Столтэнберг параіў Лукашэнку спыніць рэпрэсіі
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг параіў Аляксандру Лукашэнку спыніць рэпрэсіі ўнутры Беларусі і больш не выкарыстоўваць мігрантаў супраць краін альянсу. А таксама паабяцаў, што Расія заплаціць «высокую цану» за атаку на Украіну, паведамляе
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг параіў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку больш не выкарыстоўваць мігрантаў для ціску на краіны альянсу, а таксама спыніць унутраныя рэпрэсіі. Пра гэта ён заявіў у аўторак, 30 лістапада, перад пачаткам двухдзённага пасяджэння міністраў замежных спраў краін NATO ў Рызе, паведамляе карэспандэнт DW.
«Спадару Лукашэнку варта спыніць выкарыстоўваць безабаронных людзей як пешак у палітычнай гульні супраць іншых краін. Гэта цынічна і бесчалавечна», — адзначыў Столтэнберг, калі адказваў на пытанне аб дзеяннях беларускіх уладаў. «Спадару Лукашэнку варта спыніць сілай душыць мірныя пратэсты ў Беларусі, вызваліць усіх палітычных зняволеных і паважаць дэмакратычнае права народа Беларусі вызначаць сваю будучыню», — дадаў ён.
Кіраўнік альянсу нагадаў, што NATO ўжо ўмацавала абарону суседніх з Беларуссю краін: Латвіі, Літвы і Польшчы. Пры гэтым генеральны сакратар падкрэсліў, што без «агрэсіўных дзеянняў» Расіі ў 2014 годзе, у прыватнасці анексіі Крыма, цяпер не было б чатырох батальёнаў NATO на ратацыйнай аснове ў краінах Балтыі і Польшчы.
Таксама генсек NATO зноў падкрэсліў, што Расія «заплаціць высокую цану, калі зноў выкарыстоўвае сілу супраць незалежнай суверэннай дзяржавы Украіна». На пытанне журналістаў, якой будзе гэтая цана, ён адказаў унікліва: «У нас ёсць розныя варыянты».