«Праваабаронцы за свабодныя выбары» створаць экспертную місію для ацэнкі «адзінага дня галасавання»
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» будзе ажыццяўляць маніторынг электаральнай кампаніі-2024. Яны заявілі пра пачатак працы экспертнай місіі «па назіранні за выбарамі* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8 склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29 склікання, што пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года».
Слова «выбары» ў заяве пазначана «зорачкай», бо, па меркаванні праваабаронцаў, назва «выбары» для гэтай кампаніі носіць умоўны характар. Па іх перакананні, любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна са свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі. Гэта ўсё ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.
У заяве праваабаронцаў падкрэсліваецца, што 25 лютага 2024 года ўлады ўпершыню правядуць «адзіны дзень галасавання», уведзены ў выніку змены Канстытуцыі Беларусі ў 2022 годзе. Фарміраванне складу ніжняй палаты парламента і мясцовых саветаў дэпутатаў будзе першай электаральнай кампаніяй пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
«Пагасіўшы крызіс 2020 года сілай, улады працягваюць жорстка душыць любыя праявы таго, што яны лічаць палітычнай альтэрнатывай. Палітычны ландшафт краіны характарызуецца бесперапыннымі рэпрэсіямі за спробы рэалізаваць такія грамадзянскія і палітычныя правы, як свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцый. Улады знішчылі тысячы арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежныя СМІ, апазіцыйныя палітычныя партыі; у турмах у нечалавечых умовах працягваюць знаходзіцца праваабаронцы, журналісты і грамадзянскія актывісты, а таксама іншыя апаненты рэжыму.
Тысячы асуджаных па палітычных матывах грамадзян пазбаўлены выбарчых правоў. Сотні тысяч выбаршчыкаў вымушаны былі пакінуць краіну праз атмасферу страху ці пагрозу палітычна матываванага пераследу. Пры гэтым усе яны былі пазбаўлены свайго права галасаваць праз пастанову ўлад не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой», — акрэсліваюць праваабаронцы ўмовы, у якіх пройдзе выбарчая кампанія.
Таму кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заяўляе, што ў такіх умовах ужо цяпер нельга казаць пра сумленныя і свабодныя выбары, пра рэальную рэалізацыю прынцыпу народаўладдзя і выбарчых правоў грамадзян Беларусі. «Сапраўдныя выбары — гэта не толькі і не столькі выбарчыя працэдуры. Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна са свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі», — нагадваюць яны.
Пры гэтым яны адзначаюць, што з-за рэпрэсій «у цяперашні час адсутнічае магчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі аспектамі выбарчага працэсу».
Таму кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць неабходным правесці маніторынг выбарчай кампаніі, задакументаваць тое, што адбываецца, і ацаніць дзеянні ўлад з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.
Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.
«Мы разлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэннях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захавання лічбавай гігіены і правіл бяспечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбаршчыкі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэннях праз ананімную форму і па іншых бяспечных каналах інфармавання. Вынікі маніторынгу будуць апублікаваны ў выглядзе серыі справаздач, што будуць даступны на сайце кампаніі і ў іншых адкрытых крыніцах. Сайт кампаніі і форма збору інфармацыі ў хуткім часе стануць дасяжныя для карыстальнікаў», — заявілі праваабаронцы.
Нагадаем, што кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дзейнічае ад 2008 года і аб'ядноўвае намаганні найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі — Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) для назірання за выкананнем выбарчых правоў грамадзян Беларусі.
Паводле spring96.org