«Незалежнасць вісіць на валаску. Так што Лукашэнку выгадна мець "зняволенага" Прыгожына»

Заходнія эксперты і эксперткі разважаюць над тым, чым насамрэч быў бунт «Вагнера» і якая будучыня чакае Расію.

Бунт Прыгожына — пачатак канца Расіі?

Бунт Прыгожына — пачатак канца Расіі?

У Расіі цяпер спрабуюць зрабіць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбылося. І што аніякай спробы ваеннага бунту проста не было. Міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў наогул заявіў, што дзеянні Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнер» цяжка назваць «чымсьці гучнейшым, чым калатнечай» і што Расія выходзіла з такіх калатнеч «больш дужай, больш моцнай».

Аднак сур'ёзныя эксперты так не лічаць, піша «Народная воля».

Кэтрын Стоўнер, прафесарка паліталогіі Стэнфардскага ўніверсітэта

«Мы ўсё яшчэ не разумеем шмат чаго пра тое, чаму 36-гадзінны бунт Прыгожына супраць вайсковага кіраўніцтва скончыўся менавіта так. Аднак зразумела, што сцвярджаць (як паспяшаліся некаторыя аналітыкі), быццам ён нанёс пуцінскаму рэжыму смяротны ўдар, нельга. Ён усяго толькі пацвердзіў тое, што сур'ёзныя назіральнікі ведалі даўно: Пуцін не бездакорны і не ўсемагутны; палітыка ў Расіі існуе, як і палітычная барацьба, як і смяротныя бітвы эліт за ўплыў».

Крыс Донэлі, экс-дарадца NATO па Расіі

«На піку крызісу з'явіліся чуткі, што Пуцін пакінуў Маскву. Прыгожын жа аказаўся ў сітуацыі нявызначанасці з недастатковымі сіламі. У выніку абодва прыйшлі да пагаднення, якое дазволіла ім максімальна застацца пры сваім. Магчыма, самым вялікім прыніжэннем для Пуціна стала неабходнасць пакласціся на пасрэдніцтва Аляксандра Лукашэнкі. Прыгожына, падобна, купілі амністыяй, вялікай сумай грошай і «мяккай пасадкай» у Беларусі.

Што далей? Пуціну будзе цяжка, калі не немагчыма, аднавіць свой імідж сярод расійцаў. Як хутка дэградуе краіна, ці зможа хтосьці стрымаць гэты працэс? Два дзесяцігоддзі пуцінскага кіравання вытрыбушылі інстытуты ўлады ў Расіі. Сістэма больш не здольна працаваць без «моцнай рукі», а рука Пуціна ўжо нямоцная. Калі паверыць чуткам, што Шайгу зменіць тульскі губернатар Дзюмін, а начальніка Генштаба Герасімава — генерал Суравікін, яна аслабее яшчэ больш.

Галоўная праблема Пуціна — у адсутнасці відавочнага пераемніка. Прыгожын з гэтага часу дыскваліфікаваны. Калі Пуцін зноў цвёрда не возьме ўладу ў свае рукі, яму давядзецца шукаць таго, хто зможа гарантаваць яму бяспечную пенсію. У 1999 годзе ён сам даў такую гарантыю Барысу Ельцыну. Падчас «Рэвалюцыі руж» у Грузіі Міхаіл Саакашвілі зрабіў гэта для Эдуарда Шэварнадзэ. Але хто зробіць гэта для Пуціна цяпер?».

Сяргей Шмеман, член савета рэдактараў NYT, экс-кіраўнік бюро «The Times» у Маскве

«Што далей, прадказаць складана. Але ні адзін са сцэнарыяў не нясе нічога добрага ні Расіі, ні Украіне.

Пуцін як аўтарытарны кіраўнік, заклапочаны захопам Украіны, хутчэй за ўсё, вырашыцца на эскалацыю, каб паказаць Украіне і Захаду, што па-ранейшаму моцны. Не выключана, што ён паспрабуе даказаць няправасць Прыгожына, які назваў расійскую армію дэзарганізаванай і некампетэнтнай. Але для гэтага Пуціну давядзецца «ссекчы» некалькі галоў у фуражках, каб паказаць, што як мудры камандуючы ён не сляпы да пралікаў сваіх генералаў.

У тое, што Пуцін сапраўды адпусціць Прыгожына, паверыць складана, і ўсё роўна, што ён абяцаў... Да «Вагнера» ён будзе больш добразычлівым: найміты патрэбны, і не толькі ва Украіне, але выключна пад вельмі шчыльным кантролем Крамля.


Глядзіце таксама

Але, што б ні здарылася з Прыгожыным, яго наўрад ці забудуць. Яго тырады ўсё-ткі раскрылі карціну страшных ваенных страт Расіі і ваенных няўдач, замяшаных на дрэнным камандаванні і няслушных ацэнках... Уся гісторыя рускіх бунтаў паказвае, што іх кіраўнікоў лічаць героямі, што б з імі ні адбылося ў выніку. Некалькі стагоддзяў таму Ілжэдзмітрый, выведзены ў оперы «Барыс Гадуноў», стаў царом у «смутны час» — хай і ненадоўга».

Гідэон Рахман, галоўны каментатар FT па знешняй палітыцы

«Прыгожынскі бунт пакуль затух. Але сітуацыя ў Расіі не вернецца да нармальнай. Таму што рэальнасць такая, што вяртацца Расіі больш няма куды.

Прычына бунту ў тым, што пуцінскі праект развальваецца, што пасля падзей таго ўікэнда ўсё будзе адбывацца паскораным тэмпам. Стала зразумела, што Пуціну трэба будзе змагацца за выжыванне на два фронты: ёсць вайна ва Украіне і ёсць унутраная стабільнасць рэжыму. Гэтыя франты звязаны: далейшае пагаршэнне ва Украіне непазбежна пагоршыць сітуацыю дома і наадварот.

