Рэспубліка талерантных маніхеяў
Рэвалюцыя ёсць спосаб уключэння ў дыялог наконт будучыні краіны грамадзян, пазбаўленых уладай палітычных правоў.
У трэцім стагоддзі нашага часу жыў у Вавілоне перс Ваб, аўтар рэлігійнага вучэння, якое адыграла велізарную ролю ў фармаванні светапогляду беларусаў. Паслядоўнікі адукаванага перса разглядаюць Сусвет
у якасці поля вечнай бітвы дзвюх касмічных сутнасцяў — Света і Цемры («нашых» і «не нашых», улады і апазіцыі), паміж якімі не можа быць пагаднення, не
можа адбывацца ніякага дыялогу.
Рэвалюцыя ёсць спосаб уключэння ў дыялог наконт будучыні краіны грамадзян, пазбаўленых уладай палітычных правоў.
У трэцім стагоддзі нашага часу жыў у Вавілоне перс Ваб, аўтар рэлігійнага вучэння, якое адыграла велізарную ролю ў фармаванні светапогляду беларусаў. Паслядоўнікі адукаванага перса разглядаюць Сусвет
у якасці поля вечнай бітвы дзвюх касмічных сутнасцяў — Света і Цемры («нашых» і «не нашых», улады і апазіцыі), паміж якімі не можа быць пагаднення, не
можа адбывацца ніякага дыялогу.
Асноўная асаблівасць маніхейства ў беларускім варыянце палягае ў тым, што яе носьбітам з’яўляецца народ, вядомы сваёй талерантнасцю (ад лац. tolerantia — цярпенне), г. зн. сваёй
памяркоўнасцю да чужога ладу жыцця, паводзінаў, звычаяў, пачуццяў, меркаванняў, ідэй, вераванняў. Прыметнік «чужы» я вылучыў невыпадкова. Да небеларусаў беларусы ставяцца
талерантна. Маніхейства беларусаў выяўляецца ў адносінах адзін да аднаго.
Гэта пра «не нашых» было сказана на прэс-канферэнцыі 20 снежня: «Ну, подумаешь, палкой по голове получили — это самое меньшее зло, которое могло
случиться». Такім чынам, хай радуюцца. Са шматлікіх бедаў, якія назапасіла ўлада, «не нашым» гэтым разам дасталася меншая. Што да «нашых», дык стаўленне
да іх выдатна характарызуе наступная цытата: «Но я никому не позволю, чтобы хоть волосок упал с головы военного человека, милиционера, чекиста или сотрудника спецслужбы, которые худо-бедно
обеспечили нам спокойную жизнь».
Нацыя як гарызантальны праект
Барацьба Света з Цемрай не прадугледжвае дыялогу. Але там, дзе няма дыялогу, не можа сфармавацца нацыя. Сучасныя нацыі не проста сфармаваліся падчас дыялогу, дыялог — форма існавання нацыі.
Калі хтосьці з высокай трыбуны абвяшчае сябе абаронцам нацыянальных інтарэсаў, то рэкамендую пацікавіцца ў абаронцы, дзе і калі адбыўся дыялог, які сфармаваў гэтыя інтарэсы. Калі такога дыялогу не
было, то, хутчэй за ўсё, наш абаронца спрабуе сваім асабістым інтарэсам надаць статут нацыянальных.
У сярэднявечных грамадствах стасункі паміж людзьмі выбудоўваліся па вертыкалі. Такой сацыяльнай канструкцыі для свайго ўзнаўлення дыялог быў не патрэбны. Вертыкаль мела патрэбу ў начальніках і
падначаленых. Начальнікі аддавалі загады, зыходзячы са сваіх асабістых інтарэсаў, падначаленыя іх выконвалі. Гэта ў ідэале. Рэальныя ж падначаленыя, у сваю чаргу, для кагосьці з’яўляліся
начальнікамі, і не варта дзівіцца, што, рэалізуючы чужы інтарэс, яны дамешвалі да яго ўласныя патрэбы.
