Кітайскае выратаванне

Мы доўга спадзяваліся, доўга развівалі супрацу, аддавалі ім зручныя кавалкі зямлі. Яны таксама не заставаліся без адказу, даючы нам грошы на мадэрнізацыю дарогаў і ТЭЦ. Зараз нашае супрацоўніцтва можа перарасці ў новую фазу. Гэта я ўсё пра Кітай.



ai_150976_aux_head_20150511_luka_pin_t_belta.jpg

Візіт у Беларусь кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна для нас важнейшы нават, чым вельмі добрыя стасункі з Расіяй. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка не паехаў на парад у Маскву. Але гэтым ён не «дэманстратыўна адвярнуўся ад Расіі», як кажуць расійскія палітолагі, у яго проста былі справы больш цікавыя. На наступны дзень да яго завітаў таварыш Сі з іншымі таварышамі.

Чаму Сі важнейшы за Расію? Расія ж, падавалася, пад бокам, а Кітай невядома дзе. Але, па-першае, у сучасным свеце Кітай не так ужо і далёка. Па-другое, мы з пачатку года вымольвалі ў Расіі падтрымку нашай эканомікі ў памеры недзе $2,5 мільярда. Нам жа далі няшчасныя $110 мільёнаў, якіх нам хопіць толькі на падтрымку штаноў. Кітайскія ж таварышы маюць грошы і, што больш істотна, прывезлі іх сюды. Падчас візіту кіраўніка Кітая ў сінявокую былі падпісаныя пагадненні і мемарандумы аб звязаным крэдытаванні на агульную суму да $3,5 мільярда на тэрміны ад 10 да 15 гадоў. Прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў вельмі ўзрадаваўся, падзякаваў кіраўніку дзяржбанка развіцця Кітая Ху Хуай Бану і назваў «камфортнымі па тэрмінах і коштах» крэдытныя рэсурсы, якія прадстаўляюцца Кітаем.

Але не толькі пра крэдыты размова. Справа яшчэ і ў Беларуска-кітайскім тэхнапарку пад Смалявічамі, — гэта «па-трэцяе». Як паведаміла АНТ, да канца 2015 года свае заводы ў тэхнапарку пачнуць будаваць такія гіганты кітайскай прамысловасці, як Huawei і ZTE. ZTE ставіць на «электронныя сродкі сувязі», Huawei — на «прарыўныя навуковыя распрацоўкі».

Калі ўсё гэта будзе пабудавана ў згодзе з планам, Аляксандр Лукашэнка выбівае глебу з-пад кпінаў шмат якіх дамарослых эканамістаў, якія папракаюць яго тым, што за 20 гадоў свайго праўлення ён не пабудаваў у краіне ніводнага буйнога прадпрыемства. Такія прадпрыемствы ў нас з’явяцца, прычым не абы-якія, а высокатэхналагічныя. Нам бы толькі навучыцца на іх працаваць, і тады ўсё сапраўды будзе добра.

У сувязі з «кітайскім прарывам» нам неяк абыякавымі сталі іншыя накірункі дзейнасці. Ну, не з’ездзіў Аляксандр Рыгоравіч на парад у Маскву — і хай сабе. Паглядзіць па тэлевізары тое, што на свае вочы не ўбачыў. Не вельмі нам патрэбны і раней вельмі важны для нас саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Рызе 21–22 мая. Прынамсі, прэм'ер Латвіі Лаймдота Страўюма лічыць, што беларускі кіраўнік на гэтым саміце не з’явіцца, бо да гэтага часу няма інфармацыі, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтым мерапрыемстве, у той час як іншыя краіны ўжо вызначыліся з узроўнем свайго прадстаўніцтва. Удзел у саміце пацвердзілі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці і прэм'ер Грузіі Іраклій Гарыбашвілі.

То бок, нам Усходняе партнёрства ўжо нібыта і непатрэбнае.

