«Думаў, што Сталін памёр — і ўсё змянілася. Аднак яго дух у Беларусі яшчэ жыў»
Беларускі літаратурны крытык і перакладчык Раман Фёдаравіч Ляпіч адсядзеў у ГУЛАГу і выйшаў на волю ў 1946 годзе. Ён быў адным з тых, хто прайшоў праз усе выпрабаванні сталінскай рэпрэсіўнай сістэмы, Успаміны яго жонкі даюць магчымасць зразумець, праз што праходзілі ахвяры НКУС у 1930–1940-я гады.
З сялян…
Нарадзіўся Раман Ляпіч у 1906 годзе ў вёсцы Бор Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям’і. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі парабкаваў. У 1923 годзе будучы навуковец пераехаў у Мінск, дзе працаваў у саўгасе «Трасцянец». У 1926 годзе ён скончыў Школу міліцыі, а потым вучыўся на рабфаку і літаратурным факультэце БДУ. З 1931 года пачынаецца яго супраца з газетамі «Звязда», «Рабочий». Пры гэтым Ляпіч працягваў займацца навукай, скончыў аспірантуру АН БССР, пасля чаго працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам інстытута літаратуры і выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце. У сакавіку 1938 года яго прызначылі дэканам філалагічнага факультэта.
Ляпіч актыўна займаўся навуковай дзейнасцю. Раман Фёдаравіч напісаў рэцэнзіі на кнігі Платона Галавача і Алеся Звонака, пераклаў на рускую мову творы Змітрака Бядулі і Міхася Лынькова. Яго пяру належала і шмат рэцэнзій на тэатральныя п’есы і спектаклі. Вось вытрымка з адной з іх, якая датуецца 1932 годам: «Хмара выведзены ў п’есе як характэрны тып раз’юшанага вялікадзяржаўнага шавініста, які выпадкова трапіў у партыю. “Аплявалі Расію… Прыедзеш у Беларусь — беларусізацыя, у Украіну — украінізацыя, у Арменію…”, — гаворыць ён Віхуры, знаходзячыся пад уздзеяннем алкаголю. Пры гэтым ён імкнецца падвесці пад сваю шавіністычную “тэорыю” марксісцкую базу, заяўляючы: “Хачу гаварыць на той мове, на якой гаварыў Ленін”».
Падзеі першай паловы 1930-х гадоў, звязаныя з так званай «барацьбой супраць нацдэмаўшчыны», накладаюць свой адбітак на працу Ляпіча. У адной з рэцэнзій ён піша: «Гэтаму пералому значна спрыяў разгром беларускіх контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратаў. Выкрыццё перад савецкай грамадскасцю брудных спраў, шпіёнска-дыверсійнага твару гэтых агідных агентаў польскіх і нямецкіх фашыстаў дапамагло тым беларускім пісьменнікам, якія ў той або іншай ступені знаходзіліся пад уплывам нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі, зразумець контррэвалюцыйную сутнасць нацдэмаўшчыны.
Пад уздзеяннем усяго гэтага Янка Купала робіць рашучы перагляд сваіх ранейшых пазіцый, самакрытычна спрабуе ўсвядоміць і ацаніць сутнасць сваіх былых заблуджэнняў і памылак, становячыся на шырокія і светлыя прасторы новай творчасці. Зроблена, як кажуць, пераацэнка каштоўнасцяў. Смела і самакрытычна Купала гаворыць перад тварам савецкай грамадскасці аб шкодных яго ранейшых памылках у вядомым лісце ў рэдакцыю газеты “Звязда”. [...] “Год вялікага пералому” з’явіўся, адначасова і годам, які прынёс з сабой пачатак рашучага пералому, пачатак шчырай ідэйна-мастацкай перабудовы і ў творчасці Я. Купалы. Гэта асабліва відаць на такіх яго вершах, як “Сыходзіш вёска з яснай явы…” (1929), “Дыктатура працы” (1930), “Песня будаўніцтву” (1931) і інш. [...]
