быў сярод нямногіх, якіх адабралі для працы на млыне.

У нядзелю 9 лістапада 1941 года маштабная антыяўрэйская «акцыя» прайшла ў Міры. Узброеныя паліцыянты на чале з начальнікам раённай паліцыі Серафіновічам расстралялі Абрама Рэзніка і гэта, відаць, стала сігналам да расправы. Тых, хто спрабаваў збегчы, паліцыянты расстрэльвалі з аўтаматаў. 

Глядзіце таксама

Многіх іншых яўрэяў нямецкія жаўнеры і мясцовая паліцыя адвялі на рынкавую плошчу паміж касцёлам і царквой. Яўрэяў стралялі і па дарозе, а на плошчы адкрылі агонь з двух аўтаматаў. Тых, хто выжыў, пагналі калонамі з плошчы.

Адных немцы і беларускія паліцыянты расстралялі ў яме на бойні. Сведкам гэтага была Рэгіна Бядынская, дачка школьнага настаўніка-паляка. Іншых забілі ў пясчаным кар’еры недалёка ад Мірскага замка. Леў Абрамоўскі, які быў у схованцы на сенавале, бачыў, што «яўрэяў гналі да кар’ера паліцыянты».

Іншы мясцовы жыхар Барыс Грушэўскі расказаў, што на «акцыі» прысутнічала больш паліцыянтаў-беларусаў, чым немцаў. Паліцыя, узброеная вінтоўкамі і штыкамі, сачыла за калонай.

«Паліцаі сядзелі на краі гэтага кар’ера. У іх былі аўтаматы. Было там таксама некалькі немцаў. Стралялі паліцыянты. Яўрэі стаялі калонамі побач з кар’ерам. Паліцаі па баках кар’ера сачылі, каб ніхто не разбегся. Яўрэяў прымусілі здымаць вопратку і лезці ў кар’ер групамі па некалькі чалавек. Яны клаліся ў кар’ер, і ў іх стралялі… Некаторыя з яўрэяў былі толькі параненыя і спрабавалі вылезці. Кроў лілася з іх ранаў», — успамінаў Грушэўскі. 

Усяго ў той дзень у розных месцах мястэчка былі забітыя каля 1500 чалавек. Каля 800 ацалелых яўрэяў былі загнаныя ў «другое гета» на тэрыторыі Мірскага замка. Паліцыянты ў Міры атрымалі загад ліквідаваць тых яўрэяў, якія засталіся ў навакольных вёсках і хутарах. 

Прыблізна 16 студзеня 1942 года ў вёсцы Крынічнае дзясятак паліцыянтаў расстраляў у свірне 21 чалавека — усіх мясцовых яўрэяў, а таксама некалькі яўрэйскіх сем'яў, захопленых па дарозе ў вёсцы Беражна. 

Прыблізна праз два тыдні, 2 лютага 1942 года, жандары і мясцовыя паліцыянты пад началам Серафіновіча высунуліся з Міра дзвюма асобнымі групамі. Па шляху да вёскі яны захоплівалі рассеяныя яўрэйскія грамады. 41 яўрэя, сабранага падчас паездкі, расстралялі ў Далматаўшчыне. 

Глядзіце таксама

Роля мясцовых паліцыянтаў у гэтых акцыях па зачыстках вёсак Мірскага раёна ад яўрэяў была вызначальная, бо толькі яны ведалі, як адрозніць яўрэяў ад іншых жыхароў. З пункту гледжання аднаго былога шуцмана з Мірскага раёна, усе службоўцы беларускай паліцыі валодалі дастатковай уладай, каб арыштоўваць і расстрэльваць людзей. За забойствы іх не каралі. Паліцэйскія начальнікі мелі яшчэ больш улады.

У выніку некаторыя паліцыянты займаліся звядзеннем асабістых рахункаў і дзейнічалі так, быццам яны былі вышэйшыя за закон. Падобна да таго, што пры гэтым Серафіновіч стараўся ахоўваць беларускіх сялян, схільных да калабарацыі.

У сакавіку 1943 г. прыйшла чарга новых карных акцый — у Лядках, Новым Сяле і Пагарэлках. У акцыі ў Новым Сяле брала ўдзел баранавіцкая «паляўнічая каманда І» (Jagdzug I) з Серафіновічам на чале. Тады былі забітыя каля 150 чалавек — пераважна праз спаленне іх жыўцом у свірне.

