Зміцер Бандарэнка: У МЗС Ізраіля працуюць тыя, з кім Шчаранскі змагаўся ў СССР
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» пракаментаваў заяву Іосіфа Шагала. Зміцер Бандарэнка мяркуе, што беспрынцыповасць пасла Ізраіля можа мець сумныя наступствы.
«Іосіф Шагал адмовіўся папрасіць прабачэння перад беларускімі палітвязнямі на падставе таго, што ягоныя словы
нібыта сказілі журналісты. Я на свае вочы бачыў інтэрв'ю амбасадара тэлеканалу RTVI. Магу сказаць, што мяне, як былога беларускага палітвязня, словы Шагала абразілі і абурылі.
Паўтара года мне давялося адседзець у беларускіх турмах. Неаднаразова падвяргаўся збіццю, катаванням і здзекам, як і іншыя палітвязнямі. За падзеі 19 снежня 2010 года быў асуджаны паводле 342
артыкулу Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я ў складзе калоны ішоў па праезнай частцы праспекта Незалежнасці, а таксама ў тым, што дэманстрантамі падчас руху ад
Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці была нанесеная «значная шкода» гарадской гаспадарцы Менска. Мая жонка заплаціла за гэтую «шкоду» - яна склала 45
даляраў ЗША ў эквіваленце.
Ніякіх абвінавачванняў, звязаных з падзеямі ля Дому ўраду, мне не было прад'яўлена, бо мая абарона будавалася на тым, што брутальная зачыстка, а дакладней, масавае збіццё мірных
дэманстрантаў на плошчы Незалежнасці пачалося пасля таго, як кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава супрацоўнікі міліцыі запрасілі на перамовы.
У мяне ёсць кніга вядомага савецкага габрэйскага дысыдэнта Натана Шчаранскага «Не ўбаюся ліха», якую я перыядычна перачытваю, з аўтографам аўтара. Ён падпісаў яе для беларускіх
палітвязняў. Гэтая кніга дапамагла мне выжыць, бо метады беларускага КДБ мала чым адрозніваюцца ад метадаў савецкага КДБ, якія апісаў Шчаранскі. Адзінае, што ў «амерыканцы» мы
сядзелі ў значна больш жорсткіх умовах, чым аўтар у Лефортава. Заслуга Натана Шчаранскага - не толькі ў тым, што ён вывучыў прыроду дыктатарскіх рэжымаў, але і распрацаваў рэкамендацыі дэмакратычным
краінам, як эфектыўна супрацьстаяць тыраніі.
Цынізм падыходу Шагала заключаецца ў тым, што дзеля эканамічнай выгады можна супрацоўнічаць хоць з чортам. Дзіўна, што сёння партнёрам для Ізраіля з'яўляецца дыктатар Лукашэнка, які
неаднаразова дапускаў антысеміцкія выказванні, які, паводле інфармацыі міжнародных СМІ, пастаўляў зброю «Хамасу» і «Хізбале», чалавек, асабістымі сябрамі якога
з'яўляліся галоўныя ворагі Ізраіля Садам Хусейн, Кадафі і Ахмадзінежад.
Такая беспрынцыповасць у палітыцы можа прывесці да вельмі сумных вынікаў», - сказаў Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю сайту charter97.org.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» здзіўлены маўчаннем афіцыйнага Ізраіля.
Думаю, няўклюдныя спробы выратаваць рэпутацыю Шагала ні да чаго не прывядуць. Як былы палітвязень, яшчэ раз хачу паўтарыць, што амбасадар абразіў асабіста мяне, маіх блізкіх, таварышаў, якія
сёння знаходзяцца ў зняволенні, і ён павінен быць неадкладна адкліканы са сваёй пасады кіраўніцтвам Ізраіля. Ва ўсякім разе, настойліва аб гэтым прашу кіраўнікоў ізраільскай дзяржавы», -
заявіў Зміцер Бандарэнка.
Нагадаем, 6 лютага ў інтэрв'ю тэлеканалу RTVI Язэп Шагал заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітвязні з'яўляюцца крымінальнікамі і параўнаў іх з палестынскімі
тэрарыстамі.
«Тыя, каго лічаць палітвязнямі, - гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёння. Чатыры чалавекі засталося, сядзяць у турме. Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаванні, як у
гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу - цябе выпусцяць. Яны не хочуць, жадаюць заставацца героямі ў турме», - сказаў амбасадар.
Заява была раскрытыкаваная сваякамі палітычных вязняў і апазіцыяй. Вядомыя беларускія палітыкі ўжо запатрабавалі адклікання амбасадара Шагала з Менска.