Яшчэ больш моцны і эмацыянальны верш “А ў Вісле плавае тапелец” (1931). Тэматычна верш адлюстроўвае жыццё працоўных і эксплуататараў у фашысцкай Польшчы, прычым гэты свой паказ Я.Купала вядзе ў плане рэзкіх сацыяльных кантрастаў, што па-першае, адпавядае сапраўднасці, а, па-другое, дае магчымасць паэту акцэнтавацца на найбольш істотных фактах, адлюстроўваючых становішча спраў у панскай Польшчы. У ім паэт маляўнічымі мастацкімі фарбамі і моцнымі, патрасаючымі сваёй драматычнай праўдзівасцю вобразамі і сітуацыямі перадае раскошу і багацце, жывёльнае, абжорскае існаванне кучкі капіталістычных трутняў і паразітаў на агульным змрочным фоне жабрацтва, галечы, голада і беспрацоўя працоўных мас. З аднаго боку “балюе панская Варшава”, а з другога — “Вісла пеніцца крывава, а ў Вісле плавае тапелец”».
Вязень «Амерыканкі»
Узгаданая вышэй рэцэнзія ўбачыла свет у 1937 годзе. Гэта найбольш цяжкі час для беларускай інтэлігенцыі.
Жонка беларускага навукоўца Соф’я Пятроўна Ляпіч узгадвала: «У 1937 годзе ішлі арышты, і ў той жа час праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет. Сталін заклікаў савецкія органы, партыйцаў да падвышанай пільнасці. [...] 20 ліпеня 1938 года Ляпіч быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС як “вораг народа” і змешчаны ў камеру папярэдняга зняволення ва ўнутранай турме НКУС у Мінску. Пра масавыя рэпрэсіі ён ведаў яшчэ да свайго арышту і быў гатовы да дадзенай сітуацыі. Калі ўбачыў “чорны воран” ля свайго пад’езда, а потым пачуў стук у дзверы, то не здзівіўся.
На парозе стаялі двое вайсковых у форме супрацоўнікаў НКУС са “шпаламі” ў пятліцах. Яны запыталі прозвішча і прад’явілі ордэр на арышт і на ператрус. Пры ператрусе шукалі забароненую літаратуру. Ужо знаходзячыся ў камеры, Ляпіч, паводле ўласнага прызнання, думаў не толькі пра сябе, але і пра лёс мільёнаў такіх, як ён. [...] Ён мог бы стаць селянінам, як яго бацька, але жыццё склалася інакш. Ён пайшоў да ведаў, актыўна займаўся грамадскім жыццём. [...] Ляпіч думаў пра сваіх калег, якія таксама сталі ахвярамі. Пра свайго настаўніка, акадэміка Івана Замоціна, пра Цішку Гартнага, Алеся Пальчэўскага, Мікалая Федаровіча, Янку Скрыгана і іншых. Ужо ў 1938 годзе іншыя беларускія пісьменнікі сталі ахвярамі рэпрэсій. Шматлікія тысячы загінулі ў турмах і лагерах ГУЛАГ», — адзначала ва ўспамінах Соф’я Пятроўна Ляпіч.
Сам навуковец так характарызаваў тую сітуацыю: «Я быў рамантыкам. Быў адным з тых інтэлігентаў, якія пасля заканчэння інстытута шчыра жадалі прыняць удзел у пераўтварэнні старарэжымнага свету. Вылазячы са скуры, даказваючы, што трэба змяніць псіхалогію, адукацыю, веды, пазбавіцца дробнабуржуазных поглядаў.[...] Але прыйшоў час, калі сокі пачалі выжымаць не толькі са старарэжымных, але і з маладых навукоўцаў, такіх, як я. Без сораму пачалі арыштоўваць людзей, называючы іх “ворагамі народа”, саджаць іх за краты па даносах».
На допыты Рамана Ляпіча выклікалі ноччу. «Чалавек сярэдніх гадоў у вайсковай форме з двума шпаламі ў пятліцах сядзеў за сталом. Следчы нешта буркнуў сабе пад нос, назваў сваё прозвішча (Савацееў) і запытаў прозвішча падследнага. [...] Следчы сказаў, што Ляпіч абвінавачваецца ў сувязях з замежнай выведкай. Дакладней, з нямецкай. А таксама ў сувязі з нацдэмамі. Акрамя гэтага, ён абвінавачваўся ў варожай дзейнасці супраць савецкай улады і ў касмапалітызме. [...] Следчы цікавіўся, як Ляпічу ўдалося так хутка падняцца па «крутой лесвіцы навукі». Ён здзіўляўся, як сын непісьменнага селяніна атрымаў вышэйшую адукацыю. «Відаць, у вас была пратэкцыя? Хто быў вашым заступнікам?» — крычаў следчы. Ляпіч тады разважаў: «Няўжо мала месца на зямлі? Хто каму перашкаджае? Навошта абвінавачваць людзей? Арыштоўваць іх і «кухараць» справы? Уся гэтая валтузня з допытамі патрэбна для выгляду, для пратакола», — адзначала ва ўспамінах яго жонка.