Глядзіце таксама

У Акце аб злачынствах, учыненых гітлераўцамі ў вёсцы Новае Сяло Мірскага раёна, які быў складзены 26 студзеня 1944 года, сцвярджаецца, што 9 сакавіка 1943 года «нямецкія каты і іх прыслужнікі» на чале з камендантам Мірскай паліцыі Серафіновічам і яго намеснікам прыслужнікам фашызму Панкевічам знішчылі 130 двароў, забілі 53 чалавек, многіх зажыва кідалі ў ахопленыя полымем дамы і гумны, іншых расстрэльвалі. Выжылыя пабудавалі зямлянкі на месцы папялішчаў. У ліпені 1943 года Новае Сяло зведала новы напад, 48 чалавек зажыва спалілі ў гумне на хутары. Яшчэ 63 спалілі ў вясковай хаце. Усяго за той дзень знішчылі 203 чалавекі, сярод якіх 90 дзяцей.

У апісаннях злачынстваў у Турцы і Лядках, аднак, Серафіновіч не згадваецца. Але згадваецца, што нямецкі камендант Фаст, ягоныя памагатыя Сымон Серафіновіч, Пятро Ляўковіч і Іван Мазурок арганізавалі ў Міры на вуліцы Завальнай прытон, куды гвалтам зацягвалі дзяўчат і жанчын, гвалцілі, а пасля расстрэльвалі.

У акце Мірскай раённай камісіі ЧДК аб злачынствах, учыненых нямецкімі акупантамі ў раёне, які быў складзены 25 красавіка 1945 года, сцвярджаецца, што ў раёне агулам было забіта 2674 чалавекі за час акупацыі, з якіх у Міры 1750 чалавек, а ў мястэчку Турэц — 460. Галоўным злачынцам у знішчэнні мірных грамадзян названы начальнік жандармерыі Міра, а таксама каменданты раённай паліцыі Сымон Серафіновіч і Панкевіч. 

Радаслаў Астроўскі аглядае беларускіх паліцыянтаў у 1942 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Радаслаў Астроўскі аглядае беларускіх паліцыянтаў у 1942 годзе. Фота: Wikimedia Commons

У час допытаў у 1990-я гады Серафіновіч прызнаўся, што меў кантакты з кіраўніком Беларускай цэнтральнай рады Радаславам Астроўскім яшчэ ў 1943 годзе. У верасні 1943 года Астроўскі выклікаў Серафіновіча, каб той паехаў у Баранавічы дапамагаць у арганізацыі і падрыхтоўцы добраахвотнікаў. Серафіновіч паехаў туды з жонкай і сынам Сымонам. Як сцвярджаў Серафіновіч, пакуль ён быў там, «бандыты» (так ён называў савецкіх партызанаў) забілі жанчыну, і ён забраў з сабой дваіх яе дзяцей, калі паехаў на Захад.

У канцы вайны 

У канцы чэрвеня 1944 года Чырвоная Армія вызваліла ўсходнюю частку Беларусі ад нацыстаў. У заходняй Беларусі пад пагрозай далейшага наступу савецкіх войскаў нямецкія жандары і супрацоўнікі шуцманшафтаў пачалі эвакуацыю далей на захад.

Як расказваў сам Серафіновіч, ягоная жонка Ядвіга і сын Сымон выехалі з ім на фурманцы. Немцы далі яму форму пяхотніка. Ва Усходняй Прусіі мірскіх паліцыянтаў разам з многімі іншымі далучылі да 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС. На цягніку іх разам з начальнікам нямецкай жандармерыі Міра Райнгольдам Гайнам і ягоным намеснікам Вілі Шульцам перавезлі ў Францыю. 

У сваіх інтэрв’ю Серафіновіч наўмысна не згадваў сваю службу ў войсках СС, змаўчаў, напрыклад, пра той факт, што восенню 1944 года яго падвысілі да цугфюрара, то-бок камандзіра ўзвода. 

Глядзіце таксама

Ён сцвярджаў, што іхняе падраздзяленне было перакінута далей з усходняй Францыі ў Дахау, што недалёка ад Мюнхена, і праз некаторы час яны здаліся французам. Серафіновіч адмаўляў свой удзел у бітве з французскімі войскамі ў Вагезах, пасля якой ягоная дывізія, пацярпеўшыя вялікія страты, дэзерціравала. Але ў нямецкіх данясеннях пра шлях унтэрштурмфюрара Серафіновіча была іншая інфармацыя, што ягонае падраздзяленне ўдзельнічала ў баях за вёску Бальшвілер.

З выяўленых пасля ў доме Серафіновіча запісаў стане зразумела, што ў канцы жніўня 1944 года частка беларусаў забіла сваіх афіцэраў і ўцякла да французскіх партызан. Невядома чаму, але Серафіновіч адмаўляў тое, што гэтыя запісы зробленыя ім. 

