Узяццё пад варту Алесіна — трывожны прыклад выкарыстання рэпрэсіўных зменаў у Крымінальны кодэкс

Партыя БНФ выказвае занепакоенасць затрыманнем журналіста газеты «Беларусы і рынак» Аляксандра Алесіна і прад’яўленнем яму абвінавачання ў здрадзе дзяржаве. Адмысловая Заява была прынятая Управай Партыі БНФ 9 снежня 2014 году.



freedom_of_repression.jpg

Аляксандар Алесін — вядомым эксперт-аналітык у вайсковай і прамысловай тэме. Апошнім часам ён неаднаразова даваў аўтарытэтныя ацэнкі той пагрозе, якую нясе для нацыянальнай бяспекі Беларусі размяшчэнне ў краіне расійскай авіябазы. У тым ліку, спасылаючыся на адкрытыя крыніцы, эксперт даводзіў пагрозу дыслакацыі ў Беларусі менавіта наступальнай расійскай зброі. Аляксандар Алесін шмат разоў прымаў удзел у якасці эксперта ў абмеркаваннях і грамадскіх слуханнях, арганізаваных БНФ з нагоды пагрозы размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў.
На падставе той абмежаванай інфармацыі аб затрыманні сп. Алесіна, якая з'явілася апошнімі днямі, ёсць падставы меркаваць, што зняволенне журналіста адбылося ў сувязі з ягонай прафесійнай дзейнасцю. Той факт, што цягам некалькіх дзён дзяржаўныя органы цалкам адмаўляліся прадставіць грамадскасці любую інфармацыю адносна лёсу Аляксандра Алесіна, мы расцэньваем як чарговы прыклад узмацнення ціску на незалежных журналістаў і дэмакратычную супольнасць Беларусі. Партыя БНФ выказвае трывогу з прычыны пагрозы з'яўлення ў Беларусі новага вязня сумлення.
Партыя БНФ адзначае, што змены, унесеныя ў крымінальны кодэкс увосень 2011 году, неапраўдана пашыраюць магчымасці адвольна кваліфікаваць журналісцкую і экспертную працу ў якасці злачынстваў супраць дзяржаўнай бяспекі. Выкарыстанне ў артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса фармулёўкі  «іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку» стварае прастору для адвольнага пашыральнага тлумачэння гэтай нормы, што дазваляе кваліфікаваць як здраду дзяржаве дзеянні, што непасрэдна не наносяць шкоды нацыянальнай бяспецы. Ёсць занепакоенасць, што менавіта гэта можа быць скарыстанае ў справе Аляксандра Алесіна.
У святле гэтага, улічваючы вялікую грамадскую значнасць справы, мы чакаем тлумачэнняў ад праваахоўных органаў пра абставіны справы ды пра падставы абвінавачання Аляксандра Алесіна.
Партыя БНФ патрабуе вызвалення Аляксандра Алесіна і перасцерагае ўлады ад выкарыстання крымінальнага заканадаўства ў мэтах рэпрэсіяў супраць журналістаў.
narodny.org