Справу Аляксандра Алесіна параўноўваюць са справай расіяніна Ігара Суцягіна

Беларускія журналісты, праваабаронцы, а таксама міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці — «Рэпарцёры без межаў» занепакоеныя адсутнасцю інфармацыі пра Аляксандра Алесіна.



ihar_suciahin.jpg

Ігар Суцягін
У свежым нумары газеты «Белорусы и рынок» выйшаў артыкул «Затрыманы наш калега Аляксандар Алесін». Аўтар артыкулу, аглядальнік тыднёвіка Паўлюк Быкоўскі кажа:
«Я ўпэўнены, што такі прафесійны журналіст, як Аляксандар Алесін, не рабіў нічога, што выходзіла б за межы закону. Трэба адзначыць, што погляды ў Аляксандра Алесіна былі вельмі патрыятычныя, і таму нават разважанні наконт таго, ці мог ён працаваць на нейкія іншыя выведкі — гэта абсалютна не мае ніякага сэнсу».
На затрыманне беларускага журналіста адгукнуліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. «Мы глыбока занепакоеныя той цішынёй, якая атачае знікненне Аляксандра Алесіна», — заявіла Люсі Марылон, дырэктарка праграмы «Рэпарцёры без межаў».
Арганізацыя заклікае беларускія улады як мага хутчэй праясніць, якія службы затрымалі журналіста і якія менавіта абвінавачанні ў дачыненні да яго выстаўляюць.
Расійскі журналіст Рыгор Пасько напрыканцы 1990-х быў арыштаваны, яму інкрымінаваўся артыкул 275 Крымінальнага кодэксу Расійскай Федэрацыі — «Дзяржаўная здрада». Потым яго асудзілі нібыта за шпіянаж. Агулам ён адседзеў каля двух гадоў. «Міжнародная амністыя» прызнала яго «вязнем сумлення». Цяпер Рыгор Пасько з'яўляецца дырэктарам маскоўскага Фонду расследавальнай журналістыкі.
На думку Рыгора Пасько, улады і ў Расіі, і ў Беларусі мараць прыдумаць закон, каб чалавеку, які вельмі добра разбіраецца ў пэўнай праблеме і піша праўду, заткнуць рот: маўляў, усё, што ён нарые і да якой высновы прыйдзе, — гэта таксама з'яўляецца сакрэтным. У Расіі папраўкі да Крымінальнага кодэксу былі прынятыя два гады таму, кажа спадар Пасько:
«То бок абагульненні — нават калі яны не былі ўзятыя з канкрэтнага сакрэтнага дакумента, але ты сам да іх прыйшоў шляхам аналізу, працы над рознымі адкрытымі крыніцамі, але тое, да чаго ты на падставе розных адкрытых крыніцаў дадумаўся і напісаў — яны маюць права па гэтым законе прызнаць сакрэтным. Во як! Тут ужо трэба, як кажуць, біцца галавой аб сцяну. А, як казаў Ежы Лец, прабіў ты галавой сцяну, а што ты будзеш рабіць у суседняй камеры? Таму вельмі цяжка... Як цяпер у Алесіна, падобная сітуацыя з Ігарам Суцягіным была...»
Ігар Суцягін таксама не меў доступу ні да якіх сакрэтаў, але ён на падставе газет «Красная звезда», «Морской сборник» (то бок з адкрытых крыніцаў на ваенную тэму) пісаў аналітычныя артыкулы, якія былі прызнаныя сакрэтнымі. 10 гадоў адседзеў у лагерах. І цяпер вымушаны жыць у Лондане.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі выставіў Аляксандру Алесіну абвінавачанне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».
Па гэтым артыкуле прадугледжаны тэрмін зняволення ад 7 да 15 гадоў.
Разам з Алесіным абвінавачваецца дыпламат адной з краін. Аляксандар Алесін не з'яўляецца асноўным фігурантам справы.
Паводле адваката, цягам месяца будуць праводзіцца следчыя дзеянні, і Алесін застанецца пад вартай.

svaboda.org