Прэм'ер-міністр даручыў МПЗ актыўна шукаць новыя нетрадыцыйныя крыніцы папаўнення бюджэту
Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даручыў Міністэрству па падатках і зборах "актыўна ініцыяваць новыя нетрадыцыйныя прапановы, скіраваныя на пошук дадатковых крыніц папаўнення бюджэту, якія адпавядаюць наяўным рэаліям".
Такую задачу новы кіраўнік урада паставіў перад калектывам МПЗ, прадстаўляючы 29 снежня новага міністра па падатках і зборах Сяргея
Налівайку, паведамляе прэс-служба ўрада.
"Урад чакае ад Міністэрства па падатках і зборах і яго новага кіраўніка эфектыўнай працы па арганізацыі выканання ключавых задач па напаўненні бюджэту. Важна выконваць баланс інтарэсаў
дзяржавы і канкрэтнага калектыву, грамадзяніна, — сказаў прэм'ер-міністр. — Не павінна быць рашэнняў ва ўрон фінансавым крыніцам арганізацыі, але і патураць
нельга — у краіне ўсе, каму належыць, павінны плаціць падаткі". Гэта, падкрэсліў Кабякоў, патрабаванне сацыяльнай справядлівасці.
Паводле яго слоў, Сяргей Налівайка ў падатковых органах чалавек не новы — апошнія чатыры гады ён займаў пасаду першага намесніка міністра па падатках і
зборах. "Чалавек падрыхтаваны, дасведчаны, валодае пытаннямі падаткаабкладання па ўсёй службовай пірамідзе МПЗ", —
канстатаваў Кабякоў.
Кіраўнік урада нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ў эканамічным блоку краіны МПЗ адыгрывае адну з ключавых роляў і павінна сур'ёзным чынам палепшыць эканамічную
працу. "Задача, якую прэзідэнт паставіў перад новым кіраўніком міністэрства, заключаецца ў тым, каб шукаць дадатковыя кірункі папаўнення бюджэту без усялякіх напружанняў у
грамадстве", — сказаў Кабякоў. Гэтая задача няхай і няпростая, але выканальная, падкрэсліў ён.
"Калі выказвацца фігуральна, грошы ляжаць у нас пад нагамі, толькі многія грамадзяне іх падымаюць, а дзяржава чамусьці праходзіць міма і не заўважае. Вось ваша задача —
зрабіць так, каб гэтыя грошы большай часткай траплялі ў бюджэт дзяржавы", — адзначыў прэм'ер-міністр.
Ён заявіў, што перад новым міністрам па падатках і зборах і яго камандай стаіць шэраг мэтавых задач, і перш за ўсё гэта напаўняльнасць бюджэту. "Падатковыя работнікі фарміруюць больш за
70% даходнай часткі бюджэту. Мы павінны забяспечыць усе бюджэтныя прызначэнні. Для гэтага запатрабуецца сканцэнтраваць працу не толькі на збіранні традыцыйных падаткаў, але і актыўна ініцыяваць новыя
нетрадыцыйныя прапановы, скіраваныя на пошук дадатковых крыніц папаўнення бюджэту, якія адпавядаюць наяўным рэаліям", — сказаў Кабякоў.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што шмат зроблена ў пытаннях удасканальвання падатковай сістэмы Беларусі, разам з тым яшчэ неабходна рэалізаваць меры для павышэння эфектыўнасці падатковай сістэмы,
давядзення яе да ўзроўню найлепшых сусветных стандартаў. Трэба таксама істотна павысіць якасць працы МПЗ у розных сектарах эканомікі, звярнуўшы пільную ўвагу на малы і сярэдні бізнес, заявіў ён.
Ключавым жа кірункам падатковай службы павінна стаць барацьба з ценявой эканомікай. Неабходна таксама папрацаваць над аптымізацыяй структуры міністэрства і рэгіянальных падраздзяленняў, дадаў
кіраўнік урада.
"Часу на раскачку няма", падкрэсліў Кабякоў, таму і кіраўнік дзяржавы, і ўрад чакаюць ад новага міністра "не толькі свежых прапаноў, але і канкрэтных
дзеянняў".
Як запэўніў Налівайка, задача, якая стаіць перад МПЗ і перад ім як кіраўніком ведамства па забеспячэнні справядлівасці, празрыстасці падатковай сістэмы, будзе выкананая. Частка даручэнняў, дадзеных
яму кіраўніком дзяржавы падчас прызначэння на пасаду, ужо прынятыя да выканання, астатнія будуць прынятыя да выканання найбліжэйшым часам, паведаміў міністр.
Андрэй Серада, БелаПАН