Распаўсюджанай абразай з боку нкусаўца былі словы: «Ляпіч, ты інтэлігент вясковага крою. Змяніў лапці на сапагі, сволач». Следчы ціснуў на Рамана Фёдаравіча і прымушаў апошняга агаварыць сябе. Кожную ноч адбывалася адно і тое ж: лямпа ў вочы, тычкі, крыкі. «У Ляпіча была выдатная памяць, заблытаць яго на допытах у следчага не атрымлівалася. Мужу было тады трыццаць два гады, нервы былі яшчэ крэпкія, здароўе з вясковай закваскай. Знаходзячыся пад цяжкімі абвінавачваннямі, ён спрабаваў сябе абараняць. Але дарэмна», — падкрэслівала ў рукапісных мемуарах Соф’я Ляпіч.
Праз некаторы час у камеру, дзе знаходзіўся навуковец, пасадзілі яго знаёмага па інстытуту. Той аказаўся «падсадным» і спрабаваў «разгаварыць» Ляпіча, аднак апошні не «павёўся» на гэты манеўр нкусаўцаў. «Абараняючы сваю скуру, некаторыя гатовыя садраць скуру іншага. Нагаварыць, узвесці паклёп, падпісаць прысуд, адправіць іншага на эшафот — гэта робяць тыя, каму таксама пагражае смерць», — узгадваў тыя часы Раман Фёдаравіч.
Лёс у руках «тройкі»
Ляпіча абвінавачвалі ў здрадзе Радзіме і нацдэмаўшчыне. Навукоўцу не дапамаглі рэцэнзіі, у якіх ён «выкрываў» сутнасць беларускіх нацыянал-дэмакратаў.
«Згніеш у тайзе. Табе прызначана доўга паміраць», — крычаў следчы НКУС. Аднак Раман Ляпіч адмаўляўся падпісваць пратаколы допыту. Ён стаяў на сваім: у контррэвалюцыйных змовах і арганізацыях не быў, на замежную выведку не працаваў. «Заслуга ваша перад Радзімай невялікая. Сёння вы мяне дапытваеце, а заўтра вы можаце аказацца на маім месцы», — ціха ў адказ сказаў Ляпіч.
Як не дзіўна, але апошнія словы Рамана Фёдаравіча былі прароцкімі. Хутка следчага Савацеева, які «не спраўляўся з абавязкамі», знялі. Справай Ляпіча пачаў займацца іншы супрацоўнік дзяржбяспекі. Сабраўшы «дастатковую» для абвінавачвання колькасць даносаў, следчы перадаў дакументы Рамана Фёдаравіча на разгляд Асобай нарады НКУС. «Следству не атрымалася даказаць удзел Ляпіча ў контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі і супрацы з замежнай выведкай. У заключэнні было пазначана: «Заўважаны ўпартым і скрытным у сваіх паводзінах».
Тыя, хто засядаў у «тройках», мелі поўную ўладу над падследнымі. Савецкія газеты ў той час зіхацелі заклікамі «Знішчыць ворагаў народа», «Расстраляць агентаў сусветнага капіталізму» і г.д.
Паралельна ішла так званая «польская аперацыя НКУС», у рамках якой была арыштавана вялікая колькасць жыхароў БССР польскага паходжання і рыма-каталіцкага веравызнання. Праца тагачасных чэкістаў нагадвала жудасны канвеер. «Яны пераследавалі цэлыя катэгорыі савецкіх грамадзян. Забралі самых лепшых, працаздольных, перадавых людзей. [...] Ляпіч чакаў суда. Але які гэта суд? Пасяджэнне “тройкі”. Ён быў упэўнены, што “вышку” не атрымае, бо ў выведвальнай і контррэвалюцыйнай дзейнасці не прызнаўся. Але калі яго завялі ў “судовую залю”, навукоўцу стала жудасна. Ён сеў на стул, а побач з ім стаў вартавы. Праз некаторы час у пакой увайшло тры чалавекі. Тры інквізітары. Яны занялі свае месцы за доўгім дубовым сталом, пакрытым зялёным сукном. Адзін з іх быў у вайсковай форме. Ён устаў і… пачаў зачытваць прысуд. “За варожую дзейнасць супраць савецкай улады… — чытаў кат, — грамадзянін Ляпіч Раман Фёдаравіч асуджаны як “вораг народа” да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём тэрміну зняволення ў працоўным лагеры без права выезду пасля заканчэння пазначанага тэрміну да асаблівага распараджэння».