Але ж крэдыты — крэдытамі, аднак і самім зарабляць трэба ўмець. Як вядома, нашая эканоміка зараз збольшага стымулюецца ўнутраным попытам. То бок, людзьмі, якія нешта набываюць. І гэты ўнутраны попыт таксама вымушана стымуляваць. Прынамсі, улады Мінска прынялі рашэнне аб працягу рэжыму працы суб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і сферы паслуг.

«Прымаючы пад увагу, што падаўжэнне рэжыму працы з’яўляецца важным інструментам у павелічэнні паказчыкаў рознічнага тавараабароту... прынята рашэнне аб працягу рэжыму працы суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, сферы паслуг (за выключэннем гандлёвых аб’ектаў, размешчаных у жылых дамах) у маі-жніўні 2015 года па заяўным прынцыпе», — гаворыцца ў паведамленні Мінгарвыканкама.

Што гэта значыць? Гэта значыць, Мінгарвыканкам фактычна вярнуў гандлёвым кропкам магчымасць працаваць кругласутачна. Нават па заяўным прынцыпе, то бок без асаблівага дазволу. Праўда, толькі на летні перыяд, але ў нас нічога не бывае больш трывалага, чым часовае. Аднак сімптом ёсць: ці варта раней было забараняць «начнікі», каб зараз іх дазваляць, прычым, па заяўным прынцыпе?

Але адначасова (што не можа не ўзрадаваць) улады не зусім страцілі свядомасць. Яны выдатна ўсведамляюць, што «начнікі» існуюць у асноўным для тых, хто «не дагнаўся» зарання. Ужо з 14 мая дзейнічаюць новыя абмежаванні на продаж тытунёвай і алкагольнай прадукцыі. Напрыклад, забараняецца продаж алкагольных напояў, насення маку, тытунёвых вырабаў «па ўзорах па-за гандлёвымі аб’ектамі», гэта значыць па каталогах, у інтэрнэт-крамах і г.д.

Да 1 ліпеня 2015 года крамам і грамхарчу прыйдзецца зрабіць перапланіроўку, паколькі з 1 ліпеня ўступаюць у сілу ўзмацненні жорсткасці па размяшчэнні алкагольных і тытунёвых вырабаў. «У вітрыне гандлёвых аб’ектаў, агляд якой магчымы звонку такіх аб’ектаў, забараняецца выстаўляць узоры алкагольных напояў», — гаворыцца ў дакуменце па пытанні алкаголю. «У вітрынах, на (у) іншым гандлёвым абсталяванні не дапускаецца выкладка тытунёвых вырабаў (іх узораў). Інфармацыя пра тытунёвыя вырабы, якія рэалізуюцца ў гандлёвых аб’ектах і аб’ектах грамадскага харчавання, можа размяшчацца ў выглядзе пераліку тытунёвых вырабаў з указаннем іх назвы і кошту», — адзначаецца наконт тытунёвых вырабаў.

Ну і, канешне, пакуль ніхто не адмяняў, і, падаецца, не збіраецца адмяняць звыклую забарону на продаж алкаголю пасля 22-х гадзінаў.

Ну і яшчэ адна навіна. Нацбанк адмяніў абмежаванні на правядзенне юрыдычнымі асобамі — рэзідэнтамі авансавых плацяжоў па імпарце. Да цяперашняга часу дзейнічалі абмежаванні на авансавыя плацяжы па імпарце за кошт замежнай валюты, набытай на ўнутраным валютным рынку, за кошт крэдытных рэсурсаў беларускіх банкаў, а таксама за кошт беларускіх рублёў.

Значыць, НБ РБ ужо не баіцца вымывання валюты за мяжу краіны. Ці не зарана ў банкіраў з’явіўся такі аптымізм? Крэдыты ад Кітаю мы ўсё ж такі яшчэ не атрымалі, — толькі пра іх дамовіліся.