Як і многія іншыя беларусы з былых нямецкіх фарміраванняў, Серафіновіч далучыўся пасля да Арміі Андэрса, якая разам з брытанскімі войскамі ўдзельнічала ў баях супраць нацыстаў. Восем месяцаў служыў у Егіпце, яшчэ столькі ж у Італіі. Толькі ў чэрвені 1946 года Серафіновіч прыбыў у Глазга. 

Новае жыццё ў Вялікабрытаніі

Са 104 супрацоўнікаў шуцманшафтаў у Міры і Турцы, што ўцяклі на Захад, прынамсі 46 прыбылі ў Вялікабрытанію, з іх 11 падафіцэраў, у тым ліку і Сымон Серафіновіч. 

У Брытаніі ён паступіў на службу ў створаны пад беспасярэдняй брытанскай камандай Польскі корпус падрыхтоўкі i размяшчэння (Polski Korpus Przysposobienia i Rozmieszczenia — Polish Resettlement Corps), што быў пераходным этапам перад дэмабілізацыяй. Служыў у Вялікапольскай бранятанкавай брыгадзе, якая размяшчалася ў лагеры Бэкфард, у графстве Сасэкс. Хаваючы сваё паходжанне, спачатку запісаўся палякам, а месцам нараджэння пазначыў Bozek (Барок?) пад Стоўбцамі.

Нягледзячы на спробы схаваць сваю дзейнасць у якасці шуцманера, трое вайскоўцаў з Польскага корпуса — капрал Кухарчык, сяржант Лявон Савіцкі і радавы Томаш Атцэцкі — абвінавацілі яго ў ваенных злачынствах. Абвінавачванні былі досыць сур’ёзнымі, таму польскі Генштаб перадаў іх брытанскім уладам.

Савіцкі заявіў, што «падчас нямецкай акупацыі Серафіновіч цесна супрацоўнічаў з гестапа ў раёне Турца, Міра і Баранавічаў». Яго самога арыштавалі і змясцілі ў канцлагер па загадзе Серафіновіча. Атцэцкі, які сустракаўся з Серафіновічам у пачатку 1942 года, са свайго боку заявіў, што Серафіновіч быў ініцыятарам усіх рэпрэсій і «пацыфікацыі» (то-бок знішчэння) цэлых вёсак у ваколіцах Міра. Асаблівую стараннасць ён праяўляў у знішчэнні палякаў і інтэлігенцыі.

Справай зацікавілася брытанская контрразведка MI5, але там урэшце палічылі, што паколькі злачынствы адбываліся на тэрыторыі Польшчы (Заходняя Беларусь у час вайны на захадзе ўсё яшчэ ўспрымалася часткай Польшчы, акупаванай спачатку Саветамі, а пасля нацыстымі), то гэта іх не тычыцца. У ваенным ведамстве таксама палічылі, што абвінавачанні занадта агульныя і грунтуюцца на чутках. Але архіўныя матэрыялы пацвярджаюць, што абвінавачанні ўспрымаліся як праўдзівыя і турбавалі сваімі палітычнымі наступствамі дзяржаўныя органы.

Справу мусілі перадаць у Камісію ААН па ваенных злачынствах, але невядома па якіх прычынах гэтага зроблена не было. 

Будынак «Лонданскай клеткі» ў Кенсінгтоне, дзе трымалі і дапытвалі нацысцкіх злычынцаў 

Будынак «Лонданскай клеткі» ў Кенсінгтоне, дзе трымалі і дапытвалі нацысцкіх злычынцаў 

Яе перадалі падпалкоўніку Аляксандру Патэрсану Скотланду, які кіраваў «Лонданскай клеткай», турмой для ваеннапалонных, дзе, як паведамлялі СМІ, пасля вайны да падазраваных прымяняліся катаванні. У час вайны тут здабывалі важныя разведданыя. Сярод вязняў былі каменданты канцэнтрацыйных лагераў, генералы СС і фельдмаршал Альберт Кесельрынг.

Серафіновіч трапіў сюды ў красавіку 1947 года. Яго дапытваў асабіста Скотланд, што яшчэ раз пацвярджае ўсю сур’ёзнасць, з якой брытанскія ўлады паставіліся да абвінавачванняў супраць беларуса. Скотланд быў перакананым змагаром з нацысцкімі злачынцамі, для яго гэта было справай асабістага абавязку. 

У сваім дакладзе пра Серафіновіча ён адзначыў, што той пакідае добрае ўражанне, сам прыемны і памяркоўны, трохі хітры і выкрутлівы, але не брутальны. Дзякуючы сваім фізічным якасцям і здольнасці паводзіць сябе аўтарытэтна ён мог зрабіць уражанне на немцаў. 

