Валерый Карбалевіч: Ці з'яўляецца беларускі кіраўнік самастойным палітыкам?

«Чым рэальна можна адказаць на санкцыі? Толькі пагрозай гарачай вайны». Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграме разважае, ці можа беларускі кіраўнік лічыцца самастоўным палітыкам.

39231274_303.jpg

Чаму Лукашэнка не баіцца страціць статус самастойнага палітыка?

Захад лічыць Лукашэнку марыянеткай Расіі

Падчас выступу з пасланнем Аляксандр Лукашэнка чарговым разам прапанаваў Захаду дамаўляцца. Натуральна, гэта не выклікала ніякай зваротнай рэакцыі. І таму, што ўмовы, вылучаныя ЕС і ЗША для пачатку сур’ёзных перамоваў, вядомыя (спыніць рэпрэсіі, пачаць унутраны дыялог пра выхад з крызісу). І таму, што Лукашэнка зрабіў сваю прапанову ў выглядзе шантажу, пагрозаў, — маўляў, давайце дамаўляцца, а то будзе горш для вас.

Але ёсць яшчэ адзін чыннік, які цяпер абцяжарвае магчымасць нейкага дыялогу паміж афіцыйным Менскам, з аднаго боку, і Бруселем і Вашынгтонам — з другога. Справа ў тым, што апошнімі месяцамі ў свеце Лукашэнку перасталі ўспрымаць як самастойнага палітыка. 2021 год стаў у гэтым сэнсе пераломным.

Пазіцыю заходніх краін добра адлюстраваў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, які днямі заявіў: «Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца незалежным палітыкам. Дэмакратычнага мандату ад грамадзян Беларусі ён не мае, а ягоная ўлада залежыць ад падтрымкі Масквы. Гэта жахлівая сітуацыя. Каб захаваць сваё прэзідэнцтва, ён можа быць гатовы падпарадкавацца любому загаду з Расіі».

Раней старшы супрацоўнік Дзярждэпартаменту ЗША казаў: «Ключавое пытанне — якія рычагі кантролю яшчэ трымае Лукашэнка і колькі гэтага кантролю ён перадаў Расіі».

Узрастанне залежнасці ад Расіі

Прычыны такога ўспрымання Лукашэнкі замежнымі суб’ектамі відавочныя. Гэта ўсё большае ўзрастанне залежнасці Беларусі ад Расіі.

Падпісанне 28 саюзных праграм знізіла самастойнасць Беларусі ў правядзенні эканамічнай палітыкі ў вачах замежных суб’ектаў.

Моцна павялічылася вайсковая прысутнасць Расіі ў Беларусі. Шмат гадоў Лукашэнка супраціўляўся з’яўленню тут расійскай вайсковай базы. Цяпер у Беларусі з’явіліся два вучэбна-баявыя цэнтры, якія вельмі нагадваюць базы. Маштабныя вайсковыя вучэнні, запланаваныя на люты, вялізная колькасць расійскіх войскаў, якія прыбылі сюды, выклікалі шматлікія меркаванні, што Масква збіраецца выкарыстаць беларускую тэрыторыю дзеля развязвання вайны з Украінай.

Сам Лукашэнка толькі павялічвае такія падазрэнні, выкарыстоўвае ваяўнічую рыторыку ва ўнісон з расійскімі медыя, пужае суседзяў вайной.

Моцна памянялася пазіцыя Беларусі адносна Украіны. Мінск падтрымаў Маскву ў расійска-ўкраінскім канфлікце, абвясціў Украіну варожай дзяржавай, ад якой нібыта існуе ваенная пагроза. Важным чыннікам у гэтым сэнсе стала прызнанне Крыму расійскім. Праз гэты крок Беларусь аказалася ў адным шэрагу з Абхазіяй, Паўднёвай Асетыяй, перайшла ў статус марыянеткі РФ у вачах нават лідараў постсавецкіх дзяржаваў. Лукашэнка рызыкуе канчаткова страціць рэпутацыю незалежнага ад Масквы палітыка ў вачах краін Азіі, Блізкага Усходу.

