Закладнікі электаральнай дэмакратыі
У 2007 годзе адзін палітык прапанаваў уручыць малую нобелеўскую прэмію таму, хто падкажа, чым заняцца апазіцыі ў перапынках паміж выбарамі. Надышоў час адгукнуцца на такую прывабную прапанову.
У 2007 годзе адзін палітык прапанаваў уручыць малую нобелеўскую прэмію таму, хто падкажа, чым заняцца апазіцыі ў перапынках паміж выбарамі. Надышоў час адгукнуцца на такую прывабную
прапанову.
Бацька кітайскага эканамічнага «цуду» Дэн Сяапін, ацэньваючы ўплыў Вялікай французскай рэвалюцыі на развіццё сусветнай гісторыі, зазначыў, што рэвалюцыя скончылася ўсяго два
стагоддзі таму, і яшчэ рана рабіць высновы. Выбары–2010 у Беларусі — падзея, безумоўна, іншага маштабу. Праз два стагоддзі яна наўрад ці стане тэмай публічнага абмеркавання. Аднак
выбары–2010, асабліва на іх завяршальнай фазе, у ноч з 19 на 20 снежня, былі багатыя на факты, на аснове якіх паспрабуем зрабіць хоць бы не канчатковыя, а толькі прамежкавыя высновы.
Сацыялогія перамогі
Абвешчаны спадарыняй Ярмошынай вынік не выклікаў здзіўлення. Адзіны беларускі палітык (АП) сваё званне пацвердзіў: за яго прагаласавала 79,67% выбарцаў. Перамножыўшы з дапамогай калькулятара
канчатковы вынік пераможца на працэнт яўкі, якая, па дадзеных ЦВК, склала 90,66%, мы атрымаем 72,23%. Такі афіцыйны электаральны рэйтынг АП. У 2006 годзе ён быў амаль на 5 працэнтных пунктаў вышэй
— 77,11% (у 2001 годзе — 63,44%). Дадзеныя ЦВК фактычна супалі з прагнозам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта (ІАЦ). З тыдня на тыдзень ён нарошчваў
рэйтынг АП і давёў яго да канца лістапада да 71,3%.
Што да шматлікіх апазіцыйных кандыдатаў, то іх рэйтынгі высыпаліся са скрыняў для галасавання, як гарох. Калі сабраць усе гарошыны разам, то, з улікам яўкі, атрымалася 12,46%. Яшчэ 1,45% на дваіх
атрымалі ці то далучаныя да апазіцыі, ці то «незалежныя» кандыдаты Цярэшчанка і Ус. На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах апазіцыйнаму тандэму Казулін—Мілінкевіч ЦВК вылучыў
істотна менш галасоў — 6,4%.
Выбары–2010 пацешылі беларусаў экзіт-поламі. Як жа без іх, у Еўропу ж ідзём! Права апытваць выбарцаў каля выхаду з участкаў атрымалі Цэнтр EcooM, Рэспубліканскі саюз грамадскіх
аб’яднанняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый» і ТАА «TNS» (Украіна). На момант падрыхтоўкі «Азбукі» я здолеў знайсці ў
інтэрнэце толькі вынікі EcooM і ТАА «TNS». За АП прагаласавала 79,1% і 72,2% адпаведна.
Звернемся да выніку, які атрымалі айчынныя экзітпольшчыкі. Перад намі чарговае супадзенне з дадзенымі ЦВК, але не ад агульнай колькасці выбарцаў, як у ІАЦ, а ад колькасці тых, хто прагаласаваў. Так,
у прынцыпе, і павінна быць, калі б не адна маленькая няўвязка. Экзіт-полы праводзіліся толькі 19 снежня. Паводле ж дадзеных ЦВК, датэрмінова прагаласавала 23,1%. Такі працэнт не павінен выклікаць
здзіўлення: у 2006 годзе НІСЭПД зафіксаваў 25,9% выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова. Дык у чым жа няўвязка? Яна ў тым, што датэрмінова галасуюць пераважна прыхільнікі АП. З улікам амаль чвэрці
выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, каб выйсці на выніковую лічбу ЦВК, працэнт прыхільнікаў АП, што прагаласавалі ў апошні дзень, павінен быць значна ніжэйшы.
