У кожнага свая рэальнасць
У беларускага грамадства тая ж праблема, што ў габрэя ў лазні, якому раяць або сподняе надзець, або крыжык зняць — іншымі словамі, вызначыцца.
У беларускага грамадства тая ж праблема, што ў габрэя ў лазні, якому раяць або сподняе надзець, або крыжык зняць — іншымі словамі, вызначыцца.
«Мы будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі». Гэтыя словы Чабурашкі сёння як ніколі актуальныя. Мы амаль 17 гадоў будавалі «беларускую эканамічную мадэль развіцця»
(БЭМР) і нарэшце пабудавалі. Усё, «что сегодня мы имеем в экономике, в социальной и других сферах», — гэта вынік нашых мэтанакіраваных высілкаў. Хто б сумняваўся. Спасылкі
на знешнія неспрыяльныя акалічнасці неактуальныя, бо ўсе пяць асноўных характарыстык мадэлі, абвешчаных у сакавіку 2002 года, мы здолелі вытрымаць у нязменным выглядзе.
«Первая из них — сильная и эффективная государственная власть». Што разумець пад сілай і эфектыўнасцю дзяржавы — пытанне неадназначнае, але для нас важна, што сама
беларуская дзяржава і сёння лічыць сябе моцнай і эфектыўнай, так што з першай характарыстыкай усё добра.
«Вторая характерная особенность нашей модели состоит в том, что частный сектор может и должен развиваться наряду с государственным. Однако не в ущерб национальным интересам». І з
гэтым пунктам не паўстала праблем. Прыватны сектар у эканоміцы рэспублікі за «нулявыя» гады практычна не вырас, таму казаць пра «ущерб» не даводзіцца.
«Третья составляющая белорусской модели — приватизация — не самоцель, а средство найти заинтересованного инвестора, создать эффективного собственника». Хто скажа,
што беларуская дзяржава за гады незалежнасці размантачыла агульнанародную ўласнасць, хай кіне ў мяне камень. З прыцягненнем эфектыўных уласнікаў з боку, аднак, атрымалася замінка, але ў нас ёсць і
свой эфектыўны ўласнік у асобе дзяржавы (глядзі першую характарыстыку).
«Четвертая особенность белорусской модели — интеграционные процессы со странами СНГ, в первую очередь с Россией». Тут і каментаваць няма чаго. Адзінае інтэграцыйнае
выключэнне — Венесуэла, але гэта якраз тое выключэнне, якое пацвярджае агульнае правіла.
«Пятая характерная черта нашей модели — сильная социальная политика государства, краеугольный камень нашей политики». І на гэтым камні большасць з нас практычна штодня
спатыкаецца. У той час, як прамыслова развітыя краіны ва ўмовах крызісу скарачалі сацыяльныя выплаты і павялічвалі пенсійны ўзрост, родная дзяржава нарошчвала сацыяльныя выплаты. Асабліва актыўна ў
канцы 2010 года.
«Псеўда» ці «так званы»
І што ж мы ўсё ж такі пабудавалі? Савецкая эканоміка была сацыялістычнай. У школе мне тлумачылі, што сацыялізм — гэта натуральная стадыя развіцця чалавецтва, якая наступіла пасля
капіталізму. Сёння, аднак, я сумняваюся наконт наяўнасці капіталізму ў Расійскай імперыі да 1917 года.
Паводле перапісу 1897 года, колькасць сельскага насельніцтва ў краіне складала 87,4%, і жыла расійская вёска галоўным чынам натуральнай і паўнатуральнай гаспадаркай. У горадзе парасткі капіталізму
пры жаданні было можна знайсці, але толькі парасткі. Расійскі капіталізм вёў бядотнае існаванне, заціснуты ў цісках дзяржаўных манаполій і масавага традыцыяналізму з яго абшчынна-ўраўняльнымі
каштоўнасцямі. Капіталізм не зводзіцца да фабрык і заводаў. Капіталізм — гэта ў першую чаргу свабодны рух капіталу і здольнасць грамадства забяспечыць сваё самаразвіццё праз рынак, што
патрабуе прыняцця большасцю насельніцтва рынкавых каштоўнасцяў, несумяшчальных з каштоўнасцямі абшчынна-ўраўняльнымі.