Серафіновіч адкінуў абвінавачанні, што ён датычны да арышту старшыні калгаса ў Мірскім раёне і былога дырэктара школы Баліцкага, якія былі адпраўленыя ў Калдычэўскі лагер і знішчаныя. Яўрэяў у Міры, як ён сцвярджаў, забілі нямецкія салдаты. Таксама ён заявіў, што Савіцкі і Атцэцкі былі п’яніцамі, якія ненавідзелі яго і распаўсюджвалі плёткі, каб нашкодзіць яму. 

Глядзіце таксама

Скотланд чамусьці пагадзіўся з тым, што Серафіновіч не можа адказваць за арышт Баліцкага. Відаць, брытанскі афіцэр слаба ўяўляў характар нацысцкай акупацыі Беларусі, бо ахарактызаваў шуцманшафт як сілу, якая абараняла насельніцтва ад партызан.

На падставе ацэнкі Скотланда Канцылярыя галоўнага ваеннага суддзі адмовілася ад далейшага разгляду справы. Гэта азначала не апраўданне Серафіновіча, а толькі тое, што доказы яго віны тады падаваліся недастатковымі. 

Брытанскія ўлады, відаць, таксама супакойваў той факт, што ў сваёй анкеце ў 1946 годзе Серафіновіч пазначыў, што хацеў бы пераехаць у Канаду — але ў выніку ён так і не паехаў туды. У лістападзе таго ж 1947 года Серафіновіч вырашыў падкарэктаваць непраўдзівую інфармацыю пра сваё паходжанне, папрасіўшы ў Польскага корпуса выправіць яго нацыянальнасць на беларускую. 

Польскае войска, тым не менш, было зацікаўлена працягваць пераслед Серафіновіча. Ваенна-палявы суд пачаў працэс супраць яго за супрацоўніцтва з нацыстамі. Яго вінавацілі ў тым, што калі ён быў прызначаны акупацыйнымі ўладамі на пасаду начальніка паліцыі, то ўдзельнічаў у арыштах, вывазе на прымусовыя работы, «пацыфікацыі» і спаленні вёсак. 

На жаль, матэрыялы таго суда не захаваліся. 12 красавіка 1948 года Серафіновіча выключылі з Польскага корпуса, але праз дзесяць дзён, 22 красавіка, была напісаная запіска, дзе адзначалася, што судом ягоны пераслед адкладзены да дэмабілізацыі з сувязі з далучэннем да Польскага корпуса… На гэтым дзіўным моманце расследаванне яго дзейнасці ў час вайны, здаецца, спынілася. 

Беларуская эміграцыя

Афіцэры Польскага корпуса адзначалі актыўны ўдзел Серафіновіча ў беларускім нацыянальным руху ў Лондане. Яны ведалі, што ён ліставаўся з «перамешчанымі асобамі» ў Германіі, а ў палку вакол яго гуртаваліся беларусы. Гэтай інфармацыяй яны дзяліліся з Міністэрствам унутраных спраў, бо ў справе Серафіновіча маецца рукапісны запіс за снежань 1947 года, «звязаны з беларускім вызваленчым рухам». 

Серафіновіч падтрымліваў зносіны з Радаславам Астроўскім, які, як і ён, перабраўся ў Лондан. Савецкая прапаганда сцвярджала, што Серафіновіч у час вайны быў правай рукой Астроўскага, быццам бы кіраўнік БЦР пытаўся ў яго «экспертнага» меркавання па вайсковых справах і па пытаннях гвалтоўнага анямечвання Беларусі. 

Паводле даных польскіх спецслужбаў, Серафіновіч кіраваў Хрысціянскім аб’яднаннем беларускіх работнікаў (ХАБР), якое згуртавала прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага. Калі з Заходняй Германіі прыехаў сам Астроўскі, то Серафіновіч крыху прыціх. ХАБРам цікавіліся брытанскія і амерыканскія спецслужбы, а Серафіновіч быў для іх фактычна інфарматарам.


Глядзіце таксама

У 1951 годзе ў СССР з Лондана вярнуўся беларус Іван Ляхаў, яго старанна дапыталі. З гэтых допытаў вядома, што ён быў членам ХАБРа і назваў намеснікам кіраўніка арганізацыі, Барыса Суравога, Сымона Серафіновіча. Серафіновіч, па яго словах, працаваў у Лондане рабочым на будоўлях. 

