Сівіцкі: «Беларусь, у выпадку канфлікту Расіі і Украіны, будзе ўцягнутая, незалежна ад волі Лукашэнкі»

Расійскае кіраўніцтва ніколі не паведамляе сваім хаўруснікам пра свае магчымыя агрэсіўныя дзеянні, як было з анэксіяй Крыму і дэстабілізацыяй Данбаса, нагадаў «Филину» палітычны аналітык, калі разважаў пра спробы беларускага кіраўніка напалохаць Украіну вайной.

8bd47c62_b029_4be1_a756_0f31066f6b99.tmp

Лукашэнка падчас нарады ў Мінабароны шмат казаў пра патэнцыйную вайну паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым адзначыў: калі канфлікт пачнецца, то зразумела, на чыім баку будзе Беларусь.

Для чаго Мінску спатрэбілася такая агрэсіўная мілітарысцкая рыторыка? Филин абмеркаваў гэтае пытанне з палітычным аналітыкам Арсеніем Сівіцкім.

— Мне здаецца, гэтыя заявы трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце. Зыходзячы з тых паведамленняў, што распаўсюджваюцца ў заходняй, украінскай, так і расійскай прэсе — пра магчымасці новага ваеннага канфлікту паміж Расіяй і Украінай.

Беларускі бок спрабуе згуляць сваю гульню, праўда, вельмі спецыфічнымі метадамі, звяртаючыся да жорсткай рыторыкі. Але галоўны пасыл — вярнуць Беларусь у парадак рэгіянальнай бяспекі, падкрэсліўшы яе важнасць для глабальнага раскладу сіл. Асабліва ў кантэксце патэнцыйнага канфлікту паміж Расіяй і Украінай, а калі шырэй — краінамі NATO.

Пасыл такі жорсткай рыторыкі на адрас Украіны і краін Захаду палягае ў тым, што калі Беларусь памяняе сваю пазіцыю сітуацыйнага нейтралітэту, якую ўлады займаюць да гэтага часу, хоць і з пэўнымі трансфармацыямі, то нікому мала не падасца. У тым ліку Украіне, краінам Балтыі і Польшчы.

Пасля таго, як не атрымалася дасягнуць мэты ўключэння краін Захаду ў дыялог з дапамогай міграцыйнага крызісу, Мінск вяртаецца да розыгрышу карты сваёй важнасці ў рэгіянальнай бяспецы і ў балансе сіл.

Пры гэтым улады ўсведамляюць, што ніякага крызіснага сцэнару развіцця падзей не адбудзецца.

Суразмоўца «Филина» лічыць, што рэальнай пагрозы новай вайны ў нашым рэгіёну пакуль няма. І вось чаму:

— Нягледзячы на інфармацыйны хайп, верагоднасць канфлікту паміж Украінай і Расіяй блізкая да нуля, — кажа Арсеній Сівіцкі. — Калі Расія зробіць нейкі агрэсіўны крок, то гэта прывядзе да хуткай актывацыі драконаўскіх санкцый з боку ЗША. Гэта сур'ёзна падарве сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Расіі. Справа ў тым, што гэтыя санкцыі прывядуць да адключэння Расіі ад Swift і ўвядзення эмбарга на энергарэсурсы.

Расія спрабуе пазбягаць такога сцэнару. Гэта відаць па яе паводзінах на міжнароднай арэне. Я ўжо не кажу пра падрыхтоўку саміту паміж Пуціным і Байдэнам.

Можна сказаць, што гэта і павышэнне ставак, і тактычны прыём запрасіць Вашынгтон да перамоваў. Гэта было ўжо апрабавана вясной.

Таксама ёсць вялікая гульня паміж Крамлём і Вашынгтонам, каб прымусіць Украіну да выканання «Мінскіх пагадненняў».

Думаю, цяпер будзе шмат аналітычных артыкулаў і заяваў высокіх асоб ЗША і НАТА, што ў выніку канфлікту Захад не зможа наўпрост падтрымаць Украіну, і адзіны выхад — шукаць кампрамісы з расійскім бокам.

Па факце інфармацыйны ціск накіраваны на адно — прымусіць украінскі бок сесці за стол перамоваў з Расіяй. Можна сказаць, гэта вынік перамоваў намесніка дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд з прадстаўнікамі Крамля падчас яе лістападаўскага візіту ў Расію.

Украіна спрабуе сарваць гэтыя пагадненні Масквы і Вашынгтона — таму што выкананне «Мінскіх пагадненняў», усё роўна, у якім з чытанняў, а ўжо тым больш у крамлёўскім, не адпавядае інтарэсам Украіны.

Калі ж разглядаць гіпатэтычны канфлікт, то Беларусь сапраўды будзе ўцягнутая — гэта адбудзецца незалежна ад волі кіраўніцтва краіны. Расія будзе дзейнічаць у аднабаковым парадку, зыходзячы са сваіх стратэгічных інтарэсаў.

Расійскае кіраўніцтва ніколі не паведамляе сваім хаўруснікам пра свае магчымыя агрэсіўныя дзеянні, як было з анэксіяй Крыму і дэстабілізацыяй Данбаса.

Пераклад НЧ