Алесіну выставілі абвінавачанні ў шпіянажы

«Сёння да нас званілі «адтуль». Паведамілі, што бацьку выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356 частка 1 «Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж», — паведаміла дачка Алесіна Вольга.



a_aliesin.jpg

Паводле гэтага артыкулу прадугледжана зняволенне на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Разам з Алесіным абвінавачанне высунутае супраць дыпламата адной з краін. Сваякі не ведаюць, што гэта за чалавек. Тым не менш, вядома, што ён не знаходзіцца ў зняволенні, бо абаронены дыпламатычным імунітэтам. «Нам паведамілі, што бацька не з’яўляецца асноўным фігурантам справы», — кажа Вольга.
Сваякі пакуль не маюць інфармацыі аб тым, ці сустракаўся з Аляксандрам Алесіным адвакат, яны не падтрымліваюць ніякай сувязі з дзяржаўным абаронцам.
«Сёння я спыталася ў супрацоўніка КДБ, ці можам мы наняць свайго адваката. На што ён адказаў, што пакуль у гэтым няма ніякага сэнсу, бо, магчыма, тату вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя». Вольга Алесіна кажа, што яе бацька мае праблемы з сэрцам. Стала дакладна вядома, што затрыманне Алесіна адбылося 25 лістапада, аднак яшчэ няма інфармацыі, дзе дакладна гэта здарылася. «У той самы дзень супрацоўнікі спецслужбаў прыязджалі да нас дадому, правялі ператрус, папрасілі сабраць рэчы».
Аляксандр Алесін — унікальны для Беларусі вайсковы аналітык. Ягонае меркаванне часта гучыць на старонках СМІ і канферэнцыях. Апошнія гады ён працаваў у газеце «Белорусы і рынок».
nn.by