«Яўрэяў хавалі ў бочках». Як мяцежныя чырвонаармейцы зладзілі пагром у Гомелі
У 1919 годзе два палкі чырвонаармейцаў, якія праходзілі праз Гомель, учынілі там яўрэйскі пагром, каб расправіцца з «іншаверцамі». З такімі ж заклікамі сёння выступаюць палесцінскія баевікі.
Тэрарысты з ХАМАСа абвясцілі 13 кастрычніка «сусветным днём пагрому яўрэяў», у які яны заклікаюць мусульман ажыццяўляць гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да яўрэйскага народа. Цывілізаваны свет на такую «прапанову» тэрарыстаў адрэагаваў з асуджэннем. У ХХІ стагоддзі, пасля падзей Халакосту і Другой сусветнай вайны, калі нацысты імкнуліся знішчыць яўрэяў, такія заявы ставяць палесцінскіх лідараў на адну прыступку з іх ідэалагічнымі папярэднікамі з германскага Трэцяга рэйху. Зрэшты, і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі «пагромы» яўрэяў мелі месца ў ХХ стагоддзі. Тэма гэтая недастаткова даследаваная, і ёй не надаецца належнай увагі. «Штодзень» публікуе згадкі гомельскага літаратара Уладзіслава Ахроменкі (якія ён размяшчаў на старонках «Нашай Нівы» на пачатку 2000-х) пра яўрэйскі пагром у Гомелі падчас Стракапытаўскага мяцяжу ў 1919-м, пра тое, як вялі сябе пагромшчыкі і тагачасныя беларусы.
Стракапытаўскі пагром
Гэтую гісторыю я ўпершыню пачуў ад сваёй бабулі, Марыі Раманавай, у сярэдзіне 70-х. У часы БССР тая падзея была вядомая як «Стракапытаўскі мяцеж». Ізраільскія гісторыкі называюць яе «Гомельскім пагромам 1919 года». А для маёй бабулі ўсё гэта — дзіцячыя ўражанні. Во што яна расказвала.
Рэвалюцыя — прыкрая неспадзяванка
«Бацька і маці мае паходзілі з вёскі Баршчоўка, што між Рэчыцай і Гомелем. Гэта былі звычайныя сяляне. Бацька Сазонт нарадзіўся ў 1877 годзе. Маці Вольга — годам пазней. Сям’я была незаможная. І ў бацькі, і ў маці было па пяцёра-шасцёра братоў і сёстраў. Зямлі на ўсіх бракавала. Ніякіх перспектыў у вёсцы для іх не было. На пачатку ХХ стагоддзя нямала нашых аднавяскоўцаў эмігравалі ў Сібір, дзе зямлі можна было браць колькі заўгодна. Калі мне споўніўся год, з’ехалі і мы. Пасяліліся бацькі на ўскраіне Чыты. Напазычалі грошай у эмігрантаў-сваякоў, набралі зямлі пад грады і працавалі ад рана да рана. Бацькі вырошчвалі капусту. “Баршчоўская” капуста лічылася ў Чыце найсмачнейшай. Праз два гады бацька прыкупіў млын на Ангары і заарандаваў у мясцовых кітайцаў пякарню. Неўзабаве мы пабагацелі й зажылі па-панску: уласная пякарня (выкупілі), двухпавярховы дом у цэнтры Чыты, свой “выезд” з кучарам. Дарэчы, у Чыце найбольш заможнымі рабіліся не тубыльцы, а беларусы і ўкраінцы, якіх панаехала туды мо некалькі тысяч. Мясцовыя занадта многа пілі гарэлкі і не любілі працаваць. Нават у найміты мой бацька браў іх неахвотна, аддаючы перавагу цвярозым і працавітым кітайцам.