Бо для нееўрапейскіх краін пытанне легітымнасці статусу Лукашэнкі як кіраўніка Беларусі, дэмакратычнасць выбараў не мае вялікага значэння. Для іх важна тое, што ён рэальна кантралюе дзяржаву. А вось несамастойнасць, вялікая залежнасць ад Расіі мае значэнне. Бо калі кіраўнік дзяржавы моцна залежны ад суседа, то дамаўляцца з ім пра нешта варта з вялікай асцярожнасцю.

Важна адзначыць, што за ўвесь ранейшы час свайго кіравання ён стварыў вобраз самалюбнага, амбітнага палітыка, чалавека з норавам. Лукашэнка прэтэндаваў на важную ролю ў міжнароднай палітыцы, увесь час умешваўся ў нейкія падзеі за межамі Беларусі. Ён вельмі баяўся падацца слабым. Шмат разоў уступаў у жорсткі канфлікт з Крамлём.

А вось цяпер усё памянялася. Замежныя суб’екты ўспрымаюць беларускі рэжым як расійскага сатэліта, цалкам залежнага ад Масквы.

Іншая справа, наколькі такое ўяўленне адпавядае рэчаіснасці. Пакуль дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Трэба пачакаць нейкай канфліктнай сітуацыі, каб зразумець ступень залежнасці Мінску ад Масквы. Магчыма, такім тэстам стане пытанне пра вывад расійскіх войскаў з Беларусі пасля заканчэння вучэнняў.

Дзеля палітычнага выжывання рэпутацыяй можна ахвяраваць

Не менш важнае пытанне — чаму Лукашэнка пагаджаецца на такое ўяўленне пра сябе як пра марыянетку Расіі і нават сваімі дзеяннямі толькі пацвярджае яго?

Так, ён перыядычна гаворыць пра непарушнасць суверэнітэту, абвяшчае сябе яго абаронцам, спрачаецца з Зянонам Пазьняком наконт акупацыі, нават заяўляе пра важнасць беларускай мовы і інш. Але гэта можа неяк уздзейнічаць толькі на ягоных прыхільнікаў.

Аднак замежная аўдыторыя на гэта слаба рэагуе. Бо развагі пра важнасць беларускай мовы на тле прыбыцця ў краіну расійскіх войскаў у вялікай колькасці на нейкія пазапланавыя, тэрмінова прыдуманыя, сакрэтныя вучэнні маюць мала сэнсу.

Падаецца, адказ на пытанне, чаму Лукашэнка на мяжы прыніжэння пагаджаецца дэманстраваць лаяльнасць Маскве, палягае ў наступным. Мусіць, цяпер для яго ёсць важнейшыя рэчы, чым рэпутацыя.

А што можа быць важнейшае? Палітычнае выжыванне.

Можна меркаваць, што становішча яго больш хісткае, чым гэта выглядае звонку. Або, ва ўсялякім разе, сам Лукашэнка яго так адчувае. Таму расійская падпорка становіцца ключавым элементам самазахавання існага рэжыму.

А каб гэтая падпорка існавала, трэба дэманстраваць не проста лаяльнасць, а патрэбнасць, неабходнасць для Пуціна такога саюзніка. І чым большы градус напружанасці ў стасунках з Захадам, тым больш Крамлю патрэбны менавіта Лукашэнка. Таму Лукашэнка імкнецца бегчы паперадзе паравоза, увесь час троліць суседзяў, стварае міграцыйны крызіс, пастаянна ладзіць мілітарысцкія гульні.

У той жа час гэта помста Захаду, з якім Мінск уступіў у зацяты канфлікт. Чым рэальна можна адказаць на санкцыі? Толькі пагрозай гарачай вайны.