«Яміну, з якой беларускія ўлады цяпер спрабуюць выбрацца, усё роўна відаць»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму публіцыстычнай манеры тлумачыць, чаму «ядзерны попел» і «прызнанне Крыма» — не больш чым «дымавая заслона», каб схаваць паразу на «Заходнім фронце».
Ты праўда думаеш, што ўчорашняе прызнанне Крыма што-небудзь мяняе ў разнастайнасці беларускай знешняй палітыкі? Гэта значыць, што да ўчорашняга дня знешняя палітыка была з сябе ўся такая раптоўная, супярэчлівая і незалежная. А з учорашняга дня, значыць, ад шматвектарнасці засталася адна манагамія.
Вось прабач, але ў мяне ёсць некаторыя сумневы, што словы пра Крым як-небудзь пашкодзілі шматвектарнасці. Пасля ўсяго, што беларускія ўлады робяць унутры краіны, пасля пасадкі самалёта і штурмаў мігрантамі еўрапейскіх межаў на месцы шматвектарнасці не засталося нічога, чаму можна было б пашкодзіць. Што мёртвае — памерці не можа. І ніякае поле для геапалітычных манеўраў пасля гэтых слоў не зачынілася. Таму што ніякага поля ў беларускіх уладаў не было.
Нават у беларуска-украінскіх адносінах гэтыя словы наўрад ці многае зменяць. Таму што літаральна напярэдадні беларускія ўлады ўжо абяцалі разам з Расіяй бамбіць украінскую тэрыторыю. І як па мне, дык бамбёжкі ўсё ж такі цяжэй пераносіць, чым прызнанні. Вось хіба што прагматыкам ва ўкраінскім урадзе словы пра Крым дададуць некаторых нязручнасцяў. Таму што ім зноў давядзецца тлумачыць апанентам пра эканамічную мэтазгоднасць куплі электрычнасці ў краіны, якая прызнае Крым няправільна.
І калі беларускія ўлады прымудрыліся прадаць Крамлю сваё прызнанне хоць за колькі-небудзь, хоць за пяць сольда, то можна толькі пазайздросціць іх уменні гандлявацца. Таму што гэты тавар ужо год як пратэрмінаваны.
Вядома, крамлёўская душа — прыцемкі, але ўсё-ткі, напэўна, не варта пераацэньваць альтэрнатыўную адоранасць усходняга брата. Ён таксама ўмее лічыць. Іншая справа, што можна заплаціць крыху за задавальненне паглядзець на публічнае і добраахвотнае прыніжэнне саюзніка. Але не больш, чым яно каштуе.
Затое за крымскай дымавой заслонай і прывідам ахутваючага зямлю ядзернага попелу неяк амаль незаўважанай прайшла капітуляцыя на Заходнім фронце. Як я сабе разумею, ядзерны прывід затым і выклікалі, каб яе схаваць. Таму што словы пра ядзерную бомбу гучаць, вядома, больш эфектна, чым абяцанне вярнуць мігрантаў дадому да Новага года.
А яшчэ ў пятніцу сёй-той заклікаў мігрантаў не адмаўляцца ад сваёй мары і абяцаў, што разам з імі будзе працаваць над яе выкананнем. І пагражаў бессардэчным еўрапейцам афганскімі бежанцамі і новымі маштабамі міграцыйнага крызісу. А ўчора здарылася азарэнне і выявілася, што ніякага калідора ў Германію не будзе. Таму мігрантаў ветліва папросяць дадому, таму што «яны нам тут не патрэбныя». Гэта значыць, роўна пяць дзён спатрэбілася, каб прайсці пяць стадый — ад адмаўлення да прыняцця.
Але капітуляваць перад бездапаможнай Еўропай — не па паняццях для рэальных пацаноў. Таму беларускія ўлады і імкнуцца зараз забіць эфір трэскам пра сусветныя змовы і ядзерны попел. Але праблема ў тым, што словы — гэта дым, які хутка рассейваецца. І як ні старайся, а яміну, з якой беларускія ўлады цяпер спрабуюць выбрацца, усё роўна відаць.