Што на самай справе стаіць за прэтэнзіямі да газеты?

Мы ўжо прызвычаіліся да пільнай увагі з боку розных структураў да нашага выдання. Суды па ісках Ізраілевіча і Зайдэса. Перыядычны пераслед журналістаў. Але тут — нешта новае.

48420844_600785463687902_2636202380269453312_n_logo.jpg


Лідар Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (аказваецца, яна яшчэ існуе) Васіль Задняпраны абурыўся нашымі публікацыямі. «Таварыства беларускай мовы» пераходзіць усе межы. Яго выданне «Новы Час» паблытала мэты. Замест развіцця «мовы» прапагандуе экстрэмізм і ўхваляе барацьбу з Расіяй», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Twitter. Задняпранага абурылі нашы публікацыі пра Сцяпана Бандэру, а таксама Джахара Дудаева.
«Чаму маўчаць Анісім (старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім) і Мінінфарм?» — напісаў ён.
А рэдакцыя сайта «Тэлескоп», галоўным рэдактарам якога (паводле інфармацыі на самім сайце) з’яўляецца небезвядомы Леў Крыштаповіч, і ўвогуле выдала «Зварот да Міністра ўнутраных спраў РБ Шуневіча І.А., Генеральнага пракурора РБ Канюка А.В. і міністра інфармацыі РБ Карлюкевіча А.М. Просім прааналізаваць матэрыялы газеты «Новы Час» на прадмет апраўдання і прапаганды міжнароднага тэрарызму, распальвання міжнацыянальнай варожасці і нянавісці, а таксама даць ім афіцыйную ацэнку».
Зварот да афіцыйных асобаў праз сайт (пытанне, ці зарэгістраваны ён у Мінінфарме? На самім сайце пра гэта нічога не сказана) — гэта прыгожа.
На самай справе, у ТБМ сапраўды ёсць газета, але не «Новы Час», а «Наша слова». І Задняпраны, і Крыштаповіч зрабілі памылку, якую зрабіў раней бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч, паспрабаваўшы звязаць Алену Анісім і НЧ. Насамрэч, заснавальнік НЧ — Мінская гарадская арганізацыя ТБМ. Аднак ніяк не цэнтральная ТБМ, якой кіруе Анісім. Больш за тое, заснавальнік ніяк не ўмешваецца ў рэдакцыйную палітыку. Яе вызначае калектыў рэдакцыі.
Пазней Ізраілевіч гэтую памылку прызнаў, выбачыўся перад Анісім, і нават ахвяраваў пэўную суму грошай на дзейнасць ТБМ.
Але адэпты «рускага міру» не робяць высноў з чужых памылак і ўпарта прывязваюць «Новы Час» да ТБМ і Алены Анісім. Чаму б ім не ўзяць газету і не паглядзець на выходныя дадзеныя, дзе пазначаныя рэдактар, яе намеснік і нумары тэлефонаў рэдакцыі? Бо гэта мы, а не Анісім, друкавалі артыкул пра Дудаева (які, дарэчы, служыў у Беларусі). Гэта мы друкавалі артыкул пра Яндарбіева як пра паэта, а не баевіка. Гэта мы даем дыскусійныя артыкулы і імкнёмся нікому не адмаўляць у выказванні меркавання.


Чаму яны выказваюць прэтэнзіі не нам асабіста? На маю думку, атака на «Новы Час» — гэта не атака на газету. Гэта атака на ўсё ТБМ разам. Калі зрабіць выснову, што НЧ друкуе «экстрэмісцкія матэрыялы», то можна сцвярджаць, што і ТБМ сама па сабе — «экстрэмісцкая арганізацыя». І патрабаваць яе закрыцця.
Тэндэнцыя цікавая. Не так даўно шэсць прарасійскіх арганізацый прасілі Генпракуратуру ліквідаваць Партыю БНФ. Нібыта БНФ распаўсюджвае «недарэчныя сцвярджэнні аб нейкай беларускай царкве і абражае пачуцці рускамоўнай большасці беларускага грамадства». Партыю назвалі «праварадыкальнай русафобскай празаходняй апазіцыяй», «ідэйнымі нашчадкамі паліцыі». Аўтары звароту патрабуюць ініцыяваць ліквідацыю БНФ, «улічваючы наяўнасць прыкмет крымінальных злачынстваў».
Раптам спадар генпракурор да іх прыслухаецца. І ліквідуе дзве найстарэйшыя ў Беларусі арганізацыі, якія стаялі ля вытокаў (БНФ заснаваная ў 1988 годзе, ТБМ — у 1989-м), і, не пабаюся гэтых словаў, былі і застаюцца падмуркам беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці? Якія больш за чвэрць стагоддзя гэтую незалежнасць і дзяржаўнасць адстойваюць? Што далей?


Далей усе гэтыя «рускаміраўцы» заявяць, што дзяржаўнасць Беларусі — недарэчнасць. Што абвяшчэнне незалежнасці было «валюнтарысцкім рашэннем асобных дэпутатаў» і «не мела падтрымкі народа». Як доказ — няма ніводнай арганізацыі (бо яны ліквідаваныя паводле іх жа просьбаў), якія б гэтую незалежнасць і дзяржаўнасць прасоўвалі. А найстарэйшыя партыі Беларусі — ЛДП, камуністы і тая ж РППС. І дзяржаўным асобам, якія толькі-толькі пачалі ўсведамляць каштоўнасць незалежнасці, проста не будзе чаго запярэчыць… Так?
«Наезд» на «Новы Час», ТБМ і БНФ — гэта падкоп пад беларускую дзяржаўнасць. Не больш, не менш.Канешне, можа, усё прасцей. Калі Лукашэнка казаў, што «беларусы — рускія са знакам якасці», усе гэтыя «рускаміраўцы» прысмакталіся да розных фондаў кшталту «Рассупрацоўніцтва». А калі афіцыйная парадыгма змянілася, і Лукашэнка больш не называе Расію «братняю дзяржавай», куратары з фондаў сказалі: «Спадарства! Грошыкі адпрацоўваць трэба!»
На кіраўніка краіны «наехаць» — сабе даражэй. А пазмагацца з мёртвымі Дудаевым, Яндарбіевым і Бандэрам — справа святая. Мёртвым не баліць жа, так?