«Трэба разглядаць розныя сцэнары, у тым ліку, што Прыгожын пойдзе на Мінск»

Мяцеж Прыгожына – шанец для Беларусі ці наадварот? Якіх варыянтаў развіцця падзеяў можна чакаць? Ці пойдзе полк Каліноўскага вызваляць Беларусь, пакуль Расія занятая ўнутраным канфліктам? Аб гэтым у размове з «Белсатам» разважае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка. Фота «Белсата»

Вадзім Мажэйка. Фота «Белсата»

«Не трэба забываць, што войска Лукашэнкі нікуды не знікла»

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» і палітычны аналітык мяркуе, што цяперашнія сапраўды гістарычныя падзеі ў Расіі могуць стаць шанцам для беларусаў, як і сто гадоў таму. Тады, на фоне ўзброеных канфліктаў у Расіі ў 1917–1918 гадах беларусы змаглі скарыстацца магчымасцю і стварыць БНР.

«Але лёс БНР склаўся далёка не так, як беларусы хацелі. Таму вельмі важна цяпер і шанцам скарыстацца, і разам з тым не нарабіць памылак», – кажа аналітык.

Варта разумець, што, хоць мы ўсе цяпер пільна сочым за падзеямі ў Расіі, узброены мяцеж адбываецца там, а не ў Беларусі, зазначае Вадзім Мажэйка. Не трэба забывацца, што ў Лукашэнкі дагэтуль ёсць войска, якое нікуды не разбеглася.

«Так, цяпер Лукашэнка наўрад ці здольны спадзявацца на вайсковую падтрымку Расіі, але разам з тым ягоныя сілы пакуль нікуды не зніклі, і таму, плануючы нейкія радыкальныя дзеянні, трэба гэта ўлічваць», – зазначае аналітык.

Адносна тэлефоннага званка Пуціна Лукашэнку Вадзім Мажэйка кажа, што Пуцін тэлефанаваў у тым ліку кіраўнікам расійскім рэгіёнаў і лідарам іншых суседніх краінаў, не толькі Беларусі. Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамар Такаеў заявіў, што падзеі ў Расіі – яе ўнутраная справа.

«З гэтага вынікае, што Казахстан не плануе падтрымліваць Пуціна вайскова, – кажа палітычны аналітык. – Вядома, што ў Лукашэнкі магчымасць манеўру значна меншая, чым у Такаева. Пры патрэбе ён падтрымае Пуціна, бо куды яму дзявацца. Але разам з тым пакуль Беларусь назірае за падзеямі, і Лукашэнка яшчэ нават публічнай заявы не зрабіў».


Глядзіце таксама

«Сахашчык і каліноўцы разам з беларускім войскам будуць бараніць Беларусь ад «прыгожынцаў»

Вадзім Мажэйка раіць цяпер усім актарам – вайсковым, грамадскім, палітычным – шчыльна назіраць за сітуацыяй і разглядаць розныя сцэнары і складаць план дзеянняў на выпадак кожнага з іх. Сцэнары могуць быць наступнымі: перамагае Пуцін, перамагае Прыгожын ці ў Расіі пачынаецца зацягнуты ўнутраны канфлікт.

«У залежнасці ад таго, як будуць разгортвацца падзеі, можа быць як акно магчымасцяў для Беларусі, так і вялікія рызыкі, – кажа палітычны аналітык. – А што калі пасля Масквы Прыгожын паверне свае калоны на Мінск? Што тады рабіць? Магчыма, як цяпер расійскія добраахвотнікі ва Украіне салідарызуюцца з Прыгожыным, можа, калісьці Сахашчык і каліноўцы разам з беларускім войскам будуць бараніць Беларусь ад «прыгожынцаў» – хто ведае?»

Варыянт таго, што ўжо цяпер полк Каліноўскага пойдзе на Беларусь, Вадзім Мажэйка лічыць малаверагодным.

«Нават калі выключыць з падлікаў расійскае войска, на адным баку будзе ўсё беларускае войска – дзясяткі тысячаў узброеных людзей. І калі ўявіць на іншым баку каліноўцаў, то лічбы непараўнальныя», – зазначае эксперт.


Глядзіце таксама

«Уваход палка Каліноўскага ў Беларусь малаверагодны ў кароткатэрміновай перспектыве»

Адначасова калі Украіна цяпер пераканаецца, што мяцеж Прыгожына – не правакацыя, яна зразумее, што гэта – удалы час для контрнаступу. І тады Украіна ў першую чаргу будзе вызваляць свае тэрыторыі, а не распачынаць баі яшчэ на тэрыторыі Беларусі, лічыць Мажэйка.

«Магчыма, Украіна і палічыць, што каліноўцаў лепш перадыслакаваць бліжэй да беларуска-ўкраінскай мяжы. Але варта разумець, што каліноўцы, як і іншыя добраахвотнікі, – частка УСУ. Яны падпарадкоўваюцца загадам, і іхныя магчымасці ініцыятывы досыць абмежаваныя тым, што прымальна для Кіева, – кажа аналітык. – Нават варыянт сыходу палка Каліноўскага з УСУ, каб рабіць штосьці самім, абмежаваны жаданнем Кіева. Зброя і тэхніка належаць УСУ, беларуска-ўкраінская мяжа з украінскага боку кантралюецца, таму каліноўцы могуць пайсці на Беларусь, толькі калі Кіеў будзе не супраць».

Калі «каліноўцы» усё ж пойдуць на Беларусь, падзеі таксама могуць развівацца па-рознаму і не абавязкова пазітыўна, лічыць Вадзім Мажэйка. Хтосьці з беларускіх вайскоўцаў будзе супраціўляцца каліноўцам, хтосьці – не, прадказаць гэта няпроста. Таксама незразумелая рэакцыя насельніцтва памежных рэгіёнаў Беларусі. Магчымы канфлікт з непрадказальнымі вынікамі, таму такі сцэнар – уваход палка Каліноўскага ў Беларусь – малаверагодны ў бліжэйшай перспектыве, падсумаваў эксперт.