Расія: выбары закончыліся — праблемы засталіся

Перамога Пуціна была запраграмаваная, аднак узровень яе элегантнасці выклікае вялікія сумненні.

Як і прадказвалі сацыёлагі, кандыдат улады ўпэўнена перамог у першым туры. Паводле «Левада-цэнтра», ён павінен быў набраць 66 працэнтаў галасоў, а атрымаў 64 працэнты (статыстычная памылка — 3 працэнта). Зрэшты, такі вынік пры сярэдняй мінулагодняй цане нафты за барэль у 111 долараў не здзіўляе. Ламаць структуру эканомікі на беларускі лад дзеля дасягнення «элегантнай перамогі» не давялося.

Перамога Пуціна была запраграмаваная, аднак узровень яе элегантнасці выклікае вялікія сумненні.
Як і прадказвалі сацыёлагі, кандыдат улады ўпэўнена перамог у першым туры. Паводле «Левада-цэнтра», ён павінен быў набраць 66 працэнтаў галасоў, а атрымаў 64 працэнты (статыстычная памылка — 3 працэнта). Зрэшты, такі вынік пры сярэдняй мінулагодняй цане нафты за барэль у 111 долараў не здзіўляе. Ламаць структуру эканомікі на беларускі лад дзеля дасягнення «элегантнай перамогі» не давялося.
Зламаны сцэнар
Уменне адцярушваць зерне ад паловы сёння такое ж надзённае, як і ў біблейскія часы. Таму не варта разглядаць вяртанне Пуціна ў Крэмль як падзею. Падзея — гэта вяртанне ў Расію палітыкі. Пра яе прышэсце адназначна сведчаць дадзеныя сацапытанняў. Параўнайце: у 2007 годзе колькасць аптымістаў, што верылі ў развіццё краіны, складала, паводле «Левада-цэнтра», 38%, у 2011 годзе — 18%. Колькасць жа песімістаў, якія думалі, што надышоў застой, наадварот, павялічылася з 21% да 36%. За гэты ж час стала значна больш грамадзян (з 20 да 50 працэнтаў), якія згодныя з тым, што бюракратыя ды карупцыя ў краіне ад часоў Ельцына выраслі.
На фоне такіх «поспехаў» згубіў прыцягальнасць пуцінскі вертыкальна-іерархічны прынцып арганізацыі ўлады: калі ў 2008 годзе ў карыснасць дзейнасці «вертыкалі» верылі 42%, дык у 2012 — толькі 30%. Таму цалкам лагічна, што патрэба ва ўмацаванні ўлады змянілася неабходнасцю паставіць яе пад кантроль грамадства, і сёння колькасць тых, хто лічыць вартым паставіць уладу пад кантроль, удвая пераўзыходзіць колькасць аматараў яе ўмацавання (60% супраць 30%).
У якасці доказу паспяховасці сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі Пуцін часта спасылаўся на колькасны рост сярэдняга класу. Паводле падлікаў наноў абранага, зараз сярэдні клас складае каля 30 працэнтаў. Аднак пра рэальную яго колькасць можна спрачацца. Паводле крытэраў Сусветнага банку, сярэднямесячны прыбытак прадстаўніка сярэдняга класу пачынаецца ад 3,5 тысяч долараў. Згодна з такім падыходам, Расіі і на 5% не наскрэбці. Аднак якую б пачатковую лічбу мы ні бралі, колькасць расіян з вышэйшай адукацыяй, якія карыстаюцца інтэрнэтам і маюць уласнае жытло, увесь час павялічваецца.
Але не варта забываць, што сярэдні клас — панятак не столькі спажывецкі, колькі грамадзянскі. Пуцін з гэтым не спрачаецца. Працытую адзін з яго перадвыбарчых артыкулаў: «Сёння наша грамадства зусім іншае, чым у пачатку 2000-х гадоў. Многія людзі сталі больш забяспечанымі, больш адукаванымі і больш патрабавальнымі. Іншыя патрабаванні да ўлады, выхад сярэдняга класа з вузкага кола наладжвання ўласнага дабрабыту — гэта вынік нашых намаганняў. Мы дзеля гэтага працавалі».