Дадзенымі незалежных сацыёлагаў па выніках галасавання я, натуральна, не валодаю, але, абапіраючыся на вынікі апытанняў, праведзеных падчас дзвюх папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній, пэўны прагноз
зрабіць можна (гл. табліцу).
Звярніце ўвагу, у 2001 і ў 2006 гадах вынікі, атрыманыя сацыёлагамі НІСЭПД за месяц да галасавання, істотна не адрозніваліся ад канчатковых вынікаў. Што да 2010 года, то прыведзены ў табліцы рэйтынг
быў замераны, па-першае, не за адзін, а за два месяца да галасавання; па-другое, непасрэдна перад галасаваннем вялікая частка выбарцаў атрымала зарплату з улікам істотнай лістападаўскай карэктоўкі.
На такія «падарункі» беларусы традыцыйна з падзякай адгукаюцца. Таму з высокай ступенню верагоднасці можна сцвярджаць, што на месцы прочырку ў табліцы апынецца лік не ніжэй за 2001
год, але і не вышэй за 2006-ы.
Перамога сацыялогіі
Цікавасць большай часткі экспертаў і апазіцыйных палітыкаў да вынікаў незалежных сацыёлагаў абмяжоўваецца рэйтынгамі. Што характэрна, як першыя, так і другія пры гэтым рэйтынгам не давяраюць. Рэакцыя
палітыкаў нагадвае рэакцыю карантышак на партрэтны жывапіс героя казкі Носава «Прыгоды Нязнайкі». Для тых, хто даўно не перачытваў дзіцячую класіку, нагадаю, што аднойчы раніцай
Нязнайка развесіў партрэты сяброў у двары свайго дома. Першым прачнуўся доктар Пілюлькін. Мастацтва Нязнайкі яму вельмі спадабаліся, ён доўга смяяўся, пакуль не дайшоў да свайго партрэта. Наконт
далейшай рэакцыі Пілюлькіна здагадацца нескладана.
Перад прэзідэнцкімі выбарамі на рэспубліку літаральна абрынулася плынь «сацыялагічнай інфармацыі» з крыніц, якія ніколі раней у Беларусі нічым сябе не выявілі. І калі гэта
інфармацыя адпавядала ўяўленням мясцовых пілюлькіных пра саміх сябе, то ёй тут жа надаваўся статус «рэальных сацыялагічных дадзеных», якія фіксуюць «прынцыпова новую
электаральную сітуацыю».
Асобныя энтузіясты пайшлі далей і сталі выбудоўваць уласную сацыялагічную рэальнасць на аснове апытанняў у інтэрнэце. Прывяду тыповую логіку такога кшталту будаўніцтва: па дадзеных Міністэрства
сувязі і інфармацыі РБ, у краіне палова сем’яў маюць доступ у «сусветнае павуцінне», што дазваляе стварыць малюнак значна больш дакладны, чым самыя крутыя сацапытанні. Да
таго ж, галасуюць рэспандэнты ананімна і таемна — гэта значыць так, як і на рэальных выбарах.
Ну што тут сказаць, у гісторыі перадвыбарных апытанняў быў выпадак, калі ў ЗША група такіх «сацыёлагаў» апытала больш за тры мільёны чалавек і «пракалолася». Уся
справа ў тым, што апытваліся выключна хатнія гаспадары на падставе тэлефонных кніг (справа была ў пяцідзесятых гадах). Сучасныя інтэрнэт-карыстальнікі — людзі прасунутыя. У верасні 2010 года
сярод тых, хто карыстаецца інтэрнэтам штодзень, давяралі АП 28,3% апытаных, хто ніколі інтэрнэтам не карыстаўся — 56,5%, а сярод не дасведчаных, «што гэта такое»,
— 75,8%.
Рэйтынгі палітыкаў — гэта адна з характарыстык грамадства. Падкрэслю — адна з... Гіпертрафаваную ўвагу да рэйтынгаў з боку палітыкаў і экспертаў варта разглядаць у якасці
адваротнага боку нежадання вывучаць грамадства. Цяжка сказаць, што спарадзіла гэтае нежаданне. Магчыма, за адказам трэба звярнуцца да цара Саламона: «Ад шматлікай мудрасці шмат смутку, і
той, хто памнажае веды, памнажае смутак».