Там, дзе архаічная дзяржава падпарадкавала сабе эканоміку, казаць пра капіталізм не даводзіцца, тым больш пра яго панаванне. Таму заснавальнік савецкай дзяржавы ішоў не ад капіталізму да сацыялізму,
а ад непаслядоўнага падначалення ўсяго гаспадарчага і палітычнага жыцця да паслядоўнага падначалення. Грамадства, якое ўзніклае на гэтай аснове, было накіравана не ў будучыню, а ў мінулае з яго
панаваннем архаічнага сінкрэтызму. У гэтай сувязі дастаткова прыгадаць мару камуністаў пра сціранне межаў паміж горадам і вёскай, разумовай і фізічнай працай. Пра зліццё ўлады і ўласнасці я і не
кажу, такога яднання двух базавых інстытутаў не здолеў дамагчыся ніводзін з расійскіх імператараў.
«Сацыялізм ёсць не што іншае, як дзяржаўна-капіталістычная манаполія, звернутая на карысць усяго народа». Гэта ленінскае вызначэнне сацыялізму я ўжо прыводзіў у адной з
«Азбук паліталогіі». Вызначэнне зразумелае, але спрэчнае. У Расійскай імперыі дзяржаўны капіталізм па прыродзе сваёй быў дакапіталістычны, ён толькі абапіраўся на тэхнічную базу
сучаснага яму капіталізму.
Што ж у такім разе пабудавалі мы? Паводле афіцыйнай версіі — «сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку». Калі да кожнага слова гэтага вызначэння дадаць прыстаўку
«псеўда», то з афіцыйным вызначэннем варта пагадзіцца. «Псеўда» — гэта навуковы аналаг улюбёнага выслоўя «адзінага палітыка» (АП)
«так званы»: «так называемая оппозиция», «так называемые независимые социологи»...
У кожнага свая рэальнасць
«Псеўда» — феномен, які ўзнікае ў выніку адаптацыі грамадства да расколу. У Беларусі немагчыма кроку ступіць, каб на яго не натыкнуцца. Я ўжо неаднаразова адзначаў, што
беларуская большасць успрымае дзяржаву як сям’ю, а АП — як бацьку. Але беларуская дзяржава (пры ўсёй яе архаічнасці) сям’ёй не з’яўляецца. Прыстасаванне ж масавай
дадзяржаўнай культуры да рэальнасці беларускай дзяржавы змяніла да непазнавальнасці запазычаныя палітычныя інстытуты. Так паўсталі псеўдапарламент і псеўдасудовая сістэма, якія прытрымліваюцца
працэдуры, але дзейнічаюць у адпаведнасці з ленінскай формулай: «Фармальна правільна, а па сутнасці здзек».
У эканоміцы «псеўда» праяўляецца ў спробе сумясціць мадэрнізацыю з цэнтралізаваным пераразмеркаваннем рэсурсаў. Улада, з аднаго боку, зацікаўленая ў вызваленні сацыяльнай энергіі,
без якой немагчымы ўстойлівы рост вытворчасці (дастаткова ўзгадаць Дырэктыву №4), а з іншага — спрабуе знішчыць на карані любыя спробы самаарганізацыі насельніцтва. У выніку замест
мадэрнізацыі мы атрымліваем псеўдамадэрнізацыю, зведзеную да спробаў запазычаць заходнія тэхналогіі.
Пераразмеркавальная эканоміка без рынка ператвараецца ў псеўдаэканоміку, асноўным крытэрам яе развіцця служыць славуты вал, замаскіраваны пад паказчык росту ВУП. Паслухаеш выступы першых асоб
дзяржавы — складаецца ўражанне, што крызісу ў краіне няма. А як жа інакш, пры двухзначным росце ВУП! Кіраўнікі, як і вялікая частка насельніцтва, жывуць у сваёй псеўдарэальнасці. На стадыі
росту прыбыткаў насельніцтва адрозненні паміж дзвюма псеўдарэальнасцямі былі нязначныя, але сёння кропак дотыку паміж імі амаль не засталося.