Дзе ты, каханы?
Для Соф’і Пятроўны Ляпіч пачаліся цяжкія часы. «У 1937–1938 гадах, як быццам бы маланка і гром пасярод яснага неба, пачаліся чорныя дні для шматлікіх людзей і для мяне. Органамі НКУС былі арыштаваныя мой муж і брат. Праз некалькі дзён я вырашыла звярнуцца ў следчую частку НКУС, каб даведацца пра лёс сваіх блізкіх. Раніцай я прыйшла ў прыёмную і запісалася ў чаргу да следчага. Народу было бітком. У 9 гадзін адкрыліся акенцы, дзе сядзелі супрацоўнікі НКУС. Яны запісвалі ў чаргу да следчага і прызначалі тэрмін прыёму. Паводле пашпартных дадзеных супрацоўнікі даведваліся, кім прыходзіцца чалавек арыштаванаму. У прызначаны дзень прыходзіш туды ж і даведваешся ад людзей, што следчы не прымае, а адказвае па тэлефоне. Пачуўшы сваё прозвішча, падыходжу да акошка, а там кажуць у якую кабінку трэба зайсці. [...] Вітаюся, пытаю пра лёс мужа і брата. А следчы, замест адказу, пытае, колькі вам гадоў. Адказваю, а ён: “О, дык яшчэ маладая, можаце выходзіць замуж за іншага”. І вось так выходзіш з кабінкі ў слязах», — узгадвала тыя жудасныя часы жонка навукоўца.
Урэшце жанчына даведалася, дзе знаходзіўся муж. Яна паспела перадаць яму цёплыя рэчы. «Ля зоны шум-гам, плач, крыкі. Ля прахадной конная міліцыя. Запіску перадаеш па-над людзямі. Таксама крычыш, просіш, каб перадалі. У натоўп лезці нельга, бо затопчуць. У апошні раз перадала мужу цёплую бялізну, рукавіцы і трохі ежы», — пісала ва ўспамінах Соф’я Пятроўна Ляпіч.
«Сталіца Калымскага краю»
Хутка пасля пасяджэння «тройкі» Ляпіча накіравалі «па этапу». Ноччу з турмы асуджаных вывезлі ў машынах на чыгуначную станцыю. Таварны цягнік стаяў у тупіку. Тут нкусаўцы правяралі спісы асуджаных і афіцэр аддаваў загад: «Па вагонах!»
Ляпіч узгадваў, што людзей у вагонах было вельмі шмат. Сярод асуджаных былі хворыя, збітыя. Падчас транспарціроўкі зэкі вымушаныя былі стаяць. На прыпынках яны спрабавалі дамагчыся выйсці на вуліцу, аднак канвой пад пагрозай адкрыць агонь на паражэнне не даваў гэтага зрабіць. Па прызнанні Рамана Фёдаравіча, людзей «на этапе» было вельмі шмат. «Народ абураўся, у думках шукаў таго вар’ята, які іх душыў. Не, казалі яны, ён не чалавек. Гэта Кентаўр, які раіцца са сваім хвастом, а не з мудрацамі», — узгадваў тыя жудасныя моманты свайго жыцця беларускі літаратурны крытык.
Цягнік ішоў да Уладзівастока. Падчас выгрузкі стала зразумелым, што вялікая колькасць «пасажыраў» гэтага турэмнага экспрэса не вытрымала дарогі. Далей вязняў з Мінску і іншых гарадоў сталінскай імперыі пешшу накіравалі на станцыю Вугальная, дзе пасадзілі ў іншы эшалон, які ішоў да Находкі. Там зэкаў перасадзілі на параход і накіравалі ў Магадан, дзе Ляпіча і іншых зняволеных чакаў лагер.
Лагпункт быў абнесены высокім плотам з калючым дротам. Унутры — доўгія, падобныя на сараі, баракі, з вузкімі вокнамі. «Ад гэтага відовішча чалавек губляў сэнс уласнага быцця і прызначэння», — узгадваў пазней Раман Ляпіч.
