Віктар Шэндэровіч: «У сярэдзіне 1930-х гадоў ніхто з дзейных палітыкаў не планаваў пейзаж канца 1940-х»

Расійскі публіцыст, які быў вымушаны пакінуць краіну з-за пагрозы палітычнага пераследу, распавёў аб інтарэсах Захаду і аб тым, да чаго можа прывесці агрэсіўная палітыка Крамля.

shenderovich.jpg

— Захад цікавіць непашырэнне агрэсіі, тэма прыпынку Пуціна на ўкраінскім і еўрапейскім кірунках. Гэтыя меры прынятыя. А ўсё астатняе... Мы тут можам палегчы касцямі. Захад — ён і не абавязаны нас вызваляць, шчыра кажучы, — цытуе Віктара Шэндэровіча «Салідарнасць» на спасылкай на эфір «И грянул Грэм». — Таму пракатвае і Беларусь, і Лукашэнка як ні ў чым не бывала, і Пуцін як ні ў чым не бывала.

Занадта дарагая цана за сур'ёзны ваенны канфлікт... Таму Захад заняты толькі самазахаваннем, абмежаваннямі. Гэта ён робіць цалкам паспяхова.

Адказваючы на пытанне, да чаго можа прывесці агрэсіўная палітыка Крамля, пісьменнік адзначыў, што «Пуціну рацыянальна зусім не патрэбная гэтая вайна, таму што яна можа скончыцца для яго даволі драматычна».

— Для тых, хто загіне ў гэтай вайне, — трагічна. Ваеннага паражэння ў Расіі не даруюць. Гэтая вайна будзе катастрофай і для рэжыму Пуціна. Іншае пытанне, якой цаной для ўсіх астатніх.

Яму не патрэбна вайна. Яму трэба пастаяннае напружанне, пастаяннае нагнятанне, пастаянныя ўкіды новых агрэсіўных позваў.

Але штука ў тым, што вайна — рэч самазараджальная, яна можа адбыцца сама сабой. У сярэдзіне 1930-х гадоў ніхто з дзеючых палітыкаў не планаваў пейзаж канца 1940-х. Гэта атрымалася як бы само. Кожны вырашаў свае задачы, меў свой разлік.

Калі некалькі гульцоў адначасова б'юць па шарах у більярдзе, то выніковую пазіцыю ніхто не можа ведаць загадзя. Вайна можа паўстаць на нізавым узроўні, успыхнуць — ну як выпадкова заехаў на чырвоную лінію, наступіў на гэтую міну-пастку.

Калі вайна і будзе, то гэта будзе вайна, якая ўзнікла, самазароджаная з такой вось агрэсіўнай пуцінскай палітыкі. Але ў яго аб'ектыўных інтарэсах проста падтрымліваць напружанасць — ва Украіне, у краінах Балтыі. Каб з ім размаўлялі, яго ўлічвалі, каб яму абяцалі санкцыі, а не ўжывалі іх. Таму што ўжыць санкцыі — значыць, загнаць у кут, а Захад, мабыць, баіцца гэта зрабіць. Мяркую, што гаворка ідзе аб такой тактыцы.

Не думаю, што ён хацеў бы на самай справе пачынаць вайну. Ён бы гэта даўно зрабіў.

Каментуючы, у чым заключалася роля Пуціна ў казахстанскіх падзеях, Шэндэровіч заявіў, што Пуцін вельмі ўдала падгарнуўся пад руку Такаеву, які выкарыстаў народны мяцеж для перахопу ўлады ў Назарбаева.

— Калі коратка падводзіць вынікі гэтага сюжэту, то Такаеў выкарыстаў магчымасць для таго, каб сысці з-пад Назарбаева і прытаптаць яго, узяць уладу ў свае рукі і замяніць назарбаеўскую эліту на сваю. Ён выкарыстаў для гэтага народны гнеў.

Гэта ўрок. У краінах, дзе ёсць зваротная сувязь, такога роду пратэсты канчаюцца нейкімі палітычнымі рэформамі, зменамі. У краінах, дзе палітычныя інструменты даўно разламаныя, гэтыя сюжэты сканчаюцца проста зменай даху. Адзін бандыцкі дах, адзін клан змяніў іншы.

Пуцін паслужыў інструментам для Такаева для перахопу гэтай улады. Такаеў прадэманстраваў свае магчымасці, што ён можа выкарыстоўваць. Гэта вельмі хітра з яго боку, таму што адна справа — уласныя сілавікі, іншая справа — ён выкарыстаў аўтарытэт міжнародны.

Любое народнае паўстанне — гэта страшны сон Пуціна. Думка пра тое, што народнае паўстанне можа завяршыцца поспехам... Ва Украіне завяршылася, і гэта з тых часоў страшны сон Пуціна. Таму ён любога тырана будзе падтрымліваць у барацьбе супраць паўстанцаў.