Пераход, які зацягнуўся
Сутыкненні з рэальнасцю для тых, хто складае пра яе ўяўленне на падставе аналітычных нататак спецслужбаў, часта робяцца надзвычай балючымі.
Сутыкненні з рэальнасцю для тых, хто складае пра яе ўяўленне на падставе аналітычных нататак спецслужбаў, часта робяцца надзвычай балючымі.
Аднойчы я паглядзеў па тэлевізары заканчэнне фільма (назву, на жаль, не памятаю) з Сямёнам Фарадай у галоўнай ролі. Яго герой размаўляў выключна газетнымі штампамі эпохі развітога сацыялізму. А зараз
прапаную чытачам «НЧ» уявіць звычайны мінскі аўтобус, які ў самы час пік накіроўваецца з Малінаўкі ў цэнтр горада. І раптам прыстойна апрануты мужчына, які стаіць побач з вамі,
добра пастаўленым голасам прамаўляе: «Согласно Конституции, основой политической системы нашей страны является президентская власть как гарантия стабильности и успешной реализации любых
преобразований. Это главная особенность белорусской модели развития страны в переходный период. И она еще сегодня сохраняет свою актуальность».
Уявілі? Не, не мужчыну, а рэакцыю пасажыраў на «особенность белорусской модели развития страны в переходный период».
Прамежкавы варыянт блуканняў
Паводле афіцыйнага погляду на беларускую рэальнасць, мы ўжо 17 гадоў знаходзімся ў працэсе пераходу. На натуральнае пытанне: «А дзе мы апынёмся пасля яго завяршэння?» існуе
адназначны адказ: «У Еўропе!» Мяркуеце самі: «Нас не надо уговаривать идти в Европу. Мы в ней находимся. И никогда не стремились отгородиться от тех ценностей, от всего
хорошего и прогрессивного, что наработано в западноевропейских государствах, в Евросоюзе. Более того, мы вполне разделяем те демократические идеи, которыми руководствуются эти страны. Многие из этих
ценностей исторически наработаны и нашим народом, на нашей территории».
Пераход беларусаў з Еўропы ў Еўропу не варта разглядаць у якасці хуткаплыннай падзеі. Тут напрошваецца аналогія са знакамітым блуканнем габрэйскага народа па пустыні пад кіраўніцтвам Майсея. Яно
працягвалася сорак гадоў. Чаму так доўга? Таму што Майсей быў бы авантурыстам, «если бы, пренебрегая традициями, менталитетом наших людей, привычным укладом жизни, который сложился за всю
нашу предыдущую историю», спрабаваў у тэмпе вальса (на раз-два-тры) перанесці «западный образец устройства общества на нашу почву».
З гэтым не паспрачаешся. Да моманту распаду СССР па ўзроўні канцэнтрацыі «чалавека савецкага» Беларусь упэўнена займала першае месца сярод савецкіх рэспублік. Мне ўжо неаднаразова
даводзілася спасылацца на апытанне ВЦИОМ, праведзенае ў сакавіку 1991 года. Толькі 24% этнічных беларусаў ідэнтыфікавалі сябе ў якасці грамадзян БССР, а 69% — у якасці грамадзян Савецкага
Саюза. Для параўнання: у Эстоніі суадносіны былі 97 да 3. Праз 15 гадоў, у красавіку 2006-га, на пытанне «Ці лічыце Вы сябе хутчэй сучасным еўрапейскім чалавекам ці савецкім
чалавекам?» другі варыянт адказу абралі 52% рэспандэнтаў, аднеслі сябе да еўрапейцаў крыху больш за траціну — 36% (тут і далей дадзеныя НІСЭПД).
Такім невясёлым стаўся прамежкавы вынік блуканняў пад кіраўніцтвам айчыннага Майсея. Пераход з Еўропы ў Еўропу відавочна зацягнуўся. Новай Беларусі пакуль не атрымалася. У якасці каментара прывяду
словы галоўнага знаўцы «чалавека савецкага» сацыёлага Юрыя Левады: «Крыху асцярожней я б казаў «новая краіна». Назва новая. Краіны без чалавека не бывае.
