На дзень святога Валянціна Дашкевічы пякуць пірог, Севярынец паехаў па цукеркі
У дзень усіх закаханых Радыё Свабода пацікавілася ў маладых сем’ях былых палітвязняў, як яны ставяцца да гэтага свята і як будуць адзначаць дзень святога Валянціна.
Наста і Зьміцер Дашкевічы пабраліся шлюбам 31 жніўня 2013 году. Гэтай падзеі папярэднічала доўгая гісторыя каханьня, якое пераадолела турэмныя краты і тэрміны зьняволеньня. Цяпер пара чакае дзіця.
«Я вельмі спакойна стаўлюся да гэтага сьвята, таму што ня вельмі люблю, калі людзі імкнуцца сябе пазбавіць дадатковых добрых нагодаў. Як па мне, дык лепш дзён сьветлых і добрых болей. Але, вядома, не абавязкова на нейкіх датах зацыклівацца. Калі ёсьць дзень сьвятога Валянціна і ў вас добры настрой, то, безумоўна, лепш выкарыстаць яго для дабра. Прысьвяціць гэты дзень блізкім і каханым людзям. Магу сказаць, што і я, і мае сябры добра ставімся да дня сьвятога Валянціна. Думаю, усе прыемна яго правядуць, зробяць яго больш казачным, чым іншыя дні», — сказала Свабодзе Наста Дашкевіч.
Сёньня і Наста, і Зьміцер будуць цэлы дзень працаваць. Таму, як кажа Наста, змогуць толькі ўвечары павіншаваць адно аднаго:
«Я пастараюся прыгатаваць сьвяточную вячэру для Зьмітра. Увогуле, я раю ўсім, пакуль блізкія побач, рабіць адно аднаму прыемныя рэчы».
Сам Зьміцер прызнаўся, што вельмі цэніць хатнюю ўтульнасьць і жаночую гаспадарлівасьць, таму будзе цалкам задаволены, калі ў якасьці падарунка атрымае ад каханай жонкі сьвяточную вячэру:
А ўвогуле Зьміцер лічыць, што калі не ператвараць дзень сьвятога Валянціна ў камэрцыйны праект, то яго цалкам можна сьвяткаваць, не адыходзячы ад хрысьціянскіх традыцыяў.
Іншая маладая сямейная пара, якая пабралася 11 студзеня, — Вольга і Павал Севярынцы — дзень закаханых таксама праводзіць паасобку: Вольга сёньня з раніцы праводзіла мужа ў
Вільню, куды той паехаў па справах.
«Цікава, што гэта наш з Паўлам першы дзень сьвятога Валянціна на волі. Але вось я іду да стаматоляга, а муж паехаў у Вільню. Аднак Павал вернецца сёньня ўвечары і, безумоўна, прывязе
мне гасьцінец — якія-небудзь смачныя цукеркі», — кажа Вольга Севярынец.
На пытаньне пра рамантычны і скептычны падыход да дня сьвятога Валянціна Вольга адказала, што лічыць сябе ўсё ж рамантыкам: