Сікорскі пра Лукашэнку: «З драпежніка цяжка зрабіць вэгетарыянца»
У Беларусь дэмакратыя прыйдзе ў выніку перамен у Маскве, а не ў самой Беларусі, — лічыць былы міністр замежных справаў Польшчы, аналітык Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў у Гарвардзе Радаслаў Сікорскі.
«Далейшы лёс дыялогу паміж Мінскам і Захадам будзе залежыць ад з’яўлення новых палітвязняў у Беларусі», — сказаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” былы міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Сікорскі разам з тагачасным міністрам замежных справаў Нямеччыны Гіда Вестэрвеле сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам і паабяцаў фінансавую дапамогу Беларусі за правядзенне сумленных выбараў. Выбары 19 снежня скончыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі ў Мінску і арыштам сотняў удзельнікаў.
— Спадар Сікорскі, ці сочыце вы за тым, што адбываецца ў Беларусі, і што, у прыватнасці, у суботу і нядзелю адбывалася ў Менску, і іншых гарадах?
— Так. Учора, у 60-ю гадавіну падпісання рымскіх дамоўленасцяў, якія аформілі сённяшні Еўрасаюз, у мяне былі сумныя думкі. Дзякуючы таму, што Польшча далучылася да Еўрасаюзу, у нас пратэсты супраць сваёй улады адбываюцца мірна. А ў Менску, на жаль, патрэбная большая ахвярнасць, каб засведчыць, што гэта таксама еўрапейская краіна.
— Апошнія два гады працэсы ў Беларусі многія называлі лібералізацыяй. Польскія палітыкі, і брусэльскія чыноўнікі, аднаўлялі кантакты з афіцыйным Менскам. Многія лічылі, што адбываецца павольны паварот Беларусі да Еўропы? Сёння тыя ж палітыкі, у Варшаве і Брусэлі, кажуць зусім іншыя словы. Што пайшло не так?
— Спробам цывілізаваць дыктатара Беларусі ўжо 20 гадоў. З драпежніка цяжка зрабіць вегетарыянца. Вельмі шкада, што Беларусь можа страціць шанец на нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. Іх гарантыяй да ўчорашняга дня быў факт, што ў Беларусі няма палітычных вязняў. Я спадзяюся, што іх і не будзе, і што Лукашэнка, прынамсі, зможа лавіраваць паміж Расіяй і Еўрасаюзам. Асабіста я прыхільнік больш адважнай праеўрапейскай палітыкі Беларусі і ўсё яшчэ на гэта спадзяюся.
— Год таму польскі міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Мінск і сустрэўся з Лукашэнкам. Многія назвалі гэта заўчасным візітам. Гэта была памылковая паездка?
— Гэта ўжо не першы польскі ўрад, які спрабуе даць Лукашэнку цікавыя прапановы. Я падтрымліваю такую палітыку, я і сам спрабаваў так рабіць. Але трэба заўсёды разумець з кім мы маем справу. Празмерная цеплыня выказванняў пра чалавека, гісторыю каторага ўсе ведаюць, заўсёды вельмі рызыкоўная.
— У вас няма дэжа вю, што паўтараецца 2010 год і наступствы вашага візіту ў Мінск?
— Тады стаўка была значна вышэйшая. У Беларусі быў шанец атрымаць вельмі вялікую дапамогу. Мы тады называлі лічбу — гэта 3 мільярды еўра. Калі казаць з жорсткай шчырасцю, то ўзамен мы хацелі атрымаць менш нахабную фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў. Але выбары былі сфальсыфікаваныя яшчэ больш нахабна, а ўсе канкурэнты Лукашэнкі апынуліся за кратамі. Гэта быў адказ кіраўніка Беларусі на нашу прапанову. Сёння сітуацыя трошкі іншая. Цэны на нафту мізэрныя, у Масквы скончыліся грошы, і падтрымка Беларусі з усходу яшчэ меншая.
— Тым не менш, Лукашэнка і пасля жорсткіх арыштаў, не робіць крытычных заяваў у бок Захаду, не кажа пра канец збліжэння з ЭЗ. Ёсць шанец, што дыялёг будзе працягвацца?
— Шмат што залежыць ад далейшых крокаў Лукашэнкі. Разгон дэманстрацыі яшчэ не сапсуе адносін з Еўрасаюзам. А вось калі ў Беларусі з’явяцца палітычныя вязні, то дыялог можа спыніцца.
— Еўрапейскія палітыкі часта апраўдвалі збліжэнне з Мінскам новай геапалітычнай рэальнасцю: вайной ва Украіне, анексіяй Крыму. Ці дастатковы гэта аргумент, ці ўсё ж варта вяртацца да абмежавальных мераў супраць Мінску?
— Вынікам еўрапейскай гульні з Лукашэнкам стала вызваленне палітвязняў. Гэта пэўная форму ціску на ўладу і абароны беларускай апазіцыі. Трэба мець вельмі абмежаваныя і сціплыя чаканні адносна эфектаў такой палітыкі, але на пэўную рызыку варта ўсё ж ісці.
— Вы не толькі палітык, але і былы антыкамуністычны дзеяч у ПНР. Вы бачыце нейкае падабенства ў метадах дзеяння тагачаснай улады ў Польшчы і сённяшняй у Мінску?
— Найперш гэта розныя прапорцыі грамадскай падтрымкі. Польская апазіцыя ў 70-я гады, а асабліва ў 80-я, адчувала вялізарную падтрымку грамадства. Я думаю, што ў Беларусі гэтыя прапорцыі ўсё яшчэ меншыя.
— У Польшчы змена сістэмы адбылася мірным шляхам. Як, на вашу думку, могуць адбыцца перамены ў Беларусі?
— Самы вялікі ўплыў на Беларусь, праз кантроль над узброенымі сіламі Беларусі і шырокія эканамічныя ўплывы, агентуру, мае Расія. На маю думку, у Беларусь дэмакратыя прыйдзе ў выніку перамен у Маскве, а не ў самой Беларусі.
Дзмітры Гурневіч, www.svaboda.org