Валянцін Стэфановіч: «Пасля 19 снежня мы жывём у іншай рэчаіснасці»

Беларускія праваабаронцы канстатуюць, што «палітычна-крымінальны пераслед набірае абароты: прад’яўлена абвінавачванне па падзеях 19 снежня яшчэ аднаму кандыдату ў прэзідэнты Дзмітрыю Усу, перакваліфікавана абвінавачванне ў дачыненні да экс-кандыдата Мікалая Статкевіча. У межах заведзенай крымінальнай справы працягваліся допыты і ператрусы. Асцерагаючыся новага арышту, Беларусь пакінуў вызвалены раней пад падпіску аб нявыездзе Алесь Міхалевіч».



148d411aeffed8a6f6ad4ecd77d1f904.jpg

Беларускія праваабаронцы канстатуюць, што «палітычна-крымінальны пераслед набірае абароты: прад’яўлена абвінавачванне па падзеях 19 снежня яшчэ аднаму кандыдату ў прэзідэнты Дзмітрыю Усу, перакваліфікавана абвінавачванне ў дачыненні да экс-кандыдата Мікалая Статкевіча. У межах заведзенай крымінальнай справы працягваліся допыты і ператрусы. Асцерагаючыся новага арышту, Беларусь пакінуў вызвалены раней пад падпіску аб нявыездзе Алесь Міхалевіч». Ці прадбачыцца «святло ў канцы тунэлю» — падзяліцца сваімі меркаваннямі на гэты конт журналіст «НЧ» Вольга Хвоін папрасіла юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча.
— 19 снежня многа лю­дзей пацярпелі падчас разгону вулічнай акцыі пратэсту — былі пераломы, выбітыя зубы. Ці ёсць прыклады таго, каб супрацоўнікі спецназу былі пакараныя за перавышэнне службовых паўнамоцтваў?
— Фактаў прыцягнення да адказнасці няма. Ведаю, што паступалі скаргі ў пракуратуру, але ніякіх вынікаў не было, не чуў, каб былі заведзеныя крымінальныя справы. Няма ў нас і статыстыкі па колькасці пацярпелых. Адзінае, я даведаўся, што ў бальніцы звярнулася шмат людзей, але нідзе афіцыйнай інфармацыі на гэтую тэму не было.
— Міжнародная назіральная місія настойвала на тым, каб у Беларусь прыехала назіральная місія ад АБСЕ. Патлумачце сэнс гэтай прапановы.
— Я б сказаў, што гэтая прапанова была часткова задаволеная, бо прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ цяпер працуюць на судах па падзеях 19 снежня. Мы мелі сустрэчу з гэтымі экспертамі і выказалі ім сваю пазіцыю. Мы не згодныя найперш з тым, што падзеі 19 снежня кваліфікуюцца як «масавыя беспарадкі».
Масавыя беспарадкі — гэта дзеянні, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам міліцыі... Нашы назіральнікі, журналісты засведчылі, што шэсце ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці не ўчыняла беспарадкаў. Так, пэўныя дзеянні невялікай групы людзей можна кваліфікаваць як беспарадкі, але пад кваліфікацыю «масавых» яны не падпадаюць. На судовых працэсах, што прайшлі, доказаў таго, што масавыя беспарадкі мелі месца, не было. Не даказаная і віна тых, хто асуджаны за ўдзел у так званы «масавых беспарадках». Мы мяркуем, што следства парушае адно з фундаментальных правоў абвінавачваемых — права на абарону. Адвакаты неаднаразова заяўлялі, што не могуць спаткацца са сваімі кліентамі сам-насам, хаця гэта гарантавана Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі. Гэта часткова пацвердзіла пракуратура Мінска, якая звярнулася да кіраўніцтва СІЗА КДБ, каб усё ж былі дазволеныя людзям сустрэчы з адвакатамі. Пасля таго, што агучыў Міхалевіч, у мяне ёсць сур’ёзныя падазрэнні наконт сапраўднасці доказаў, што здабываліся ў такіх умовах следствам.
Думаю, карысна, што прадстаўнікі АБСЕ будуць прысутнічаць у Беларусі, якая тым больш уваходзіць у гэтую міжнародную арганізацыю і мае пэўныя абавязкі. Гэта можа мець уплыў на якасць разгляду судамі матэрыялаў.
