У Сенаце ЗША прапануюць увесці санкцыі супраць Беларусі за садзейнічанне расійскай агрэсіі

Амерыканскі сенатар з Рэспубліканскай партыі Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэса ЗША праект «Закона аб адказнасці Беларусі за агрэсію», паведамляе «РБК» са спасылкай на сайт палітыка.

ЗША прапануюць увесці санкцыі супраць Беларусі

ЗША прапануюць увесці санкцыі супраць Беларусі


Дакумент дазволіць уводзіць санкцыі супраць «Беларусі ці любой іншай краіны, якая спрыяе працяглай несправакаванай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны».
«Беларусь пускае на сваю тэрыторыю тысячы расійскіх вайскоўцаў. ЗША павінны ясна даць зразумець, што да любой краіны, якая падтрымлівае дзеянні Расіі па ўварванні ва Украіну, будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпламатычныя санкцыі», — заявіў Лэнкфард.
Адзначаецца, што ў законапраекце «не існуе розніцы» паміж Расіяй і іншымі краінамі, якія «як-небудзь дапамагаюць» ёй у агрэсіі супраць Украіны. Санкцыі будуць уводзіцца за ўдзел у расійскім уварванні на Украіну, размяшчэнне на сваёй тэрыторыі войскаў для ўварвання, пастаўкі зброі, дапамогу расійскай выведцы, перадачу матэрыяльнай, тактычнай ці іншай дапамогі для ажыццяўлення гэтага ўварвання.
Раней улады ЗША заяўлялі, што супольныя вучэнні Беларусі і РФ могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну з поўначы. Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг на мінулым тыдні заявіў, што Расія перакінула ў Беларусь каля 30 тысяч вайскоўцаў. Ён назваў гэта найбуйнейшым разгортваннем войскаў у Беларусі пасля халоднай вайны.