«Улады разглядаюць гэтую кампанію не як выбарчую, а як вайсковую»

Мясцовыя выбары ў Беларусі павінны былі прайсці ў 2022 годзе, парламенцкія — у 2023-м, аднак іх перанеслі на 2024 год. Да чаго рыхтуюцца ўлады, да чаго рыхтавацца выбаршчыкам, і ці паўплываюць гэтыя выбары на палітычны крызіс у краіне?

_belarus_minsk_9_traunja_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Адзіны дзень галасавання (і для мясцовых, і для парламенцкіх выбараў) прызначаны на 25 лютага 2024 года. «DW» пагаварыла з экспертамі пра тое, якімі будуць гэтыя выбары і што можа зрабіць апазіцыя.

«Працэс, які ў Беларусі адбываецца, пад вызначэнне выбараў не падпадае, — папярэджвае асацыіраваны аналітык Еўрапейскай рады ў міжнародных стасунках Павел Слюнькін. — Адбываецца, па сутнасці, прызначэнне людзей на чыноўніцкія пасады, якое падносіцца як заканадаўчая ўлада. Важна пра гэта памятаць».

Тым не менш, адзначаюць аналітыкі, прыкметна, што «выбарчая кампанія» ў краіне пачалася. Ліквідацыя партый, рэпрэсіі супраць медыя і НДА, навешванне цэтлікаў экстрэмізму — таксама частка падрыхтоўкі да гэтай кампаніі, лічыць Слюнькін.

Асаблівасць кампаніі-2024

Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што ў краіне ўзмацняецца фарміраванне культу Лукашэнкі: «фарміруецца такі вобраз: чалавек, на якім трымаецца Беларусь, галоўны фактар стабільнасці краіны. Калі ён знікне, будзе хаос, краіну захопяць знешнія сілы, і таму — няхай жыве Лукашэнка».

Ён дадае, што выбары маюць значэнне як элемент легітымізацыі. «Як улады іх ні адцягвалі, як ні пераносілі, яны ўсё ж пройдуць у 2024 годзе». Пры гэтым, на ягоную думку, улады «разглядаюць гэтую кампанію не як выбарчую, а як вайсковую, падчас якой яны будуць змагацца з ворагамі».

«Лукашэнка прамаўляе дзяжурныя фразы на любых мерапрыемствах з патрабаваннем мабілізавацца, рыхтавацца, не дапусціць, узмацніць-павысіць-пашырыць і гэтак далей. Старшыня ЦВК Карпенка выступае, у асноўным, перад сілавікамі з патрабаваннем абараніць выбары ад нейкіх пагроз, знешніх і ўнутраных», — дадае Валерый Карбалевіч.

Спікер Каардынацыйнай Рады (КР) Андрэй Ягораў кажа: улады, нягледзячы на тое, што кантралююць сітуацыю, вымушаны «абапірацца на масавыя рэпрэсіі, пастаянны страх». «Ва ўсім астатнім яны не ўпэўнены — ні ў кадрах на месцах, ні ў іх здольнасці арганізаваць кампанію, ні ў лаяльнасці людзей, якіх яны ў яе залучаюць, гэта значыць яны жывуць у рэжыме чакання падвоху», — лічыць ён.

На думку Ягорава, улады змірыліся: народную любоў не вярнуць ніколі. «Думаю, што яны будуць спрабаваць замацаваць пазітыўныя трэнды, на якія сёння абапіраецца ўлада. Стабільнасць — гэта традыцыйная рыторыка, але сёння, падчас вайны, стабільнасць азначае, што мы не ўцягваемся ў вайну, размяшчаем ядзерную зброю для абароны, каб нас ніхто не крануў, захоўваем сяброўскія адносіны з Расіяй, пад ціскам санкцый будуем крэпасць, якая там самастойна можа вытрымаць аблогу».

Глядзіце таксама

Чаго чакаць ад выбараў-2024?

«Гэта будуць выбары, вельмі падобныя да савецкіх — без альтэрнатывы, — кажа Валерый Карбалевіч. — Без удзелу грамадзян, якія жывуць за мяжой — за мяжой не будуць стварацца выбарчыя ўчасткі. Прозвішчы членаў выбарчых камісій засакрэчаны, практычна не будзе рэальных назіральнікаў, унутраных і знешніх, шторкі ў кабінах для галасавання будуць адсутнічаць».

Павел Слюнькін не верыць у тое, што выбарчая кампанія нешта зменіць у краіне, аднак, на яго думку, важна, што будзе адбывацца «з пункту гледжання сцэнарыяў развіцця будучай беларускай палітычнай архітэктуры».