Брытанскія спецслужбы, у прыватнасці Mi-5 і Mi-6, пільна сачылі за дзейнасцю беларускай арганізацыі. Сам жа Астроўскі імкнуўся наладзіць сувязь з брытанскай і амерыканскай разведкамі.

Калі ў 1990-я гады расследавалася справа Серафіновіча, то паліцыі было адмоўлена ў доступе да файлаў Mi-6, бо, відаць, многія беларускія эмігранты былі схіленыя да супрацы з брытанскімі спецслужбамі. 

Блізкая небяспека

Пасля вайны адчуваўся такі востры недахоп працоўнай сілы ў Вялікабрытаніі, што лейбарысцкі ўрад свядома дазволіў застацца ў краіне сотням тысяч замежных рабочых, пра мінулае якіх было мала што вядома. Толькі з часам ва ўладаў Брытаніі дайшлі рукі, каб правесці праверку гэтых людзей, якая доўжылася з 1950 па 1952 гады. 

Але рэсурсаў бракавала, і праверка ператварылася ў фармальнасць. Па-першае, афіцэрам міграцыйнай службы не патлумачылі, што спецслужбы хочуць выявіць, па-другое, афіцэры працавалі ў дрэнных умовах па 12 гадзін на дзень, маючы штодня па 30 інтэрв’ю, на якія адводзілася толькі паўгадзіны. За гэты час афіцэр мусіў аднесці чалавека да адной з дзвюх катэгорый — «не ўяўляе інтарэсу для бяспекі» ці да катэгорыі «асаблівага разгляду».

На пытанні «ці былі вы членам Вафэн СС або якой-небудзь нацысцкай арганізацыі?» эмігранты адказвалі «не» — і гэтым уся праверка сканчалася. Серафіновіч прайшоў такую «праверку» 2 чэрвеня 1951 года. Ён заявіў, што быў у беларускай паліцыі пад акупацыяй, а пасля ў беларускім войску ваяваў з рускімі.

«Вяртацца на радзіму, пакуль яна акупаваная рускімі ці палякамі, ён не мае жадання: стаіць на звычайнай для беларусаў пазіцыі — супраць усіх! Не ўяўляе інтарэсу для бяспекі», — запісана пра яго.

У 1982 годзе з’явілася новая магчымасць прыцягнуць Серафіновіча да адказнасці, калі Упраўленне спецыяльных расследаванняў Міністэрства юстыцыі ЗША расследавала справу Уладзіміра Волчака, былога шуцмана з Міра.

Амерыканцы звярнуліся да брытанскіх уладаў, каб прыцягнуць Серафіновіча як сведку ў справе, але пасля вялікай затрымкі яны атрымалі адказ, што паліцыя не адшукала нікога з такімі іменем у Вялікабрытаніі. 

Новы пераслед

Дзякуючы руплівым даследаванням брытанскіх гісторыкаў, у 1990-я гады ўдалося выявіць, што больш за сорак шуцманаў з Мірскага раёна эмігравалі ў Брытанію пасля вайны і прынамсі палова з іх усё яшчэ заставалася ў жывых.

Але калі было высветлена, што Серафіновіч дагэтуль жыве ў Лондане, расследаванне пераключылася з падначаленых на іхняга кіраўніка. 

Да 1991 года прыцягнуць да адказнасці Серафіновіча, які паспеў натуралізавацца ў Вялікабрытаніі, было досыць складана. Гэта стала магчымым толькі з прыняццем Акта аб ваенных злачынствах 1991 года. Ініцыятарам прыняцця акта была кіроўная Кансерватыўная партыя. Гэтаму папярэднічала патрабаванне прэм’ер-міністаркі Маргарэт Тэтчэр расследаваць, ці ёсць у Вялікабрытаніі сярод эмігрантаў 1940-1950-х гадоў нацысцкія злачынцы. Яна заявіла, што яе краіна не «бананавая рэспубліка», дзе злачынцы могуць жыць беспакарана.

Прыняты акт дазваляў прыцягваць да крымінальнай адказнасці натуралізаваных падданых Вялікабрытаніі, якія ў часы вайны супрацоўнічалі з нацыстамі і здзяйснялі ваенныя злачынствы. У краіны не было заканадаўчых мер, каб праводзіць экстрадыцыю ў краіны, дзе гэтым людзям выстаўляліся абвінавачванні, акт жа дазваляў судзіць іх у Вялікабрытаніі.