Унутры баракаў вязняў чакалі двухпавярховыя нары. Ля дзвярэй віселі лозунгі, якія заклікалі «ўдарнай працай дапамагчы першай краіне працоўных і сялян», а таксама «стымулявалі» зэкаў змагацца супраць паразітаў, якія атакавалі лагернікаў. Сярод асуджаных былі людзі розных нацыянальнасцяў, узросту, прафесій. Побач з «кулакамі», святарамі, «палітычнымі», былымі афіцэрамі Чырвонай Арміі сядзелі серыйныя забойцы, злодзеі, крымінальнікі. Сапраўднымі гаспадарамі былі рэцыдывісты. Яны адчувалі сябе ў лагеры як дома.
«“Палітычных” “уркі” пагардліва называлі “ворагі народа”, быццам бы ставячы сябе на адну планку з нкусаўцамі-вертухаямі. А вось саміх сябе крымінальнікі называлі “сябрамі народа”», — узгадваў Ляпіч. У кожным бараку амаль палову асуджаных складалі злачынцы, якія падпарадкоўвалі сабе ўвесь барак. «Лагернае кіраўніцтва лічыла нас за адкіды грамадства, і гэтым карысталіся “злодзеі ў законе”», — узгадваў Раман Фёдаравіч.
Крымінальнікі не працавалі, але абіралі іншых зняволеных. З-за гэтага, па ўспамінах беларускага навукоўца, які аказаліся ў ГУЛАГу, некаторыя брыгады не выраблялі план і мелі меншыя харчовыя пайкі.
Варта адзначыць, што лагерныя ўспаміны Рамана Ляпіча вельмі нагадваюць мемуары іншага вязня ГУЛАГУ, Паўла Нічыпарука. Гэтага беларуса НКУС арыштавала ў 1941 годзе пад Кобрынам, а пазней накіравала ў Сібір, адкуль ён трапіў у Армію Андэрса. У 2017 годзе аўтар гэтага артыкула выдаў мемуары беларускага андэрсаўца пад назвай «Адысея палешука».
Лагерная рэчаіснасць
Уркі часта падстаўлялі пад удар адміністрацыі менавіта палітычных. Крымінальнікі ведалі законы зоны, кодэкс і гэта дазваляла ім абыходзіць іх. «Злодзеі ў законе вельмі любілі выхваляцца сваімі адсідкамі ў турмах і лагерах. Яны расказваюць, дзе і калі сядзелі, а таксама за якія “подзвігі”. Яны прымушалі вязняў аддаваць грошы і рэчы ў злодзейскі абшчак. А хто не хацеў плаціць, той трапляў на зладзейскі суд», — узгадваў Ляпіч.
З раніцы асуджаныя выходзілі на працу і вярталіся позна ўвечары. Працаваць на лесанарыхтоўцы прыходзілася па 8–10 гадзін. Пры гэтым тэрмометр часта спыняўся на адзнацы ў мінус 50 градусаў па Цэльсію. Пасля цяжкай працы стомленыя людзі ішлі на нары, але ім доўга не давалі заснуць злодзеі, якія гулялі ў карты і гучна лаяліся. «Ляпіч тады думаў над сэнсам свайго жыцця. Мінулага ўжо не вернеш, а ці ёсць у яго, беларускага навукоўца, будучыня. Іх, вязняў, зрабілі рабамі», — пісала ва ўспамінах жонка Рамана Фёдаравіча.
У бараках людзі жылі, быццам на вакзале. У кожную хвіліну ахова магла іх падняць па трывозе на працу альбо ў сталовую, бо трэба было паспець паесці перад лесапавалам. Сярод зэкаў было шмат вельмі хударлявых людзей. Іх асуджаныя называлі «дахадзягамі». Як і «андэрсавец» Павал Нічыпарук, Ляпіч тлумачыў гэтую назву тым, што гэтыя асуджаныя «дахадзілі да краю свайго жыцця». «Палітычныя» шкадавалі гэтых ахвяр ГУЛАГу, а блатныя здзекаваліся з іх.
Больш за ўсё, па прызнанні самога Рамана Ляпіча, ён баяўся захварэць. Хвароба была найбольш хуткім шляхам да смерці. Харчаваліся зэкі баландай, якую варылі з «іржавага» селядца і круп. Ад гэткай ежы ў вязняў ГУЛАГу часта здараліся праблемы са страваваннем.
У бараку, дзе жыў Ляпіч, здараліся бойкі паміж асуджанымі, было шмат хворых на бранхіт. Да ўсяго гэтага дадаваліся цяжкія ўмовы працы.