Пры канцы 1916 года бацькоў пацягнула дахаты. Яны прадалі ўсё, што мелі, а грошы паклалі на банкаўскі акрэдытыў. Старэйшы бацькаў брат, Мінай Раманаў, на той час ужо меў у Гомелі ўласны гатэль і прапанаваў укласці капітал у якую-небудзь камерцыю пры гатэлі. На Радзіму мы вярнуліся на пачатку 1917 года. І тут здарылася прыкрая неспадзяванка — лютаўская рэвалюцыя. Банк, які ўзяўся перавесці з Чыты ў Гомель бацькавы грошы, збанкрутаваў. Бацькі зрабіліся жабракамі. Усёй маёмасці ў іх было — адна вопратка, у якой выйшлі з цягніка.
«Залаты якар»
У Гомелі мы пасяліліся ў старэйшага бацькавага брата Міная, у ягоным гатэлі “Залаты якар”, што стаяў на вуліцы Замкавай (цяпер — праспект Леніна), на тым самым месцы, дзе цяпер крама “Старт”. Месца было надзвычай зручнае — чыгуначны вакзал. Там жылі пераважна бедныя яўрэі. Дагэтуль памятаю колькі сем’яў: Ёфэ, Шнэерсоны, Мельнікі, Майнцы, Фэльдштэйны, Плісецкія. Гомельскія яўрэі займаліся пераважна гандлем і рамёствамі. Хтосьці скупляў у рыбакоў на Сажы рыбу гуртам, а потым прадаваў яе ўраздроб на рынку. Хтосьці гандляваў малаком і зелянінай. Абсалютна ўсе краўцы, шаўцы, дантысты і аптэкары былі яўрэямі. Заможнымі лічыліся Мельнікі, што мелі ўласную цырульню. Боруха Мельніка называлі няйначай, як “гомельскі Ротшыльд”. Мясцовай знакамітасцю быў піяніст Саламон Майнц — ён скончыў Варшаўскую кансерваторыю і жыў з урокаў музыкі.
Усе гомельскія яўрэі вызначаліся палымянай рэлігійнасцю. У суботы нашыя суседзі хадзілі ў сінагогу, што была ў раёне Замкавай (сёння ў тым будынку месціцца архіў ЗАГСа). На прывакзальных вуліцах і асабліва на рынку панаваў ідыш.
Мае бацькі, простыя сяляне, ставіліся да яўрэйскіх суседзяў досыць прыязна. Не памятаю, каб нехта з іх абражаў суседзяў з-за таго, што яны “іншаверцы”. Амаль усе мае сяброўкі на той час былі яўрэйкі. У суботы я хадзіла ў госці да сёстраў Рывы і Ханы Мельнік, і іхны бацька, цырульнік Борух, прасіў мяне: “Манечка, зрабі ласку, нашчыпай лучынак для самавару, бо нам сёння нельга”.
Яўрэяў хавалі ў бочках
Аднойчы раніцою ўсе мы прачнуліся ад страляніны і ляманту, што чуліся з прывакзальнай плошчы. Там сноўдаліся нейкія вайскоўцы са стрэльбамі. Ужо пазней дазналіся, у чым справа: два палкі Чырвонага войска, набраныя ў Разані і Туле, уцяклі з белапольскага фронту і цягнуліся дахаты ў Расею. Узначальваў іх былы царскі генерал Стракапытаў. На шляху ў дэзерціраў ляжаў Гомель. Яны зладзілі ў нашым горадзе яўрэйскі пагром.
Цэлы дзень мы баяліся выходзіць на вуліцу, назіралі за пагромнікамі з вокнаў. Добра памятаю, як салдаты пабілі вітрыннае шкло ў цырульні Боруха Мельніка і выцягнулі вялікія бутэлькі з адэкалонам. Адэкалон яны выпілі на вуліцы, а цырульню падпалілі. У той самы дзень пачалі лавіць на вуліцах яўрэяў. Колькі нашых суседзяў павесілі на ліхтарах ля вакзала. На другі дзень на галовах мерцвякоў сядзелі крумкачы і дзяўблі вочы. Было страшна, але цікава. Мне хацелася на вуліцу, але бацькі не пускалі. За пагромам мы з братам Сашам (быў ён на 2 гады старэйшы за мяне, дзесяцігадовую) назіралі з вокнаў. Маці адганяла нас, каб не глядзелі на шыбенікаў.