Сям'я Варановічаў, забітая паліцыянтам на чале з Серафіновічам у час акцыі ў вёсцы Крынічнае 16/17 студзеня 1942 года

Сям'я Варановічаў, забітая паліцыянтам на чале з Серафіновічам у час акцыі ў вёсцы Крынічнае 16/17 студзеня 1942 года

Паколькі да пачатку Другой сусветнай вайны краіны Балтыі і Польская Рэспубліка былі незалежнымі дзяржавамі, то тых, хто нарадзіўся на іх тэрыторыі і пасля вайны апынуўся на Захадзе, Савецкаму Саюзу не выдавалі. Гэта тычылася і тых беларусаў, што паходзілі з Заходняй Беларусі. На Захадзе небеспадстаўна меркавалі, што толькі за факт знаходжання пад нямецкай акупацыяй гэтым людзям можа пагражаць турэмнае зняволенне. Але гэта ж дазваляла многім ваенным злачынцам пазбегнуць пераследу. 

Выявілася, што пераканаўчыя паказанні сведак супраць Серафіновіча ўжо былі агучаныя раней у ходзе расследавання ваенных злачынстваў у Заходняй Германіі, ЗША, Ізраілі і Аўстраліі. Доказы таксама былі выяўленыя ў архівах брытанскіх ведамстваў і спецслужбаў. 

Так, у 1967 годзе сведка Доў Рэзнік, якога ў межах адной са спраў дапытала ізральская паліцыя, успомніў пра Серафіновіча і яго ўдзел у знішчэнні ад 1500 да 1800 яўрэяў 9 лістапада 1941 года ў Міры, у тым ліку ў расстрэле 16-гадовага сына Рэзніка і ягонага сябра Арона Рудзіцкага з жонкай і двума дзецьмі. 

Адной з крыніц абвінавачанняў сталі таксама расследаванні, праведзеныя савецкай Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй у красавіку 1945 года. 

У 1993 годзе былі дапытаныя Канстанцін Окунь і Іван Мазурок, якіх раней падазравалі ў разні, учыненай у вёсцы Лядкі Карэліцкага раёна. Окунь нічога не сказаў, але Мазурок пацвердзіў, што іх камандзірам быў Серафіновіч. 

Дапытаны быў і Іосіф Гаркавы, які перажыў знішчэнне 600 яўрэяў у Турцы, сярод якіх былі ягоныя жонка і дзеці. Гаркавы ведаў Серафіновіча да вайны і паведаміў, што той дапамагаў немцам выбіраць, каго з яўрэяў забіць, а каго накіраваць у лагер у Новым Свержані. 

Былі вывучаныя матэрыялы суда над шуцманам Канстанцінам Носам, арыштаваным НКВД у 1944 годзе. Сведкі, некаторыя з якіх былі знаёмыя да вайны з Серафіновічам, заяўлялі, што ён кіраваў усім — «навучаннем, паходамі і баямі, арыштамі і расстрэламі, рабаваннем».

Серафіновіч падчас допыту брытанскай паліцыяй у 1993 годзе

Серафіновіч падчас допыту брытанскай паліцыяй у 1993 годзе

У чэрвені 1993 года ў паліцыі было дастаткова падстаў, каб дапытаць Серафіновіча. У доме 82-гадовага беларуса правялі ператрус. Ён даваў паказанні на ламанай ангельскай мове, удакладняючы па-руску праз перакладчыка. Нягледзячы на ўзрост, ён адмаўляўся ад прапаноў папіць чагосьці ці зрабіць перапынак.

«Мне вельмі прыемна сядзець тут, размаўляць з вамі і расказваць вам праўду», — заяўляў Серафіновіч.

Ён прызнаў, што быў у шуцманшафце ў Турцы і Міры падчас карных акцый супраць яўрэйскага насельніцтва, але сцвярджаў, што ўсе забойствы былі здзейсненыя немцамі.

Паліцыя: Як да вас ставіліся ў Турцы?

Серафіновіч: Вельмі добра, у тым ліку некаторыя яўрэі.

П.: Калі вы выехалі з Турца, там не засталося ніводнага яўрэя, таму што ўсе былі расстраляныя. Вы расстралялі Хаймовіча [загадчыка млына].

С. Гэта няпраўда. Гэта хлусня.

Сваё далучэнне да ахоўнай паліцыі ў 1941 годзе ён патлумачыў наступным чынам:

«Бандыты (так ён называў прасавецкіх партызан. — НН) забілі майго найлепшага сябра. Гэта быў пачатак. Праз шэсць дзён пасля ўварвання я пайшоў да немцаў прасіць абароны і тады ўзброіўся. Мясцовыя жыхары, у тым ліку яўрэі, ведалі, што я быў у (польскай) арміі, і мяне папрасілі арганізаваць добраахвотніцкі атрад абароны. Яго склалі людзі, сваякі якіх былі высланыя бальшавікамі».

