Святлана Ціханоўская: гэты рэжым — маральны банкрут
Святлана Ціханоўская 29 жніўня выказалася пра адмену акрэдытацый журналістаў замежных СМІ.
«Мяне вельмі турбуюць навіны з Мінску пра тое, што рэжым адмяняе акрэдытацыю заходніх СМІ і выганяе ўсіх журналістаў з Беларусі. Калі гэта праўда, то гэта яшчэ адна прыкмета таго, што гэты рэжым — маральны банкрут, і адзіны спосаб, якім ён спрабуе ўтрымацца ва ўладзе — гэта страх і запужванне. Гэтая тактыка не спрацуе. Беларускі народ больш не баіцца. Мы пераможам. Самы цёмны час заўжды перад світанкам», — напісала Ціханоўская.
Улады Беларусі 29 жніўня пазбавілі акрэдытацыі шэраг журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі. Пазбаўленыя акрэдытацыі прыблізна 20 прадстаўнікоў СМІ, у ліку якіх беларускія карэспандэнты BBC, Reuters, AFP, RFi, тэлеканала «Настоящее время», беларускай службы радыё «Свабода» і іншыя.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў, што рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на падставе прадстаўлення Мiжведамаснай камiсii бяспекі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэння, ён назваць адмовіўся.