У кожнага свае міфы
Старажытныя грэкі кампенсавалі недахоп ведаў пра навакольны свет міфатворчасцю. Звышзадача любога міфа, як вучаць культуролагі, — пераадоленне страху хаосу. Міф стварае крыніцу парадку. Для
большасці беларусаў у такой якасці выступае «моцная ўлада». У апазіцыі сваё ўяўленне пра парадак і свой шлях да яго. Прайсці яго без Плошчы немагчыма.
Перачытайце перадвыбарныя заявы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, перачытайце адпаведныя каментары аналітыкаў. Большасць з іх прысвечана будучай Плошчы. Прывяду толькі адзін фрагмент, абраны
выпадкова: «Тое, што гэтыя выбары будуць сфальсіфікаваныя, як і папярэднія, не выклікае ніякіх сумневаў. Таму для апазіцыі адзіным інструментам абароны вынікаў выбараў застаецца Плошча, на
якую амаль усе кандыдаты і заклікаюць выбарцаў прыйсці 19 снежня. І тут паўстае істотнае пытанне: ці маюць кандыдаты ад апазіцыі канкрэтную стратэгію таго, што яны будуць рабіць на
плошчы?»
Міф пра Плошчу паўстаў не на пустым месцы. Ён навеяны «каляровымі рэвалюцыямі». Менавіта пад іх уплывам у 2006 годзе была здзейснена спроба ўвасобіць міф у жыццё. Нягледзячы на
эканамічныя дасягненні, якія дэманстравала тады «беларуская эканамічная мадэль» ва ўмовах спрыяльнай знешняй кан’юнктуры, нягледзячы на максімальныя рэйтынгі АП (гл. другую
калонку табліцы), Плошча, па меркаванні яе арганізатараў, адбылася, і першы блін не атрымаўся камяком. Для канчатковай Перамогі не хапіла той самай «пэўнай стратэгіі», на
неабходнасць якой звяртае ўвагу цытаваны вышэй аўтар.
Тут самы час звярнуцца па дапамогу да азбукавых ісцін паліталогіі. Паводле класіфікацыі Freedom House, аўтарытарныя рэжымы падзяляюцца на кансалідаваныя і некансалідаваныя. Наша паўднёвая суседка
Украіна пры Кучме, як і сонечная Грузія пры Шэварнадзэ, — усё гэта класічныя прыклады некансалідаваных аўтарытарных рэжымаў. Іх трансфармацыю праз механізмы «каляровых
рэвалюцый», у якасці нагоды да пачатку якіх выступалі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, не варта разглядаць як унікальную падзею.
Але якое дачыненне такога кшталту падзеі маюць да сучаснай Беларусі? Не варта блытаць Божы дар з яечняй. «Каляровыя рэвалюцыі» — гэта, у першую чаргу, разборкі сярод эліт,
і толькі ў другую — масавыя акцыі пратэсту на галоўных плошчах дзяржаў. Пасля 1996 года аўтарытарны рэжым у Беларусі кансалідаваўся, і пакуль сур’ёзных расколін у ім не
заўважаецца.
Каб у чарговы раз не прыцягваць правадыра сусветнага пралетарыяту ў якасці эксперта па рэвалюцыйных сітуацыях, працытую ўкраінскага спецыяліста па «аранжавай рэвалюцыі» палітолага
Міколу Рабчука: «Дрэнны рэвалюцыянер — гэта той, хто спрабуе ўвасобіць свае ўтапічныя дактрыны насуперак акалічнасцям, аднак не ўлічвае пры гэтым унутрыпалітычнае і знешнепалітычнае
становішча і грэбуе палітычнай культурай і эканамічным развіццём».
У заключэнне паспрабую ў бочку песімізму дадаць лыжку надзей на змены. І дапаможа мне гэта зрабіць зноў Мікола Рабчук: «Леанід Краўчук, як і яго беларускі калега Вячаслаў Кебіч, прайграў у
свой час выбары зусім не таму, што быў занадта шчырым дэмакратам. Ён прайграў выбары, бо ні ён сам, ні яго каманда не назапасілі дастатковых рэсурсаў, а галоўнае — умення імі карыстацца ва
ўмовах імітацыйнай дэмакратыі».
Вось рэсурсы, дакладней, іх нарастаючы дэфіцыт, і дае шанец на трансфармацыю кансалідаванага палітычнага рэжыму ў некансалідаваны. Беларуская эліта вырасла на дзяльбе расійскай рэнты, але не за
гарамі час, калі дзяліць ёй давядзецца страты.