Серафіновіч, відавочна, ненавідзеў савецкія ўлады і не хаваў гэтага ад брытанскай паліцыі.

«Сельсавет мог адвольна вырашаць, каго саджаць у турму. Аднойчы зімой 1939-1940 г. паліцыя прыйшла на млын (у Обрыне, дзе ён быў кіраўніком. — НН) і абвінаваціла гаспадара млына ў забруджванні мукі. Мяне арыштавалі і разам з усёй сям’ёй жонкі, яе бацькамі, дзвюма сёстрамі і двума братамі загадалі выслаць у (у арыгінале Wolodna, магчыма ў Волагду. — НН) цэнтральную Расію. Калі цягнік ужо адыходзіў, мяне адпусцілі, бо жонка Ядвіга хварэла. Астатнія члены яе сям'і былі дэпартаваныя. Яе бацькі не выжылі».

«Я заўсёды лічыў сябе ўраджэнцам Беларусі, якая, на мой погляд, асобная краіна. Праўда, на працягу многіх гадоў мая краіна была акупаваная рознымі іншымі краінамі, але я адчуваю сябе заўсёды беларусам са сваёй мовай і нацыянальнасцю».

Серафіновіч у польскай форме з малалетнім сынам Сымонам на руках. 

Серафіновіч у польскай форме з малалетнім сынам Сымонам на руках. 

Але тое, што кіраваў шуцманшафтам, Серафіновіч па парадзе адвакатаў адмаўляўся прызнаваць. Ён упарта сцвярджаў, што ў Міры ніколі не надзяваў нямецкай формы, бо лічыў гэта недарэчным і форма часта не пасавала па памеры, а таксама што яму не плацілі за службу. Гэта, праўда, лёгка аспрэчвалася здымкамі ў форме, паказаннямі сведак і нямецкімі дакументамі. 

Калі Серафіновічу паказалі дакумент аб узнагароджанні яго за адвагу ў ліпені 1943 года, то ён заявіў, што гэтую ўзнагароду атрымаў за выратаванне сотні жыхароў вёскі Сіняўская Слабада, дзе не дазволіў немцам расстраляць вяскоўцаў. 

Гэта выглядала вельмі дзіўна: навошта немцам узнагароджваць беларуса за выратаванне вяскоўцаў ад саміх жа немцаў? Але адвакаты Серафіновіча, якія ў 1996 годзе наведалі Беларусь, занатавалі, што «ў вёсцы Сіняўская Слабада ўсе кажуць, што Серафіновіч выратаваў іх ад расстрэлу летам 1942 года». 

Абвінавачанне не пярэчыла гэтаму, а наадварот, выкарыстала супраць Серафіновіча, заявіўшы, што ён мог ратаваць людзей, бо «меў уладу над жыццём і смерцю», а значыць не быў простым служкам у немцаў. Ключавым сведкам абвінавачвання стаў нямецкі перакладчык Освальд Руфайзэн, чыя біяграфія вартая экранізацыі.

Ён уцёк з Вільні ў Мір, дзе здолеў схаваць сваю нацыянальнасць і знайсці працу ў паліцыі, дапамагаючы яўрэйскаму супраціву ў мястэчку. Дзякуючы яго высілкам былі выратаваны сотні жыццяў. Калі ўсё ўскрылася і ён прызнаўся, што яўрэй, нямецкі жандар Гайн, які добра да яго ставіўся, даў яму збегчы. На гэтым гісторыя Руфайзэна не скончылася — ён не толькі прыняў каталіцтва, але стаў манахам-кармелітам. Праз гэты факт ізраільскі суд адмовіць яму, яўрэю і ахвяры Халакоста, у рэпатрыяцыі ў Ізраіль.

Руфайзэн працаваў у Серафіновіча і нават некалькі месяцаў кватараваў у ягоным доме па Віленскай вуліцы. Магчыма, паліцыянт падазраваў, што Руфайзэн быў яўрэем, але схаваў гэта ад немцаў, таму што ён быў карысным перакладчыкам.

Руфайзэн даў вычарпальныя паказанні на Серафіновіча па многіх акцыях, у якіх той браў удзел, бо сам прысутнічаў на большасці з іх. Ён ахарактарызаваў начальніка беларускай паліцыі як чалавека, які не быў асаблівым ужо там антысемітам, а проста думаў, што немцы перамогуць, і спадзяваўся зрабіць кар’еру.

Але Руфайзэн не быў непасрэдным сведкам забойстваў 9 лістапада ў Міры. Удзел у забойстве каля 1500 яўрэяў у той дзень пацвердзілі паказанні чатырох іншых сведак, сярод якіх і Рэгіна Бядынская, якая бачыла расстрэл на бойні.