Трэба памятаць, што цалкам непазбежнага не існуе. Яго сябар Рэджэп Эрдаган перажыў армейскі бунт у 2016 годзе і ўтрымаўся ва ўладзе. Але што можна сказаць дакладна — шанцы Пуціна на выжыванне сталі заўважна горшымі».

Мінцын Пэй, прафесар дзяржкіравання ў каледжы Клермонт-Макена

«Бунт «Вагнера» падсвяціў мінімум тры рызыкі, якія не зможа ігнараваць Сі Цзіньпін.

Па-першае (і галоўнае), неабходна поўная палітычная лаяльнасць Узброеных сіл, асабліва старшых камандзіраў. За дзесяць гадоў ва ўладзе Сі зайшоў нашмат далей за папярэднікаў у кансалідацыі кантролю ў НВАК (Народна-вызваленчая армія Кітая. Заўв. рэд.)... Больш пільны адбор кіраўніцтва УС, усебаковае сачэнне і пачашчаная ратацыя генералаў могуць пагоршыць баяздольнасць УС, але Сі можа палічыць гэта ўмераным коштам за гарантыі лаяльнасці ў крызіс.

Па-другое, Кітаю неабходна ўсебакова і як мага раней гасіць любыя трэнні ва Узброеных сілах. Відавочна, канфлікт Прыгожына з кіраўніцтвам Мінабароны пачаўся з дрэннай каардынацыі і лагістычных праблем. Сі будзе ўсімі сіламі пазбягаць галоўнай памылкі Пуціна: канфлікту нельга было дазволіць спець так доўга і публічна, яго трэба было хутка спыніць.

Нарэшце, дзеянні Прыгожына — лішні напамін Сі пра тое, што нацыяналізм — палка з двума канцамі. Кітайскі кіраўнік дамогся народнай падтрымкі рашучым прасоўваннем тэрытарыяльных прэтэнзій Кітая, асабліва ў сувязі з Тайванем. Аднак нястрымная рыторыка такога тыпу спараджае чаканні, якія немагчыма апраўдаць. У выніку ультранацыяналіст здольны перахапіць павестку ў сілавіка з дапамогай яшчэ больш радыкальнай рыторыкі, як Прыгожын зрабіў з Пуціным.

Відавочна, што Сі не падабаецца бясконцая серыя паражэнняў ключавога саюзніка ў супрацьстаянні з Захадам. Але ён не можа не адчуваць і некаторай падзякі: беды Пуціна — гэта каштоўныя ўрокі, якія можна і трэба засвоіць».


Глядзіце таксама

Мікалай Сокаў, вядучы навуковы супрацоўнік Венскага цэнтра па раззбраенні

«Я ўвогуле не ўпэўнены, што мы зразумелі нешта новае пра Пуціна і яго будучыню. Паход Прыгожына не быў ні паўстаннем, ні нават бунтам. Так, Пуцін палічыў яго такім, але варта памятаць, што Прыгожын не сказаў ні слова супраць Пуціна... Не чакаю таксама аніякага ўплыву на ход вайны. І аніякага паслаблення Пуціна і яго рэжыму (падкрэсліваю, толькі ад адной гэтай падзеі). Фактычна, яго падтрымка ў войску можа нават вырасці».

Майкл Кімаж, гісторык, запрошаны кансультант Дзярждэпартамента ЗША па Расіі

«Што абсалютна дакладна паказаў увесь гэты дзіўны эпізод — у Расіі новыя правілы. Уладзімір Пуцін пазбавіў яе публічнай палітыкі. Рэжым стаў усім, а ўсё ў краіне — на паверхні — прыйшло ў гармонію з рэжымам. Людзі паслухмяныя. Але гэта менавіта што на паверхні.

У рэальнасці адбываецца жорсткая грызня эліты, уёабдымная і цяжкая (для простых салдат) вайна. А ва ўладзе старэе аўтакрат, што спалучае ў кіраўніцтве тактычную імправізацыю і бяздзейнасць, што пачаў вайну, якую ён можа не прайграць, але не здольны выйграць. Як у Старажытным Рыме, актыўныя генералы цалкам могуць узяць тое, што адбываецца, у свае рукі і абвясціць сябе Цэзарам.

Паход Прыгожына — гэта бэта-версія будучыні Расіі ў фармаце бурлеска. У рэальнасці верагодна ашчаднае пазбаўленне дзяржавы манаполіі на гвалт (але без яе разбурэння) з мэтай захопу ўлады: працяг рэжыму са зменай кіраўніка. Цар стары, краіна слабая, будучыня адкрыта для моцных».


Глядзіце таксама

Эвелін Фаркас, выканаўчая дырэктарка Інстытута Макейна

«Эліты пачулі кроў. Атачэнне Пуціна, у тым ліку яго службы бяспекі, захочуць скарыстацца магчымасцю, а Пуцін амаль дакладна закруціць гайкі ва ўладзе і грамадстве. Прынамсі, дакладна тым, хто дапамагаў Прыгожыну. Ён можа звольніць і Шайгу (як зрабіў гэта з яго папярэднікам), і Герасімава. Але палітычна гэта ўсё роўна пачатак канца, які наступіць не адразу. У выйгрышы відавочна Украіна і беларускі аўтакрат Аляксандр Лукашэнка. Незалежнасць Беларусі вісіць на валаску — так што мець Прыгожына ў якасці «зняволенага» вельмі выгадна ў кантэксце сілавой гульні з Пуціным».