Калі людзі застаюцца старымі, калі сацыяльныя інстытуты застаюцца старымі, калі звычкі эліты і масы застаюцца ў вялікай ступені старымі, то з агаворкамі можна казаць пра тое, новая ці не новая
краіна. Куды чалавек можа ўцячы з гэтых рамак?»
На дыванку паміж крэсламі
Магчымасці палітычнай эліты непасрэдна фармаваць «новага чалавека» вельмі абмежаваныя, але яна здольная змяніць рамкі, у якіх чалавек фармуецца. Для далейшага руху па прыступках
азбукавых паліталагічных ісцін нам спатрэбіцца чарговае ключавое слова. У дадзеным выпадку найбольш пасаваць будзе слова «ўзнаўленне».
Традыцыйным (архаічным) цывілізацыям уласціва панаванне статычнага ўзнаўлення, г. зн. накіраванага на падтрыманне грамадства, культуры і асобы ў адпаведнасці з некаторымі ідэалізаванымі ўяўленнямі
пра мінулае. У сучасных (ліберальных) цывілізацыях пануючае становішча займае інтэнсіўнае ўзнаўленне, якое характарызуецца імкненнем да пастаяннага падвышэння эфектыўнасці.
Трагедыя Беларусі палягае ў тым, што яна даўно ўжо выйшла за рамкі традыцыйнай цывілізацыі, але пераступіць мяжу цывілізацыі ліберальнай так і не здолела. Яна затрымалася на памежжы. Але краіны, як
адзначаў Левада, без чалавека не бывае. На мяжы паміж дзвюма цывілізацыямі затрымаліся беларусы. Варта паскрэбці практычна любога, як без вялікіх цяжкасцяў мы заўважым пласты «чалавека
традыцыйнага» ў яго савецкім і нават дасавецкім варыянце.
Нявызначанасць цывілізацыйнага выбару спараджае запатрабаванасць у адмысловым шляху. Сацыёлагі любяць задаваць рэспандэнтам пытанне наконт іх геапалітычных пераваг. Калі варыянты адказаў абмежаваць
Расіяй і Еўрасаюзам, то, у залежнасці ад бягучай палітычнай кан’юнктуры, атрымліваецца прыблізна роўнае размеркаванне. Але калі да традыцыйнай салодкай геапалітычнай парачкі дадаць
«уласны адмысловы шлях», то апошні апынецца па-за канкурэнцыяй.
Прывяду адказы на пытанне «Які, на Ваш погляд, гістарычны шлях Беларусі?» за снежань 2009 года: «Уласны адмысловы шлях» — 55,0%, «Агульны шлях
еўрапейскай цывілізацыі» — 23,6%, «Вяртанне на савецкі шлях» — 20,7% і не здолелі адказаць — 0,7%. Звярніце ўвагу на мізэрную колькасць тых, у
каго ўзніклі цяжкасці з адказам. У тым жа снежні пры адказе на пытанне «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрапейскі Саюз, што б Вы
абралі?» не здолелі вызначыцца 15,7% рэспандэнтаў (у 22,5 разы больш!).
Імкненне адначасова ўладкавацца адразу на двух цывілізацыйных крэслах па-чалавечы зразумелае, аднак, улічваючы значную дыстанцыю паміж крэсламі, на практыцы мы маем сталыя самаразбуральныя канфлікты,
якія неаднаразова прыводзілі да абвалу дзяржаўнасці. Гэта калі ўлада «валяется в грязи». Апошні раз такое здарылася напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Адсюль імкненне абраць «иной путь своего развития — эволюционный, без резких скачков и перегибов». Гучыць добра, але з «развіццём» неяк не вельмі
стасуецца. Развіццё не варта блытаць з эканамічным ростам. Развіццё — гэта рост плюс істытуцыянальныя і сацыяльныя змены. У працэсе развіцця фармуецца «новы чалавек»,
здольны абыходзіцца без дзяржаўнай апекі. Такі чалавек уяўляе смяротную пагрозу для палітычнай эліты, якая ўладкавалася на дыванку паміж двума цывілізацыйнымі крэсламі.
