Самакіраванню яшчэ трэба вучыцца
Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы ў актыўнай стадыі. Але калі правесці на вуліцы апытанне мінакоў, то выявіцца, што далёка не кожны ведае не тое што кандыдатаў у дэпутаты, але і дату
саміх выбараў. Чаму? Адказ на гэта пытанне спрабуе даць адмыслоўца ў галіне мясцовага самакіравання Андрэй Завадскі ў размове з Вольгай Хвоін.
— Вы не першы год назіраеце за ходам электаральных кампаній. Як бы вы ацанілі сёлетні ўзровень?
Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы ў актыўнай стадыі. Але калі правесці на вуліцы апытанне мінакоў, то выявіцца, што далёка не кожны ведае не тое што кандыдатаў у дэпутаты, але і дату
саміх выбараў. Чаму? Адказ на гэта пытанне спрабуе даць адмыслоўца ў галіне мясцовага самакіравання Андрэй Завадскі ў размове з Вольгай Хвоін.
— Вы не першы год назіраеце за ходам электаральных кампаній. Як бы вы ацанілі сёлетні ўзровень?
— Ён выклікае занепакоенасць. Тыя людзі, якія зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, прадстаўляюць розныя сацыяльныя, палітычныя і прафесійныя групы грамадства. І кожнай групе ўласцівыя
свае «радзімыя плямы». Тыя, хто прадстаўляе дырэктарскі корпус, з’яўляецца службовай асобай, ведаюць існуючае заканадаўства, але ўспрымаюць яго некрытычна. Лічаць, што ўсё
ў ім добра, і сістэма працуе стабільна. Але гэта памылка, бо наша заканадаўства моцна адрозніваецца ад заканадаўства еўрапейскіх краін і не адпавядае Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Таму
ў нашым мясцовым самакіраванні немагчыма эфектыўна працаваць. Такія дэпутаты не змогуць нармальна вырашаць праблемы грамадзян і ўвогуле не разумеюць, што такое самакіраванне ў еўрапейскім
кантэксце.
Прадстаўнікі палітпартый, грамадскіх арганізацый ідуць збольшага на пратэстнай хвалі і часам маюць вельмі цьмянае ўяўленне аб дзеючым заканадаўстве і прынцыпах, паводле якіх яно мусіць быць
рэфармавана. Таму эфектыўнасць працы такіх дэпутатаў таксама будзе нізкая.
Гэту сітуацыю можна змяніць, і варта тое рабіць. Але для гэтага патрэбны час. Безумоўна, не 30 дзён, якія адпушчаныя на перадвыбарчую кампанію. Мусіць быць адукацыйная, падрыхтоўчая праца. І весці яе
трэба не саматужным чынам, а афіцыйна, з удзелам структур мясцовых саветаў, палітычных партый і недзяржаўных арганізацый. Навошта патрэбная афіцыйная падтрымка? Каб людзі, якія прадстаўляюць
дзяржаўныя, уладныя структуры, асэнсавалі, што і ім неабходна авалодваць ведамі, што гэта ўмова эфектыўнай працы мясцовых саветаў дэпутатаў.
Для выбарцаў важная не столькі здольнасць кандыдата перамагчы ў кампаніі, колькі яго ўменне на пасадзе дэпутата вырашаць праблемы.
— Чаго не хапае кандыдатам у дэпутаты, каб якасна правесці сваю кампанію ды заваяваць сэрцы і розумы выбарцаў акругі?
— Прынцыпова не хапае грунтоўных ведаў дзеючага заканадаўства. Не столькі выбарчага характару, колькі заканадаўства, якое рэгулюе яго далейшую працу на выбарнай пасадзе, а менавіта
— законаў аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, аб статусе дэпутата мясцовага савета, аб масавых мерапрыемствах, аб рэспубліканскіх мясцовых сходах, аб зваротах грамадзян. Апроч таго
кандыдатам бракуе магчымасцяў выхаду да людзей праз арганізацыю сустрэч і праз СМІ. Тыя магчымасці, якія сёння дае інтэрнэт як новы канал сувязі, выкарыстоўваецца не на 100 працэнтаў. Бо
карыстальнікамі збольшага з’яўляюцца спецыфічныя прафесійная і ўзроставая групы. А пераважная большасць выбарцаў усё ж знаходзіцца пад уплывам традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі
— тэлебачання, газет, радыё. Яны ж не ставяць сабе на мэце паўнавартасна асвятляць выбарчай кампанію і растлумачыць пазіцыю канкрэтнага кандыдата.