У час пасляваеннага расследавання Бядынская расказала, што пасля расстрэлу спусцілася да студні набраць вады. Яна ўбачыла чатырох дарослых яўрэяў з дзіцём, якія па завулку беглі да поля. У той жа час на вуліцы стаялі начальнік мясцовай паліцыі Серафіновіч і трое паліцыянтаў з вінтоўкамі.

Серафіновіч павярнуўся, прыцэліўся і адкрыў агонь па яўрэях, якія спрабавалі ўцячы. Стрэлам ён параніў яўрэйку, якая ўпала на сваё дзіця. Дзіця выпаўзла з-пад жанчыны і закрычала: «Мама, уставай, мама, уставай». Аднак жанчына не варушылася.

Брытанскай паліцыі Сымон Серафіновіч прызнаўся, што ў той дзень сапраўды быў у Міры, але сцвярджаў, што спрабаваў дапамагчы яўрэям: «Я рабіў усё магчымае, каб выратаваць гэтых людзей… Я нікога не страляў. Ніякіх загадаў страляць я не аддаваў».

Да вясны 1995 года супраць Серафіновіча былі сабраныя істотныя доказы, каб выставіць яму абвінавачванні. Але дадатковыя праверкі і скептыцызм пракурора ў тым, што магчыма прыцягнуць карніка да адказнасці праз столькі гадоў, зацягнулі справу. 

Суд над карнікам

85-гадовы Сымон Серафіновіч 8 лістапада 1996 года на выхадзе з суда, дзе адбывалася папярэдняе слуханне. Фота: Stefan Rousseau — PA Images/PA Images via Getty Images

85-гадовы Сымон Серафіновіч 8 лістапада 1996 года на выхадзе з суда, дзе адбывалася папярэдняе слуханне. Фота: Stefan Rousseau — PA Images/PA Images via Getty Images

Пасля пэўных ваганняў пракурор нарэшце ў ліпені 1995 года выставіў Серафіновічу абвінавачванне. 12 ліпеня ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў чатырох забойствах. На той момант Серафіновічу было 84 гады, і ён лічыўся дастаткова здаровым як фізічна, так і псіхічна, каб стаць перад судом. 

Суд пачаўся ў студзені 1996 года ў Доркінгскім міравым судзе графства Сурэй, але 15 красавіка справа была перададзена ў Олд-Бэйлі, цэнтральны крымінальны суд краіны. Адно з абвінавачванняў было знята, бо не адпавядала працэсуальным крытэрыям.

Але ўжо ў студзені 1997 года судовы пераслед быў афіцыйна спынены, бо ў 86-гадовага падсуднага была выяўлена хвароба Альцгеймера. Для абвінавачання тое, што Серафіновіч паспрабуе ўнікнуць пакарання праз немагчымасць быць асуджаным па стане здароўя, стала непрыемнай нечаканасцю.

Хвароба і хуткая смерць былога карніка перарвалі спробы брытанскіх уладаў прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці за здзейсненыя злачынствы. Развітанне ў каталіцкай царкве Святой Ганны каля Банстэда. Сын Сымон другі злева. 15 жніўня 1997. Фота: David Cheskin — PA Images/PA Images via Getty Images

У любым выпадку, вельмі верагодна, што нават без гэтай акалічнасці Серафіновіч наўрад ці б дачакаўся абвінаваўчага прысуду — ён памёр усяго праз паўгода, у жніўня 1997 года. Сымон Серафіновіч стаў першым чалавекам у Вялікабрытаніі, якога паспрабавалі прыцягнуць да адказнасці пасля прыняцця Акта аб ваенных злачынствах 1991 года, але ён здолеў пазбегнуць прысуду.

Не дачакаўся суда і Станіслаў Хржаноўскі, які быў датычны да знішчэння 25 тысяч чалавек у Слонімскім гета. Адзіным прыцягнутым да адказнасці ў Вялікабрытаніі ваенным злачынцам стаў Андрэй Саванюк, які з асаблівым энтузіязмам вынішчаў яўрэяў у родным Дамачаве пад Берасцем і быў асуджаны ў 1999 годзе да двух пажыццёвых тэрмінаў.

Гісторыя гэтых карнікаў у Вялікабрытаніі цікавая і з пазіцыі таго, што сёння адбываецца ў Беларусі. Яна паказвае, што, удзельнічаючы ў злачынствах супраць уласнага народа, карнікам пасля не ўдасца надзейна схавацца ад правасуддзя і апраўдацца тым, што проста выконвалі чыйсьці загад.