Вайскоўцы выглядалі жудасна: брудныя, барадатыя, падпітыя дзядзькі ў доўгіх шынялях. Яны стралялі ў паветра з ружжаў і голасна мацюкаліся. Потым невядома адкуль узяўся праваслаўны поп з харугвай, які цягаўся з салдатамі і заклікаў “біць жыдоў”.
Неўзабаве да нас прыбеглі яўрэі-суседзі, мо чалавек з дзесяць. Памятаю толькі дзве сям’і: Мельнікаў і Шэндаравых, бо з іх дзецьмі я сябравала. Яўрэі страшна баяліся пагромнікаў. У гатэлі “Залаты якар” быў вялікі склеп, дзе стаялі бочкі з-пад віна, селядцоў і салёных гуркоў. Мае бацькі схавалі яўрэяў у бочках, а зверху навалілі нейкія скрыні. У той самы дзень да нас прыйшлі пагромнікі. Бачыла іх на ўласныя вочы. Запомнілася, што яны ўсе чухаліся, як свінні. Дэзерціры былі чымсьці раз’юшаныя і паводзілі сябе вельмі нахабна. Маці сустрэла іх з абразом у руках. Бацька падрыхтаваў самагонку. Пагромнікі з ганку спыталіся: “Дзе тут жыдава хаваецца? Пакажыце нам жыдаву!” Мая маці запэўніла, што яна шчырая праваслаўная і ўласнымі рукамі гатовая перадушыць усіх хрыстапрадаўцаў-жыдоў. Бацька выставіў пагромнікам усю самагонку, што была ў хаце. На шчасце, салдаты не ведалі пра вінны склеп. Выпілі, перахрысціліся на абраз і сышлі. Суседзі-яўрэі хаваліся ў бочках да канца пагромаў. Маці і бацька насілі ім ежу і пітво.
Назаўтра салдаты пачалі страляць з гармат па гатэлі “Савой”, што быў на вуліцы Румянцаўскай (цяпер — Савецкая; сёння на тым месцы стаіць так званы “Стары ўнівермаг”). У гатэлі зачыніліся былі чэкісты. Яны адстрэльваліся, але “Савой” усё ж разбурылі, а ацалелых чэкістаў (яўрэяў і латышоў) пастралялі й перавешалі.
Пагром доўжыўся колькі дзён. Потым у горад увайшлі чырвоныя й павыганялі дэзерціраў.
Нас з братам нарэшце выпусцілі на вуліцу. Мо з палову дамоў ля чыгуначнага вакзалу і ў раёне так званага “Гарэлага балота” (цяпер — вуліцы Рагачоўская і Веткаўская) было спалена. Паўсюдна лунала пер’е з падраных падушак. На бруку ляжалі непрыбраныя трупы, сярод іх мы пазналі некаторых знаёмых.
Ужо потым суседзі-яўрэі прапаноўвалі маці і бацьку грошы за выратаванне. Але бацькі адмовіліся. Маці сказала, што ўсе мы суседзі і таму, маўляў, мусім дапамагаць адно аднаму.
З Рывай і Ханай Мельнік, а таксама з Нюсяй (Няхамай) Ёфэ мы доўга сябравалі. З Няхамай я вучылася ў Ленінградзе. Пасля вайны Няхама Ёфэ, дыпламаваная інжынерка, пераехала з мужам ва Уфу. Падчас “справы дактароў” яе “вычысцілі” з працы па “пятым пункце”. Праўда, потым аднавілі. Рыва Мельнік пасля вайны пераехала ў Расею, а потым у Ізраіль. А яе малодшая сястра Хана загінула ў Бабіным Яры. Нацысты дарабілі тое, што не здолелі зрабіць чырвонаармейцы-пагромнікі…»