Пуцін: Расіі патрэбныя гарантыі, што NATO не прасунецца на ўсход

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква «ў дыялогу са Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі» будзе дамагацца выпрацоўкі нейкіх «канкрэтных дамоўленасцей, якія выключаюць любыя далейшыя прасоўванні NATO на ўсход», а таксама разьмяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да тэрыторыі Расіі сістэм зброі, якія ў Маскве лічаць пагрозай, піша «Свабода».

7b349a94_5940_4e4c_940e_72c98e29c217_w1023_r1_s.jpg


Выступаючы на цырымоніі ўручэння даверчых лістоў паслам 20 краін, у тым ліку краін NATO — Іспаніі, Італіі і Славакіі — Пуцін паўтарыў выказаную ім некалькі дзён таму думку аб неабходнасці таго, каб Захад даў Расіі нейкія «гарантыі бяспекі». Пры гэтым Пуцін згадаў, што некаторыя краіны «нагнятаюць напружанасць» каля расійскіх межаў.
Паводле Пуціна, Расіі патрэбныя «менавіта прававыя, юрыдычныя гарантыі», паколькі, як ён выказаўся, «заходнія калегі не выканалі ўзятыя на сябе адпаведныя вусныя абавязацельствы», у тым ліку аб тым, што NATO не будзе пашырацца на ўсход.
Раней Пуцін неаднаразова выказваўся па гэтай тэме, сцвярджаючы, што такія вусныя гарантыі прадстаўнікі Захаду давалі былому савецкаму прэзідэнту Міхаілу Гарбачову. Прадстаўнікі NATO адмаўляюць, што пра нейкія такія гарантыі заходзіла размова. Згодна з дамоўленасцямі паміж Расіяй і NATO, Масква не мае права вета на ўступленне іншых краін у Паўночнаатлантычны альянс. Альянс, у сваю чаргу, узяў на сябе шэраг абавязацельстваў, у тым ліку — не размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі новых краін NATO.
Заявы Пуціна прагучалі на фоне новага абвастрэння сітуацыі вакол Украіны. Кіеў і краіны Захаду сцвярджаюць, што Расія засяродзіла войскі каля межаў з Украінай, і выказваюць засцярогі, што Масква можа пачаць ваенную аперацыю супраць суседняй краіны. Сітуацыю абмеркавалі на сустрэчы ў Рызе міністры замежных спраў краін NATO.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг па яе выніках заявіў, што «любое будучае ўварванне або агрэсія ў дачыненні да Украіны будзе мець высокую цану» для Расіі, у тым ліку «эканамічныя і палітычныя наступствы». Пры гэтым ён адзначыў, што на Украіну, якая не знаходзіцца ў NATO, не распаўсюджваюцца гарантыі калектыўнай бяспекі ў адпаведнасці з Паўночнаатлантычнай дамовай.
Столтэнберг адпрэчыў ідэю «сфер уплыву» ў Еўропе, заявіўшы, што ў Масквы няма права вета на ўступленне Украіны ў Паўночнаатлантычны саюз, а ў NATO падтрымліваюць планы Кіева ўступіць у NATO, паколькі такая воля ўкраінскага народа. Пры гэтым ён зазначыў, што пакуль Украіна не дасягнула неабходных стандартаў для ўступлення ў NATO, а калі гэта адбудзецца, усе 30 краін-чальцоў альянса разгледзяць яе заяўку.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы ў Рызе, заявіў, што ў Расіі няма права перашкаджаць Украіне ўмацоўваць адносіны з NATO, і назваў «неправамернымі» любыя прапановы Расіі аб перамовах з Захадам наконт гарантый непашырэння NATO.