Пасля выбараў будзе сфарміраваны Усебеларускі народны сход (УНС) і яго прэзідыум — орган, які будзе збірацца рэгулярна. «Як ён будзе функцыянаваць, калі ён будзе аформлены, ці будзе гэта нейкі эфектыўны орган і ці будзе ён рэальна працаваць або збірацца раз у год, каб паставіць галачкі і подпісы?» — пералічвае пытанні Слюнькін. Ён лічыць, што прадказальна, хто ўзначаліць УНС. «Але тым не менш цікава, як будуць выбудоўвацца адносіны «прэзідэнта Лукашэнкі», як ён сам сябе называе, і «старшыні УНС Лукашэнкі». Як будуць групы паўнамоцтваў, якія мэтанакіравана разводзілі, афармляцца? Сам сабе будзе даручэнні ставіць, кантраляваць сябе?» — разважае эксперт.

Слюнькін лічыць, што тое, як будзе аформлены гэты працэс, магчыма, будзе намякаць на будучыя палітычныя канструкцыі ў Беларусі.

Валерый Карбалевіч упэўнены, што новы орган рэальнай улады мець не будзе. «У Беларусі ёсць адзін-адзіны орган улады, ён мае імя, прозвішча і імя па бацьку — гэта Аляксандр Лукашэнка. Усе астатнія органы — парламент, Канстытуцыйны суд, Усебеларускі народны сход, урад — гэта дэкарацыя», — упэўнены ён.

Палітолаг апісвае будучую канструкцыю ўлады так: «Лукашэнка зойме пасаду старшыні Усебеларускага народнага сходу, будзе балаціравацца на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года і зойме пасаду прэзідэнта. Гэта значыць, ён будзе займаць дзве пасады. На рэальную ўладу гэта ніяк не паўплывае».

Глядзіце таксама

Чым адкажуць дэмсілы?

Беларускія дэмакратычныя сілы ў выбарах удзельнічаць не збіраюцца. «Але паколькі яны разумеюць, што людзей будуць заганяць сілком на выбарчыя ўчасткі, то тым, хто прыйдзе, у каго іншых варыянтаў няма, прапануюць паставіць галачку «супраць усіх», — тлумачыць Карбалевіч.

У якасці альтэрнатывы кампаніі ўлад дэмакратычныя сілы прапануюць правесці выбары ў Каардынацыйную раду — своеасаблівы «парламент» у эміграцыі. «Гэта будзе спроба перабіць афіцыйную кампанію сваёй выбарчай кампаніяй, якая будзе падобная на рэальную, будзе рэальная канкурэнцыя, рэальнае галасаванне, рэальныя дыскусіі, спрэчкі і гэтак далей», — лічыць Карбалевіч.

Спікер КР Андрэй Ягораў распавядае, што кампанія КР можа стаць бачнай дэмакратычнай альтэрнатывай таму, што адбываецца ў Беларусі: «Калі дэмакратычныя сілы змогуць пабудаваць дастаткова надзейны выбарчы працэс, то яны могуць часткова ўмацаваць уласную легітымнасць і, выкарыстоўваючы гэтыя выбары, прыцягнуць больш увагі да саміх сябе».

Па словах Ягорава, выбары ў КР пройдуць у апошні тыдзень лютага — пачатку сакавіка. «Гэта пытанне тэхнічнай гатоўнасці, у тым ліку гатоўнасці платформы, на якой будзе праходзіць галасаванне, і забеспячэння бяспекі для беларусаў у Беларусі, якія вырашаць прыняць удзел у галасаванні. Я думаю, мы знойдзем рашэнне», — упэўнены ён.

Парога яўкі не будзе ні падчас Адзінага дня галасавання ў Беларусі, ні падчас выбараў у КС. Па сутнасці, будзе ўсё роўна, ці атрымаюць шырокую падтрымку кандыдаты падчас гэтых дзвюх кампаній — як ад улады, так і ад дэмсіл.

«Выбары ўладамі будуць абвешчаны адбыўшыміся ў любым выпадку. Адмена парога яўкі скарачае магчымасці, якія можна было выкарыстоўваць дэмакратычным сілам, каб таргетаваць гэтыя выбары і падарваць да іх давер, — лічыць Ягораў. — А наконт дэмакратычных сіл — зразумела, чаму яны ідуць на такія крокі. Мы ў гэтых умовах не можам арганізаваць поўнамаштабныя нацыянальныя выбары. Асабліва ўлічваючы ўзровень рэпрэсій у Беларусі. Што мы можам зрабіць? Правесці плебісцыт сярод тых людзей, якія захочуць і будуць мець магчымасць прагаласаваць».

Глядзіце таксама