Як кажуць, наткнуліся на тое, за што змагаліся. Расійскі аўтарытарызм, гэтак жа, як капіталізм паводле Маркса, сам вырошчвае сабе далакопа. У снежні далакоп заявіў пра сябе, прычым так рашуча, што звыклы сцэнар прэзідэнцкіх выбараў быў зламаны. Звыклы сцэнар, нагадаем, прадугледжваў наяўнасць звышмоцнага кандыдата ад улады, які, нібы скала, узвышаецца над сваімі канкурэнтамі. Такая безумоўная перавага дасягаецца, па-першае, за кошт няроўнасці медыйных рэсурсаў кандыдатаў, па-другое, за кошт банальнай скупкі галасоў выбарцаў. Зразумела, што галасы купляюцца на бюджэтныя сродкі, г. зн. на грошы саміх выбарцаў, і магчымасцю здзейсніць такога кшталту камерцыйныя здзелкі валодае толькі ўладны кандыдат.
Выбары–2012, на думку расійскага эканаміста Георгія Сатарава, адрозніваюцца ад усіх мінулых тым, што «людзі, якія выходзяць на Балотную плошчу і Якіманку, яны яму (Пуціну) не зразумелыя. Яны ў яго не просяць кавалак хлеба, яны ў яго просяць грамадзянскія свабоды, яны ў яго просяць дэмакратычныя правы, яны ў яго просяць сумленныя выбары». Адзначым, што новыя «прасіцелі» досыць хутка радыкалізуюцца: у якасці першай мішэні яны абралі «Адзіную Расію», аднак хутка пераключыліся на старшыню ЦВК Уладзіміра Чурава. Паколькі адэкватнай рэакцыі ад улады не дачакаліся, дык усю сваю пратэстную энергію новыя «прасіцелі» скіравалі на самога Пуціна.
Уздымаць вышэй пратэстную планку ўжо няма куды. Над Пуціным начальнікаў няма, толькі самі грамадзяне (паводле Канстытуцыі). Механізм, з дапамогай якога грамадзяне могуць уплываць на першую асобу ў дзяржаве, называецца палітыкай.
Выбар пункту апоры
Расійскае грамадства, гэтак жа, як і беларускае, расколатае на большасць і меншасць. Аднак расійскай меншасці, у адрозненні ад беларускай, улада не здольная адмовіць у праве на існаванне. Не той узровень кансалідацыі кіроўнага класа. Таму не варта дзівіцца, што лідараў пазасістэмнай апазіцыі прымаюць у Крамлі, і першыя асобы дзяржавы не называюць апазіцыянераў «адмарозкамі».
Выхад меншасці («крэатыўнага класа») са стану спячкі патрабаваў унесці адпаведныя карэкціроўкі ў выбарчую кампанію Пуціна. Адну з такіх карэкціровак я ўжо згадаў вышэй. Зразумела, што з дапамогай такога крэатыву схіліць на свой бок прадстаўнікоў «крэатыўнага класа» нельга, а перамагаць патрэбна ўжо ў першым туры, інакш легітымнасць чарговага тэрміну будзе пад пытаннем. «Міф пра «пуцінскую большасць», — кажа расійскі палітолаг Кірыл Рогаў, — патрэбны толькі для апраўдання перамогі ў першым туры. Дакладней, наадварот, — перамога ў першым туры неабходная для падтрымання міфу. Міф пра большасць і ідэалагічна, і тэхнічна — краевугольны камень пуцінізму. Ён закліканы псіхалагічна паралізаваць апазіцыю, ён прымушае інстынктыўна далучацца да абвешчанай думкі большасці «балота». Ён выціскае ў маргінальнасць любыя інтэлектуальныя і палітычныя альтэрнатывы».
Для перамогі ў першым туры была неабходная мабілізацыя большасці, г. зн. традыцыйнага пуцінскага электарату. Чагосьці прынцыпова новага вынаходзіць дзеля гэтага не давялося. Прыдаўся выпрабаваны прыём падзелу грамадства на сваіх і чужых, на завербаваных Пуціным і завербаваных ягонымі ворагамі. Зразумела, што завербаваным апынуўся і вобраз знешняга ворага. Згадаю фрагмент выступу ўладнага кандыдата 23 лютага на стадыёне «Лужнікі» ў Маскве. «Мы не дапусцім, каб хтосьці ўмешваўся ў нашы ўнутраныя справы, каб хтосьці навязваў нам сваю волю, таму што ў нас ёсць свая воля! Яна заўсёды дапамагала нам ва ўсе часы перамагаць! Мы з вамі — народ-пераможца! Гэта ў нашых генах, у нашым генным кодзе! Гэта перадаецца ў нас з пакалення ў пакаленне! Мы і зараз пераможам! І я хачу запытаць у вас: мы пераможам?»
