Завяршыўся візіт старшыні КНР у Беларусь, Лукашэнка праводзіў Сі Цзіньпіна асабіста
Старшыня КНР Сі Цзіньпін завяршыў дзяржаўны візіт у Беларусь, Аляксандр Лукушэнка праводзіў яго асабіста, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дзяржаўны візіт Сі Цзіньпіна ў Беларусь праходзіў 10—12 мая.
Сёння раніцай Лукашэнка і Сі Цзіньпін наведалі месца першага этапу будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Ім прэзентавалі праект парка, а таксама кароткія апісанні
інвестыцыйных праектаў першых рэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін пакінулі свае подпісы на плане развіцця парка.
У прысутнасці прэзідэнта Беларусі і старшыні КНР былі ўручаныя пасведчанні аб рэгістрацыі першым сямі рэзідэнтам індустрыяльнага парка. Яго кіраўніцтва абмянялася пагадненнямі аб намеры стаць
рэзідэнтамі парка з прадстаўнікамі 14 кампаній.
Як адзначылі ў прэс-службе прэзідэнта, праца над інфраструктурай Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка вядзецца ў адпаведнасці з графікам. Будаўнічая пляцоўка стартавай зоны перададзена
генеральнаму падрядчыку, пачаты будаўнічыя работы. Паралельна ажыццяўляецца праектаванне і будаўніцтва тыповых аб'ектаў камерцыйнай і вытворчай нерухомасці для будучых рэзідэнтаў.
Да канца 2016 года на стартавай пляцоўцы парка чакаецца стварэнне дарог, у тым ліку з ўдасканаленым пакрыццем, сетак электразабеспячэння, водазабеспячэння, каналізацыі, газазабеспячэння, сувязі, інжынерных збудаванняў, трансфарматарнай падстанцыі. Плануецца, што ў пачатку 2017 года будзе гатова нерухомасць для здачы ў арэнду патэнцыяльным інвестарам (адміністрацыйна-дзелавы цэнтр, офісныя плошчы, тыповыя вытворчыя плошчы).
Нагадаем, у ходзе візіту старшыні КНР у Мінск Беларусь і Кітай падпісалі больш за 45 дагавораў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве на суму 3,5 млрд. долараў. Аб'ём крэдытаў дасягне 7 млрд. долараў, у тым ліку 3 млрд. складуць ільготныя сродкі.
У прыватнасці, Беларусь заключыла з Эксімбанкам Кітая крэдытныя пагадненні больш чым на 1 млрд. долараў. У ліку найбольш важных — пагадненні аб прыцягненні льготных крэдытаў
для фінансавання інвестпраектаў па будаўніцтве ўнутранай інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і будаўніцтве завода СЗАТ "Белджы". Кітайская кампанія CITIC
Construction Co.,Ltd. і РУВГП "Аршанскі льнокамбінат" падпісалі кантакт на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта. Таксама падпісаны мемарандум аб пашырэнні стратэгічнага партнёрства і
стварэнні новай вытворчасці паміж холдынгам "Гарызонт" і карпарацыяй "Мідэа".
Марына Носава, БелаПАН