— У гэтым і прычына апатыі грамадства да выбарчага працэсу ў цэлым?
— Апатыя не ўзнікла сёння, а існуе шмат год. І вынікае яна з таго, што нашы грамадзяне слаба падрыхтаваныя ў разуменні, чым мясцовая ўлада адрозніваецца ад дзяржаўнай. Яны лічаць (і ў
большасці выпадкаў робяць правільныя высновы), што ў Беларусі мясцовай улады фактычна няма, бо цэнтральныя органы ўлады сваімі рашэннямі, кіруючымі дзеяннямі, згодна з заканадаўствам, могуць
умешвацца ў рашэнні, у дзейнасць і вынікі працы мясцовых саветаў. Гэта недапушчальна з еўрапейскага погляду. Часта выбарцы лічаць, што дзяржаўная ўлада ў выглядзе сваіх рэспубліканскіх органаў
з’яўляецца адзінай дзеяздольнай сілай. І з большай ахвотай звяртаюцца ў структуры прэзідэнцкай адміністрацыі, чым да мясцовых уладаў.
Людзі часта не разумеюць розніцу паміж саветам дэпутатаў і выканкамам. Па сваіх праблемах калі ім і даводзіцца звяртацца да мясцовых уладаў, то прыходзяць менавіта ў выканкам. А ён, у сваю чаргу,
рэальна вызначае ўмовы жыцця на канкрэтнай тэрыторыі. Менавіта таму і назіраецца апатыя да выбараў асобаў, большасць з якіх у наступныя чатыры гады выбарцы і не пабачаць. Больш таго, выканкамы па
сутнасці правакуюць, дэманструючы, што грамадзянам не варта спадзявацца на саветы, якія рэальна не робяць карысных спраў выбарцам.
— Можа, варта было б плаціць зарплату за працу дэпутата? У людзей быў бы стымул пацікавіцца, за што дэпутат атрымлівае грошы…
— Калі б дэпутаты мясцовых саветаў працавалі на вызваленай аснове, то іх работа была б больш эфектыўнай. Але ці зацікаўленая дзяржава ў эфектыўнай працы дэпутатаў мясцовых саветаў? Ці не
праяўляецца з боку цэнтральных структур улады і выканкамаў на мясцовым узроўні апасенне, што дэпутаты, якія працуюць на вызваленай аснове, у сваёй працы будуць канкураваць са структурамі вертыкалі?
Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, закон аб статусе дэпутата мясцовага савета прадугледжваюць, што дэпутат, якія працуе на вызваленай аснове, а сёння гэта толькі старшыні саветаў, пасля
сканчэння сваіх паўнамоцтваў мусіць ці вярнуцца на старую працу, ці атрымаць раўнацэнную ёй. І тое і другое — рэалізаваць няпроста нават адносна да невялікай колькасці старшынь саветаў. Што
ж гаварыць, калі колькасць вызваленых дэпутатаў павялічыцца ў разы. Тым не менш закон і сёння прадугледжвае, што працу сваю дэпутат павінен выконваць адказна. Прынамсі кожны дэпутат не менш аднаго
разу на месяц мусіць прымаць сваіх выбарцаў і не менш двух разоў на год рабіць перад імі справаздачу аб сваёй дзейнасці. За парушэнне гэтых абавязкаў выбарцы могуць ініцыяваць працэдуру адклікання
дэпутата. Але, на жаль, беларуская палітычная гісторыя не ведае ніводнага такога выпадку. Найперш таму, што працэдура, замацаваная ў выбарчым кодэксе, вельмі складаная і неўнармаваная з фінансавага
пункту гледзішча, а таксама разлічаная на вельмі высокую актыўнасць грамадзян, якой мы не бачым. За межамі Беларусі працэдура адклікання амаль не сустракаецца, а ацэнка эфектыўнасці працы дэпутата
робіцца падчас наступных выбараў.