Шагал не выбачыўся, толькі выказаў шкадаванне

Пасля сустрэчы лідараў беларускай апазіцыі з амбасадарам Ізраіля Іосіфам Шагалам, на якой абмяркоўвалася тэма беларускіх палітвязняў, будзе апублікаваны афіцыйны мемарандум.



szahal.jpg

Размова доўжылася больш за дзве гадзіны. Ізраільская амбасада не дала магчымасці карэспандэнту Свабоды папрысутнічаць на сустрэчы.

Пасля таго, як яна скончылася, яе ўдзельнікі з беларускага боку зазначылі, што Іосіф Шагал так і не выбачыўся за свае словы ў інтэрв'ю ізраільскаму тэлебачанню аб тым, што беларускія палітвязні нібыта з'яўляюцца крымінальнікамі. Ён толькі выказаў шкадаванне, што трактоўка ягоных выказванняў прынесла боль сем’ям зняволеных апанентаў Лукашэнкі.


Паводле Аляксандра Мілінкевіча, у мемарандуме, які будзе апублікаваны па выніках сустрэчы, будзе выказанае шкадаванне з прычыны таго, што выказванні амбасадара Ізраіля былі «няправільна інтэрпрэтаваныя ў прэсе».

Уладзімір Някляеў перакананы, што Шагал прызнае наяўнасць у Беларусі палітвязьняў з пункту гледжання ЕС, ЗША і іншых дэмакратычных краін, у тым ліку Ізраіля, аднак падкрэслівае, што з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства яны засуджаныя паводле крымінальных артыкулаў.


Падчас сустрэчы апазыцыйных палітыкаў з амбасадарам Ізраіля Іосіфам Шагалам апошняму панеслі на сустрэчу кнігі пра беларускіх палітвязняў, выдадзеныя ў Бібліятэцы Радыё Свабода. У сустрэчы з амбасадарам Шагалам прымаюць удзел апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Віталь Рымашэўскі, Аляксандар Мілінкевіч.
Сустрэча адбылася з нагоды нядаўняй заявы амбасадара Ізраіля ў інтэрвію ізраільскаму каналу RTVI пра тое, што беларускія палітвязні — гэта крымінальнікі.

Радыё Свабода