Сума адмоўнага сальда ў гандлі Беларусі з Расіяй павялічылася ў 2,5 разы

Расія імкліва нарошчвае таварныя пастаўкі ў РБ. Беларускі экспарт не паспявае за хуткасцю росту расійскага імпарту.

uf.jpg


Чыноўнікі падсумавалі першыя вынікі знешняга гандлю таварамі за 10 месяцаў. Гэта першыя даныя за названы перыяд, бо статыстыка па «знешцы» выходзіць з вялікім лагам. Наступная порцыя інфармацыі з’явіцца толькі да сярэдзіны снежня, пішуць banki24.by.

У 2021 годзе павялічваецца доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі. Калі за 10 месяцаў 2020-га ўдзельная вага расійцаў складала 47,8%, то цяпер яна роўная 49,2%. Вага расійцаў у таварным гандлі перавышае сукупную долю 100 наступных за імі гандлёвых партнёраў РБ.

Ахоп расійцамі знешняга гандлю Беларусі мацней па імпарце, чым экспарце. Удзельная вага РФ у беларускім экспарце склала 41,5%, а ў імпарце Беларусі — 56,6%. Тэмпы росту імпарту з Расіі ў 2021 годзе амаль удвая перавышаюць тэмпы росту беларускага экспарту ў РФ — 45,8% супраць 23,7%. Галоўную ролю ва ўзаемным гандлі Беларусі і Расіі адыгрываюць нафта, газ і чорныя металы.

У бягучым годзе сыравіна ад расійцаў (акрамя газу) прыкметна падаражэла па параўнанні з 2020-м. Натуральна, што пры такой розніцы ўтворыцца істотнае негатыўнае сальда таварных паставак. Па памеры гэтага сальда Расія займае першае месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі. У 2021 годзе сума адмоўнага сальда з Расіяй павялічылася ў 2,5 разоў — да 5,661 млрд USD супраць 2,258 млрд USD годам раней. Прырост дысбалансу паміж экспартам і імпартам у гандлі з РФ склаў 3,403 млрд USD.

Таксама ў 2021-м на расійскім кірунку істотна пагоршыўся каэфіцыент пакрыцця імпарту экспартам. Гэты каэфіцыент адлюстроўвае, колькі ў сярэднім долараў экспарту з РБ прыпадае на кожныя 100 долараў імпарту ў Беларусь. Паводле вынікаў 10 месяцаў 2021-га гэты каэфіцыент у гандлі з Расіяй знізіўся да 70% (годам раней быў роўны 82,6%).

Разам з Расіяй Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). Акрамя РБ і РФ, у ЕАЭС уваходзяць такія краіны, як Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан. У адрозненне ад гандлю з Расіяй, доля астатніх партнёраў Беларусі па ЕАЭС не павялічваецца ў 2021 годзе — яна засталася на ўзроўні 1,6%. Такім чынам, Расія выступае драйверам паглыбленай інтэграцыі РБ на знешнім контуры, тады як значнасць іншай часткі ЕАЭС практычна не мяняецца.

Значэнне так званай «далёкай дугі» знешняга гандлю таксама не расце. Абароты таварных патокаў у/з Беларусі па рэгіёне за межамі ЕАЭС і Еўрасаюза знізіліся з 22,5% ад агульнай велічыні ў 2020 годзе да 19% у 2021-м.