— Ці ёсць у Вас прагноз наконт таго, якімі будуць наступныя прысуды па справе аб падзеях 19 снежня?
— Першы прысуд па справе Парфянкова паказаў, па якой схеме будуць адбывацца суды. Чалавек мае сур’ёзнае абвінавачванне, але разгляд справы адбываецца цягам аднаго дня, не было нават сведак з абвінаваўчага боку. Двое сведак, што былі з ліку дэманстрантаў, увогуле сказалі, што Парфянкова не бачылі, не ведаюць і нічога на гэты конт сказаць не змогуць. Не было выяўлена фактаў, што падпадаюць пад класіфікацыю «масавых беспарадкаў». І на такіх фактах суд вынес абвінаваўчы прысуд. Па астатніх абвінавачваемых тая ж сітуацыя. Што да Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Саннікава, увогуле не зразумела, у чым доказ яго віны. Атрымалася, што Малчанаву, якія прызнаў сваю віну, тэрмін скарацілі, а Атрошчанкаву, за тое, што адмовіўся ад абвінавачванняў, далі большы тэрмін.
Працэс над грамадзянамі Расіі Гапонавым і Брэусам выбіваецца з агульнага кантэксту, хаця спачатку ўсё ішло па агульным сцэнары. Звяртае ўвагу, што 15 амапаўцаў, якія быццам бы пацярпелі ад дзеянняў Гапонава і Брэуса, часам нават фармулёўкі ў пратаколах давалі ідэнтычныя. Да ўсяго іх пацярпелымі прызналі толькі праз два месяцы пасля падзей, калі справа была ўжо ў судзе. Мяккія прысуды Гапонаву і Брэусу, відаць, можна патлумачыць візітам расійскага прэм’ера Пуціна ў Беларусь, то бок гэта вынік уплыву палітычнай сітуацыі.
— Існуюць «чорныя спісы» Еўрасаюзу для беларускіх чыноўнікаў, суддзяў. Ці этычныя яны, бо гэта ж абмежаванне правоў людзей на свабоднае перамяшчэнне?
— Заўважу, што гэта не пакаранне, не прысуд. Ніхто гэтых людзей не прызнаў пакуль вінаватымі, хаця адносна некаторых такое пытанне можна ставіць. Думаю, што прыйдзе час, і такія пытанні будуць уздымацца. Цяпер гэта хутчэй знак маральнага асуджэння асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях або ў фальсіфікацыі выбараў. Краіны ЕС, як і Беларусь, маюць права абмяжоўваць знаходжанне на сваёй тэрыторыі непажаданых асобаў. Вось у Беларусі ўлады не хочуць бачыць спадара Юрава.
— Нядаўна было прынятае рашэнне аб дэпартацыі двух расійскіх праваабаронцаў. Ці адчуваеце, што стаўленне ўладаў да вас пагоршылася?
— Узаемаадносіны беларускіх уладаў з праваабаронцамі ніколі не былі лёгкімі. Цяпер яны яшчэ больш пагоршыліся, бо мы крытыкуем тое, што тут адбываецца, са многім нязгодныя, і гэта ўспрымаецца як нейкая варожая дзейнасць. Нядаўна пракуратура вынесла папярэджанне кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму па 193-му артыкулу Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. То бок фактычна пастаўлены ўльтыматум, што калі ён працягне сваю працу, то будзе прыцягнуты да адказнасці. Цяпер усё развіваецца ў такім канфрантацыйным ключы. Але ўлады мусяць разумець, што крытыка іх дзеянняў з боку праваабаронцаў — нармальная з’ява. І дэпартацыя Юрава, іншых назіральнікаў — лагічныя дзеянні, бо ўлады краіны не задаволеныя тым, што прысутнічаюць людзі, якія робяць ацэнкі. Баюся, што гэта толькі пачатак, і мы будзем сведкамі яшчэ многіх падобных канфліктаў. Пасля 19 снежня мы жывём у крыху іншай рэчаіснасці, бо апошнія два гады, калі ўзровень рэпрэсій панізіўся, мы працавалі ў больш спрыяльных умовах. Цяпер вяртанне назад адбываецца ва ўсіх накірунках, дастаткова хаця б узгадаць «чорныя спісы» музыкаў.