ПВК Вагнера спыняе вярбоўку ў сувязі з «пераездам у Рэспубліку Беларусь»
ПВК Вагнера ў сваіх каналах абвясціла аб спыненні вярбоўкі наймітаў. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляе тэлеграм-канал «ПВК Вагнер. Аб'явы аб працы», піша Люстэрка.
«У сувязі з часовым няўдзелам ПВК "Вагнер" у спецыяльнай ваеннай аперацыі і пераездам у Рэспубліку Беларусь мы часова прыпыняем працу рэгіянальных цэнтраў па наборы ў ПВК "Вагнер" тэрмінам на 1 месяц», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, увечары 23 чэрвеня заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын абвінаваціў Мінабароны РФ ва ўдары па "тылавых лагерах яго байцоў" і паабяцаў адказ. Ваеннае ведамства абвінавачанні адпрэчыла. ФСБ заявіла аб узбуджэнні супраць Прыгожына крымінальнай справы аб падрыхтоўцы ўзброенага бунту. Раніцай 24 чэрвеня заснавальнік ПВК заявіў, што яго байцы кантралююць вайсковыя аб'екты ў Растове-на-Доне. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пазней раніцай выступіў са зваротам, у якім назваў тое, што адбываецца, здрадай. Мяцеж завяршыўся тым, што Яўген Прыгожын адмовіўся ад "паходу на Маскву" і пагадзіўся з'ехаць у Беларусь. Крымінальная справа па мяцяжы Прыгожына была спыненая 27 чэрвеня.