Рынак можа функцыянаваць толькі пры выкананні пэўнага набору ўніверсальных правіл, таму рынкавая эканоміка адыгрывае ролю магутнага сацыяльнага інтэгратара, без якога сучасная нацыя скласціся не ў
стане. Ва ўмовах жа псеўдарынка і псеўдаэканомікі фармуецца псеўдаграмадства, якое складаецца з лакальных светаў. Разам яны ўтрымліваюцца выключна за кошт сістэмы цэнтралізаванага размеркавання
рэсурсаў.
Крызіс не гуртуе псеўдаграмадства, ён не спараджае агульнай цікавасці, а толькі ўзмацняе канкурэнцыю лакальных светаў у барацьбе за «сваю» частку рэсурсаў. Той, хто памятае фінал
перабудовы, памятае і шахцёраў, якія стукалі каскамі на Гарбатым мосце ў Маскве перад будынкам урада Расіі. Яны патрабавалі «справядлівай аплаты за сваю працу», пад якой разумелася
аплата без прывязкі да эканамічных вынікаў працы шахт.
Пра сподняе і крыжык
Такога кшталту працэс пачынае набіраць абароты і ў Беларусі. Даю слова старшыні Прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу: «Цяпер ужо трэба праіндэксаваць
зарплату на 53 працэнты — незалежна ад формы ўласнасці прадпрыемства. Бо інфляцыя — 53%. <…> Як падняць зарплату Брэсцкаму электрамеханічнаму заводу, як
падняць Мінскаму заводу вылічальнай тэхнікі, а як падняць стыпендыі, як падняць пенсіі? Народ, які прызвычаіўся да сацыяльна арыентаванай эканомікі на словах, не вытрымае рынкавай
эканомікі».
Вось ён, беларускі варыянт Гарбатага моста! Гадамі нас запэўнівалі так званыя «незалежныя эканамісты», што рэспубліка жыве не па сродках, што рост рэальных прыбыткаў насельніцтва
забяспечваўся першапачаткова за кошт расійскіх датацый, а ў апошнія гады — за кошт нарошчвання знешніх запазычанасцяў. Сёння як першая, так і другая крыніцы ўсенароднага дабрабыту
вычарпаліся. Праз механізм інфляцыі ў першай палове года псеўдазаробкі, спароджаныя псеўдаэканомікай, пачалі прыходзіць у адпаведнасць з рынкавым коштам працы беларусаў, але тут жа знізу пачалі
гучаць галасы ў абарону «сацыяльна арыентаванай эканомікі».
«Сильная и эффективная государственная власть» гэтыя галасы чуе і рэагуе на іх у рамках сваіх псеўдаўяўленняў пра псеўдаэканоміку, густа замешаных на пачуцці сацыяльнай
справядлівасці, якое не прадугледжвае ацэнкі якасці і колькасці працы рынкам. У выніку грашовая маса ў краіне расце, спараджаючы новую інфляцыйную хвалю, уводзяцца максімальныя надбаўкі на сацыяльна
значныя тавары, якія, аднак, не здольныя стрымаць рост цэнаў. Усё гэта мы ўжо назіралі ў пачатку 90-х гадоў.
Расійскі эканаміст Міхаіл Хазін любіць распавядаць анекдот пра габрэя, якому ў лазні раяць або сподняе надзець, або крыжык зняць — іншымі словамі, вызначыцца. Ва ўмовах расколатага
грамадства гэта, мабыць, галоўная праблема. Я пачаў «Азбуку паліталогіі» з цытат АП, прысвечаных асноўным характарыстыкам БЭМР. Прывяду яшчэ адну: «Мы исходим из того, что
менталитет, традиции и жизненный уклад народа невозможно изменить в одночасье. И нужно ли вообще менять? Невозможно бросить в пучину рынка неподготовленных людей».
Адчуваеце, у АП тая ж праблема, што і ў героя анекдота? Ён не ў стане зрабіць выбар паміж традыцыйным жыццём і безданню рынка. У выніку мы маем псеўдасацыяльна псеўдаарыентаваную псеўдарынкавую
псеўдаэканоміку.