Марына Адамовіч: «Статкевіч пакарыў мяне сваёй абсалютнай мужчынскасцю»
Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты, а сёння палітзняволенага Мікалая Статкевіча расказала «Салідарнасці» гісторыю іх кахання.
Марына Адамовіч не раз адмаўлялася гаварыць пра асабістае. І прычыну зразумець можна: чалавек яна закрыты. Але напярэдадні Дня закаханых зрабіла выключэнне для чытачоў
«Салідарнасці».
— Наша знаёмства адбылося вельмі даўно — на пачатку 90-х. Памятаю, сябры задурылі мне галаву пра тое, які класны хлопец Мікола Статкевіч. Упершыню мы сустрэліся ў Доме
літаратара на дні народзінаў нашага агульнага сябра Міколы Міхноўскага. Там я і ўбачыла Статкевіча — кіраўніка папулярнага і голасна аб сабе заявіўшага Беларускага згуртавання вайскоўцаў.
Мікола — прыязны, з яркімі блакітнымі вачыма, прыгожы мужчына. За некалькі тыдняў да таго яго звольнілі з войска. Не пры самых лепшых абставінах адбылося наша знаёмства. Ён застаўся без
справы, якой прысвяціў жыццё, але выпраменьваў дабразычлівасць і аптымізм.
Пасля мы з ім сустракаліся ў коле знаёмых. У 1996-м я стала сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, дапамагала яму і партыі.
— Чым вас пакарыў Статкевіч?
Для мяне было відавочна, што паміж намі ёсць паразуменне, гатоўнасць прыняць адно аднаго такім, які ты ёсць. Мікола — надзейны чалавек. Я разумею матывы ягоных учынкаў і падзяляю тыя ж
каштоўнасці.
…Заўсёды ведала, што Мікола —мой мужчына. Што, як бы ні складалася жыццё, іншага мне не трэба. Нават, калі мы не будзем разам. Я лічу: галоўнае, што можа даць адзін чалавек
іншаму — гэта адпусціць яго. Калі кахаеш, важна пакідаць чалавеку права на выбар, на ўласнае жыццё.
— Можаце прыгадаць, як ён заляцаўся да вас?
Я па сваёй прыродзе жанчына перш за ўсё. Для мяне важна, каб побач быў каханы мужчына, які разумее і прымае цябе, як ёсць, прымае тваё жаночае. Да арышту Міколы —да самага апошняга дня
— я не была абдзеленая ні кветкамі, ні цукеркамі, ні ягонай увагай.
Больш за тры гады мінула, як Мікола ў зняволенні, але дагэтуль вельмі часта мы пішам адзін аднаму ў лістах думкі, якія нам адначасова прыходзяць. Спадзяюся, гэтае пачуццё нас не пакіне. Я,
прынамсі, заўсёды маю адчуванне небяспекі, якая яму пагражае. Калі ў Міколы была траўмаваная рука, бервяно яго прыціснула ў шклоўскай калоніі, нічога пра гэта не ведаючы, раніцай я літаральна
ўзляцела над канапай. А праз дзень мне патэлефанавалі людзі і расказалі аб гэтай траўме, аб якой, канешне, ніхто з адміністрацыі нам паведамляць не збіраўся.
— А як Мікола рабіў вам прапанову?
Як жонка я маю права на два кароткіх спаткання два разы на год. Заканадаўствам прадугледжана да чатырох гадзін, але нам даюць па дзве.
— Калі вы атрымліваеце ліст ад мужа, вы адразу яго прагна прачытваеце ці адкладаеце як падарунак на вечар?
— Іншы раз здараецца, пачынаю чытаць ля скрыні, але бывае, даходжу да кватэры, наліваю сабе гарбаты і чытаю. Гэта залежыць ад ступені маёй трывогі, ад таго, як часта прыходзяць
лісты.
Часам яны ідуць з перапынкамі. Нядаўна з трох напісаных Міколам лістоў я атрымала толькі адзін. Ён добра ўсведамляе, што чалавек павінен сябе захаваць ва ўсіх сэнсах — псіхічным,
фізічным, эмацыйным, і ён дакладна плануе і арганізуе свой час там. Дзеля таго, каб я магла кантраляваць, ці ўсе лісты я атрымліваю, ён піша ў дакладна вызначаныя дні тыдня.
— Вядома, што таямніца ліставання датычна да вязняў — рэч умоўная. Ведаючы, што лісты чытаюць чужыя людзі, вы з Міколам абмяжоўваеце сябе ў праяве
пачуццяў?
— Пытанне няпростае, і адказу на яго не можа быць адназначнага. Калі Мікола сядзеў у СІЗА КДБ, лістоў ад яго спачатку не было. А я пісала дастаткова эмацыйна і шмат. Потым
сур’ёзна сябе стрымлівала. І сёння я сябе ў пэўнай ступені стрымліваю, бо ведаю, што лісты чытаюцца не адным цэнзарам. Хоць зусім ад цёплых слоў мы не адмаўляемся. Каханне ж па-рознаму
праяўляецца. Не абавязкова гаварыць, “як я цябе кахаю”.
— Марына, як захаваць адносіны на адлегласці, калі адзіны сродак сувязі — лісты. Бо нават два спатканні на год — праз шкло, і вы пазбаўленыя магчымасці
дакрануцца да блізкага чалавека, абняць яго…
— У такім становішчы выкрысталізоўваецца самае галоўнае, самае важнае, што ў гэтым жыцці мае сэнс. Уся шалупінь, лухта адпадае. Гэтае галоўнае дапамагае табе выжыць.
Канешне, ёсць страх, як яно будзе, калі Мікола вернецца. Думаю, тыя, хто трапляў у такую сітуацыю, мяне зразумеюць. На сённяшні дзень, як мне падаецца, Мікола не памяняўся. Ён усё той жа
чалавек, якога я кахаю. Але гэты страх не ў сэрцы. Ён больш вонкавы, з тэарытычнага ведання сітуацыі, псіхалогіі. Але калі я зазіраю глыбока ў сябе, то я не баюся, што ў нас істотна што-небудзь
зменіцца. Мікола — чалавек цэльны, гарманічны. І гэта ў яго не адбяруць ніякія выпрабаванні.
Я разумею, што для яго непрымальна. Не магу нават думкі дапусціць, што магла б гэтаму рашэнню супярэчыць. Я вельмі глыбока паважаю Міколу і ніколі не зраблю нічога такога, што магло б хоць нейкі
цень сумневу ў ім зарадзіць. Гэта — яго рашэнне. Ён іншага б не прыняў. Ніякага другога ад яго ніхто з тых, хто яго ведае, не чакае. Як я магу не падтрымаць яго?
У рэшце рэшт, ёсць гонар, які вышэй за жаданне спаць у цёплай пасцелі ў абдымках любай жанчыны. Ёсць людзі, якія не могуць здрадзіць самім сабе.
— Ці думалі пра тое, якім будзе вашае жыццё пасля вяртання Міколы?
— Канешне, у нас багатыя планы на будучыню. (Усміхаецца). Шмат з іх былі перарваныя, і мы будзем працягваць іх рэалізоўваць.
— Ваша сям’я застанецца ў Беларусі?
— Ніколі не абмяркоўвалі гэта. Мы нікуды не збіраемся.
Таццяна Гусева, gazetaby.com