Калі ўлічыць, што ў гэтым годзе будзе 200-я гадавіна Барадзінскай бітвы, надзвычай арганічна прагучаў у «Лужніках» заклік памерці пад Масквой, «как наши братья умирали», паводле бессмяротных радкоў з вершу Лермантава. Пасля чаго прагучаў ужо пуцінскі фінальны акорд: «Бітва за Расію працягваецца. Перамога будзе нашай! Дзякуй!»
Рэальнасць бітвы пацвердзіла паведамленне пра падрыхтоўку замаху на Пуціна. Раскрыццё тэракту было вельмі дарэчы, але не да тэрміну. 4 студзеня пры вырабе выбуховага прыстасавання ў жылым доме ў Адэсе адбыўся выбух. 4 студзеня ўсе тэрарысты былі затрыманыя, аднак толькі 27 лютага была агучана інфармацыя пра падрыхтоўку тэракту.
З тактычнага пункту погляду акцэнты былі расстаўлены правільна. Аснову большасці складаюць залежныя ад бюджэту людзі, якіх афіцыйная прапаганда называе народам. Аднак стымулюючы попыт на праграмы сацыяльнай дапамогі ў абмен на лаяльнасць, Пуцін і Ко тым самым пазбаўляюць Расію шанцаў на мадэрнізацыю. Без апірышча на «крэатыўны клас» максімум, на што можна разлічваць, — гэта на ролю сыравіннай дзяржавы, якая мала чым адрозніваецца ад ролі сыравіннага прыдатку прамыслова развітых краінаў.
Куранят увосень лічаць
Пуцінская вертыкаль склалася ва ўмовах высокіх цэн на нафту. Свае бягучыя праблемы яна вырашала за кошт раздачы грошай. За паспяховыя «нулявыя» гады склалася своеасаблівая палітычная каляіна, з якой кіроўнаму класу зусім не проста выйсці.
Выбары прайшлі, а праблема легітымнасці ўлады засталася. З пункту гледжання «крэатыўнага класа» выбары не былі свабоднымі. Зняцце Яўлінскага відавочна прадэманстравала, што ўмовы ўдзелу ў выбарах для не залежных ад Крамля кандыдатаў абставілі такімі нормамі, якія зрабілі бессэнсоўным збор двух мільёнаў подпісаў. Што да дапушчаных да выбараў кандыдатаў, то ні пра якую роўнасць магчымасцяў па рэкламе сябе і сваіх праграм на тэлебачанні і размовы не было. Усе нацыянальныя каналы з раніцы да вечара паказвалі сюжэты пра дзейнасць старшыні ўраду, аднак забывалі асвятляць штодзённую дзейнасць іншых кандыдатаў.
Патрабаванні «крэатыўнага класа» не могуць быць задаволеныя за кошт звычайнага дзяржаўнага патэрналізму. Гэта патрабаванні маральнага кшталту: не крадзь, не мані, шануй законы. Без іх выканання немагчыма эфектыўнае функцыянаванне дзяржавы і грамадства. «Вертыкальныя» адносіны (феадальныя па сваёй сутнасці) змяняюцца «гарызантальнымі». Ужо згаданы намі Георгій Сатараў адзначае: «Гэта сведчанне кардынальных зменаў у светапоглядзе аб’яднаных пратэстам людзей, зменаў фундаментальных асноў, якія вызначаюць адносіны сярод людзей, адносіны паміж грамадзянамі і інстытутамі ўлады. Дазволю сабе выказаць крамольную думку: гэтыя змены больш важныя за сам факт пратэсту. Яны незваротныя; ніякая прапаганда і ніякае запалохванне гэтага не зменяць».
Снежаньскія фальсіфікацыі падчас парламенцкіх выбараў не пераўзышлі звычайны ўзровень, аднак дзякуючы сумесным намаганням незалежных СМІ і грамадзян, якія актыўна выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі, фальсіфікацыі выклікалі публічнае асуджэнне. Пры гэтым прадстаўнікі большасці і меншасці апынуліся па розныя бакі барыкадаў. Аднак у краіне з лацінаамерыканскім узроўнем сацыяльнай няроўнасці няма гарантыі, што барыкады не будуць дэмантаваныя найбліжэйшым часам. Ужо ўлетку расіян чакае павышэнне камунальных і транспартных тарыфаў, падаражанне дзіцячых садкоў, рост коштаў на бензін і яшчэ цэлы шэраг інавацый, што адсутнічалі ў перадвыбарчай праграме Пуціна.