«Прыхаваная пагроза стаілася ў цёмным куце пад ложкам»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» ў разгубленасці. Ён, аўтар, не разумее, чаму сёй-той мітусіцца, як быццам у лютым у яго будуць самыя сапраўдныя выбары. Можа, здарылася нешта?

Малюнак з celes.club

Малюнак з celes.club

Учора сёй-той зноў рыхтаваўся да выбараў. І ведаеш, я, шчыра кажучы, не разумею, чаму ён з гэтай нагоды так мітусіцца. Вось наогул не разумею. Здавалася б, чаго яму цяпер перажываць? Чаго ўжо баяцца?

Але ж перажывае. Факт. Вось даперажываўся да таго, што пачаў ратаваць народ ад малочных карупцыянераў. Правільна, не ад сябе ж яму народ абараняць. А тут 26 чалавек у справе, 15 чалавек ужо арыштаваныя, незаконныя даходы на 10 мільёнаў долараў у год. І можа быць, шчупальцы малочнай мафіі дацягнуліся да самага верху ўрада. Заблытаныя схемы, канкрэтныя аўтарытэты. Інтрыгі, скандалы, расследаванні. Размах, якога я нават у старыя часы на ўзгадаю.

А да гэтага ж сёй-той падарыў заводу былы нежылы інтэрнат. А яшчэ амаль падарыў людзям кватэры, за якія яны заплацілі. А народу падарыў атамную станцыю, за якую народ яго ні разу не прасіў. І мабілізаваў усе чатыры прэзідэнцкія партыі. І красаўцаў на выяўленне грамадзян з патэнцыйна нетрадыцыйнай лаяльнасцю.

Карацей, сёй-той мітусіцца, як быццам у лютым у яго будуць самыя сапраўдныя выбары. Як быццам да гэтых выбараў ёсць каму-небудзь справа, акрамя яго прэзідэнцкіх партый.

Ну, то-бок, гэта, канешне, могуць быць наступствы непераадольнай псіхалагічнай траўмы 2020 года. Стабільнасць ад гэтай траўмы да гэтага часу не ачуняла. Але неяк занадта шмат нетыповай мітусні для пераадолення псіхалагічных праблем. Тры гады сёй-той лячыў свае псіхалагічныя траўмы красаўцамі, а тут яму раптам захацелася вялікай і чыстай народнай любові. Можна падумаць камуніст Карпенка ў Цэнтрвыбаркаме не здолее налічыць народнай любові правільныя працэнты.

Ну вось рэальна. Няма ж для гэтай мітусні разумных прычын. Прынамсі відавочных разумных прычын. Ну сказаў жа, што 80 адсоткаў, а можа быць трошкі больш. Што яшчэ чалавеку трэба, каб спакойна сустрэць выбары? Добра яшчэ інтэрнат падарыў. Але малочнікамі ж навошта раскідвацца? Не кажучы ўжо пра патэнцыйна карупцыйных чальцоў урада. Вось я асабіста не бачу ніякіх падстаў.

Хоць камусьці за сваю стабільнасць, вядома, лепш відаць, чым мне. Можа, ён ведае што-небудзь такое, пра што мы з табой не здагадваемся? Ну там прыхаваная пагроза, якая стаілася ў цёмным куце пад ложкам. Я вось асабіста не магу сабе нават уявіць. Толькі фантазаваць.

Можа, з саюзнікам нешта не так? Саюзнік жа, бывае, хоча дзіўнага. На саюзніка не кожны раз дагодзіш. Ці, скажам, становішча на паўднёвым фронце наблізілася да новага ўзроўню стабілізацыі. А можа, сярод сведак стабільнасці адзінства няма. Можа, сёй-той падазрае, што ў іх вектар лаяльнасці пачаў глядзець не ў той бок. Ну, ці з беларускай эканомікай да лютага можа здарыцца нейкі незвычайны росквіт. Хоць, зноў жа, ніякіх прыкмет. Да лютага эканоміка дакладна пратрымаецца.

Карацей, нешта я ў суцэльных непаразуменнях. Хоць, можа, яму проста знак быў.

P. S. Накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.

Глядзіце таксама