«Раману Фёдаравічу здавалася, што ён ператвараецца ў выграбную яму, бо акумулюе ў сябе ўсе негатыўныя эмоцыі, што бачыць вакол сябе», — пісала ва ўспамінах жонка беларускага навукоўца. Яму было шкада жыцця і часу, які няўмольна бег. Ляпіч быў яшчэ не старым чалавекам, яму хацелася працаваць у сферы навукі. Але якая навука ў ГУЛАГу? Толькі фізічная праца, а вакол зэкі: палітычныя і крымінальныя.
Элементам той рэчаіснасці быў указ, паводле якога цяжарныя жанчыны і асуджаныя з немаўлятамі вызваляліся з лагеру датэрмінова. Гэта прымушала зэчак шукаць выпадковыя палавыя сувязі. Часта ў замен за гэта яны расплачваліся хлебам.
Аднойчы ў лагеры з’явіўся былы святар, якога звалі Лука. Ён часта маліўся, што выклікала «абурэнне» з боку «палітычных». І гэта зразумела: большасць вязняў гэтай катэгорыі да адседкі былі камуністамі і атэістамі. А вось крымінальнікі ставіліся да «папа» больш спакойна. Святар прымудраўся даставаць кнігі, што было сапраўдным цудам у магаданскіх умовах.
Ці беглі людзі з ГУЛАГу? «Рывок», як называлі ўцёкі на турэмным жаргоне, — цяжкае выпрабаванне. З калымскага лагеру — удвая больш цяжкае. Вакол тайга з дзікімі жывёламі. Да таго ж для ўцёкаў патрэбны сілы, а іх няма. Не было карт, компаса. І ўсё ж людзі беглі. Яны хоць на дзень, на два адчувалі сябе на свабодзе, а там — як «карта ляжа»… «Лепшы момант для пабегу — гэта лесапавал. Там ахова не асабліва пільнуе і ёсць магчымасць пайсці “на рывок”», — узгадваў тыя часы Раман Ляпіч.
Зламанае жыццё
Літаратуразнаўца з Беларусі адсядзеў у ГУЛАГу «ад званку да званку» і выйшаў на волю ў 1946 годзе.
«Палітычным», нават пасля заканчэння тэрміну зняволення, забаранялася жыць у вялікіх гарадах. Спачатку ён працаваў вольнанаёмным, а ў 1948 годзе ўладкаваўся на працу на базу забеспячэння горнапрамысловага ўпраўлення. З 1951 года Раман Ляпіч працаваў прарабам-геолагам Дзетрынскага горна-руднага ўпраўлення.
У 1954 годзе ён упершыню за доўгі час прыехаў у БССР. Калі ён спрабаваў засяліцца ў гатэль «Беларусь» (сёння «Краўн-Плаза»), яму адмовілі і адзначылі, што ён парушае пашпартны рэжым, бо не можа жыць у сталіцы савецкай Беларусі.
«Думаў, што Сталін памёр — і ўсё змянілася. Аднак яго дух у Беларусі яшчэ жыў», — узгадваў тыя моманты Раман Фёдаравіч.
Шокам для Ляпіча была інфармацыя пра маштаб рэпрэсій 1937–1941 гадоў, пра які яму расказалі яго былыя калегі і сябры, якія жылі ў горадзе на Свіслачы. Шмат з тых, каго «ўзялі» адначасова з нашым героем, расстралялі. Да таго ж Ляпіча папярэдзілі, каб ён хутчэй з’язджаў з Беларусі. Маўляў, у канцы саракавых у Мінск з лагеру прыехаў пісьменнік Алесь Пальчэўскі, але яго зноў арыштавалі і выслалі ў Краснаярскі край. Ляпічу давялося вярнуцца на Калыму.
Знаходжанне ў ГУЛАГу канчаткова падарвала здароўе былога літаратурнага крытыка і перакладчыка, які перакваліфікаваўся ў геолага. Яго прызналі інвалідам ІІ групы. У 1968 годзе ён урэшце пераехаў у Мінск. Праз год яго афіцыйна рэабілітавалі.
Дзякуючы намаганням Петруся Броўкі, Раман Фёдаравіч атрымаў аднапакаёвую кватэру, дзе і пражыў да канца жыцця. Памёр Раман Ляпіч у студзені 1977 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску.
Аўтар выказвае шчырую падзяку спадару Міхаілу Сянько за перададзеныя матэрыялы.