Беларуская ўладная вертыкаль пабудавана паводле сярэднявечных прынцыпаў. На яе шматлікіх паверхах таксама працуюць «хімікі», якія імкнуцца ператварыць галоўны канцэнтраваны інтарэс
у разведзены раствор, таму без належнага кантролю і ўліку любая вертыкаль дэградуе. Свежы прыклад: 27 студзеня Палата прадстаўнікоў зацвердзіла на пасаду прэм’ер-міністра чалавека, які
«знает, что такое нано-, био-, лазерные, фармакологические, космические и другие передовые технологии». Я не ўпэўнены, што ў свеце можна адшукаць яшчэ аднаго кіраўніка ўрада з такой
жа высокай эрудыцыяй. Аднак для выканання якой задачы прызначаны прэм’ер-энцыклапедыст? Цытую: «Премьер-министр должен прежде всего контролировать выполнение стратегических задач,
определенных в программе социально-экономического развития Беларуси на пятилетку».
Прэм’ер-міністр ва ўмовах вертыкальна арганізаванай эканомікі — гэта кантралёр. Яго папярэдніку, калі ён паспрабаваў нагадаць пра інтарэсы рабочых прадпрыемстваў, адразу ж
растлумачылі, што ён «голый экономист, а не политик», а таму абавязаны «бороться за каждый рубль, каждую копейку».
Вялікае і складанае сучаснае грамадства не можа доўга функцыянаваць, як яго вертыкальны сярэднявечны папярэднік. Свабодныя ж ад дзяржаўнай апекі асобы здольныя гуртавацца (утварыць нацыю) толькі на
падставе гарызантальных сувязяў. Пры гэтым агульны (нацыянальны) інтарэс узнікае як рухомая раўнадзейная інтарэсаў прыватных. Дыялог і з’яўляецца тым механізмам, які дазваляе гэту
раўнадзейную ўвесь час выяўляць. Ён не даецца раз і назаўжды.
Дзе тонка — там і рвецца
Ліміт «каляровых рэвалюцый» і ўзрушэнняў у Беларусі вычарпаны. Пра гэта за апошнім часам беларусам нагадвалі неаднаразова. Я не спецыяліст па Тунісе, але не здзіўлюся, калі і
тамтэйшым жыхарам з экранаў тэлевізараў гадамі вяшчалі нешта падобнае. І вось трэба ж! Услед за Тунісам завіраваў Егіпет.
Чытачы «НЧ» будуць здзіўлены, але ўсе пералічаныя падзеі — толькі адна з праяваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Якім чынам амерыканцы спрабуюць утрымаць
унутраны попыт, які падае? Яны напампоўваюць эканоміку «пустымі» грашыма. Вялікая частка гэтых грошай урэшце апынаецца на таварных і фондавых рынках. Таму за мінулы неўрадлівы год
пры скарачэнні сусветных запасаў пшаніцы на 5% цана на яе падвоілася.
Танная пшаніца — адна з асноўных умоў сацыяльнай стабільнасці для краін, у якіх хлеб з’яўляецца асноўным прадуктам харчавання. Краіны ж Паўночнай Афрыкі знаходзяцца ў групе
сусветных лідараў па імпарце пшаніцы на душу насельніцтва. Напрыклад, Егіпет, спажываючы ў год каля 14 мільёнаў тон пшаніцы, імпартуе 7,5 мільёна тон.
Летась на вуліцы французскіх гарадоў адначасова павыходзілі мільёны дэманстрантаў, але да «фіялкавай» рэвалюцыі гэта не прывяло. Мільёны выказалі свой пратэст з нагоды пенсійнай
рэформы і мірна разышліся па хатах. Не выключана, што пратэстная актыўнасць 2010 года яшчэ адгукнецца прэзідэнту Сарказі на найбліжэйшых выбарах, аднак гэта будзе выключна яго асабістай праблемай і
праблемай яго жонкі Карлы. На нацыянальных інтарэсах Францыі гэта не адаб’ецца. Выбары (муніцыпальныя, парламенцкія, прэзідэнцкія) — толькі адна, але надзвычай важная форма
палітычнага дыялогу, і выключна там, дзе іх вынік непрадказальны, выбары не расколваюць, а гуртуюць нацыю.
Паводле армейскай мадэлі
Быць сябрам якой-небудзь сацыяльнай групы — значыць мець права голасу ў дыялогу наконт яе будучыні. У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пераможцу, Браніслава Камароўскага,
падтрымалі 53,01% выбарцаў, а яго апанента Яраслава Качыньскага — 46,99%. Пры жаданні, за гэтай электаральнай арыфметыкай можна ўбачыць раскол у польскім грамадстве.
Але ці можна ўявіць сабе прэзідэнта Камароўскага, які разважае пра права меншасці мець «свою точку зрения»? Польская меншасць з’яўляецца неад’емнай часткай
грамадства не таму, што кіраўнік дзяржавы ў сілу нейкіх чыннікаў раптам вырашыў так яго ўспрымаць. Права кожнага паляка браць удзел у дыялогу пра будучыню Польшчы запісана ў Канстытуцыі, і палякі
маюць рэальныя магчымасці гэта права рэалізаваць, у тым ліку і праз выбары.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што амаль палова палякаў не задаволеныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, але прэтэнзій да падліку галасоў прадстаўнікі меншасці не выказалі. Чаго не скажаш пра беларусаў
(глядзі табліцу). Па меркаванні кожнага трэцяга, снежаньскія выбары не былі свабоднымі і справядлівымі.
Вайна, як вядома, — працяг палітыкі іншымі сродкамі. Палітыка, у сваю чаргу, з’яўляецца спосабам узгаднення інтарэсаў. Злучэнне дзвюх азбукавых ісцін разам дазваляе нам паглядзець
на вайну як на дыялог, у якім адзін з бакоў навязвае сваю правату сілай. У гэтым сэнсе рэвалюцыя ёсць спосаб уключэння ў дыялог пра будучыню краіны грамадзян, пазбаўленых уладай палітычных
правоў.
Беларускае грамадства — аскепак імперскага грамадства (савецкага і дасавецкага), яно працяглы час фармавалася па мадэлі арміі ва ўмовах «крэпасці ў аблозе», таму
знаходжанне ў апазіцыі да ўлады ў нас стагоддзямі разглядалася як здрада, як ваенная здрада. «Калі ж, — на думку палітолага Ігара Клямкіна, — кіраўніцтва пад уздзеяннем тых
ці іншых выклікаў пачынае мілітарызацыю паслабляць, высвятляецца, што да іншай, неваеннай, арганізацыі не гатовыя ні эліты, ні насельніцтва. Што ніякага іншага ўяўлення пра агульны інтарэс, акрамя
вайсковага, у іх свядомасці няма».
У Беларусі ўсе паверхі ўладнай «вертыкалі» занятыя дамарослымі маніхеямі. Калі яны і гатовыя весці дыялог з кім б там ні было (Захадам, Расіяй, апазіцыяй), то выключна на сваёй
тэрыторыі, г. зн. пры ўмове прызнання за імі манапольнага права на выказванне агульнанацыянальнага інтарэсу.
Але і за межамі ўладнай вертыкалі маніхеяў хапае. Паводле снежаньскага апытання НІСЭПД, 18% беларусаў лічаць, што ў склад выбарчых камісій павінны ўваходзіць толькі тыя асобы, якія адстойваюць
інтарэсы дзеючай улады. Хапае маніхеяў і сярод апазіцыі, інакш як растлумачыць няздольнасць партыйцаў весці канструктыўны дыялог паміж сабой? Мы ўжо прызвычаіліся, што асноўныя інфармацыйныя нагоды,
якія генеруюцца партыйнымі штабамі, звязаныя з бясконцымі разборкамі за манапалізацыю права прадстаўляць інтарэсы «нашых».
Тэлефанаванне ідэолагу
Афіцыйны падзел грамадства на «большасць» і «меншасць» паставіў пад сумнеў узровень усебеларускасці IV Усебеларускага народнага сходу (УНС). Каб пазбавіцца
сумневу, я патэлефанаваў начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Сяргею Хільману.
Галоўны гарадскі ідэолаг майго сумневу не зразумеў. Ён растлумачыў, што «большасць» і «меншасць» былі зафіксаваныя ЦВК падчас галасавання, дэлегатаў жа на IV УНС
выбіралі ад працоўных калектываў на тры тыдні раней.
Лепшай ілюстрацыі да беларускага сярэднявечча цяжка і ўявіць. Я па наіўнасці разглядаў IV УНС у якасці палітычнага органа, рэальны ж яго статут — сход прадстаўнікоў прафесійных саслоўяў.
Прызнаюся, я не меў рацыі, калі іранізаваў з нагоды надання IV УНС статусу «ўсенароднага веча». Веча палітычным органам не з’яўлялася ўжо хаця б таму, што ў вертыкальна
арганізаваным сярэднявечным грамадстве няма месца для палітыкі.