Таму рамкі, у якіх сёння «ўзнаўляюцца» беларусы, па сваіх параметрах істотна не адрозніваюцца ад рамак сямнаццацігадовай даўніны. Колькасць залежных ад дзяржавы беларусаў не
скарачаецца. Ці варта пасля гэтага дзівіцца стабільнасці электаральнай структуры грамадства?
Варыяцыі на тэму «новай эры»
«Белорусы — это те же русские, только со знаком качества». Такі лубочны малюнак склаўся ў галовах тых, хто доўгія гады глядзеў на беларусаў з вяршыні ўладнай
«вертыкалі». Майскі таварны ажыятаж, які спустошыў паліцы крамаў, прымусіў сяго-таго перагледзець права беларусаў насіць такі высокі знак адрознення. Нечакана высветлілася, што
«нас воспринимают вообще как дикарей».
Якая сувязь паміж пустымі паліцамі і дзікунамі, асабіста мне зразумець складана. Ва ўсім свеце, сутыкнуўшыся з эканамічнай нявызначанасцю, людзі дзейнічаюць аднолькава. Нездарма яшчэ гуру фінансавых
рынкаў Джордж Сорас адзначаў, што «інвестары паводзяць сябе як бараны». Заўважу, што ў большасці інвестараў, паводзіны якіх меў магчымасць назіраць Сорас, за плячыма быў калі не
Гарвард, то, прынамсі, Прынстан.
«Чалавек эканамічны», г. зн. чалавек, які думае катэгорыямі асабістых прыбыткаў і страт, баязлівы па вызначэнні. Як адзначыў у сваёй кнізе «Ірацыянальнае
багацце» амерыканскі эканаміст Роберт Шылер: «Усе значныя бумы на фондавых рынках звычайна суправаджаюцца гісторыямі пра новую эру, што прэтэндуюць на апісанне гістарычных змен,
якія стануць пачаткам новага гістарычнага этапу». У Беларусі фондавы рынак калі і існуе, то выключна намінальна. На жыццё шараговых грамадзян ён ніякага ўплыву не аказвае, але вось што да
гісторый пра новую эру, то ўжо амаль 17 гадоў беларусы прачынаюцца і засынаюць пад іх бясконцыя варыяцыі.
Такія гісторыі і фармуюць статкі даверлівых бараноў-інвестараў. Амерыканцы інвестуюць у акцыі, беларусы — у банкаўскія дэпазіты. Розніца непрынцыповая, падабенства робіцца асабліва
прыкметным падчас лопання інвестыцыйных бурбалак, разадзьмутых не без дапамогі гісторый пра новую эру.
Сутыкненні з рэальнасцю для тых, хто складае ўяўленне пра яе на падставе аналітычных нататак спецслужбаў, часта робяцца вельмі балючымі. У гісторыі зафіксаваны і фатальныя выпадкі, калі
«той, хто сутыкнуўся» быў не ў стане да канца ўсвядоміць змены, што адбыліся. Апошні прыклад — зараз ужо былы прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак. За некалькі гадзін да
заканчэння свайго трыццацігадовага знаходжання на пасадзе прэзідэнта ён выступаў у прамым тэлеэфіры і прамаўляў так, як быццам ён па-ранейшаму з’яўляецца ўлюбёнцам егіпецкага народа.
Але не будзем пра сумнае. Заканчваць «Азбуку паліталогіі» варта калі і не на аптымістычнай, то, прынамсі, на вясёлай ноце. Для гэтага я прапаную чытачам вярнуцца ва ўяўны аўтобус,
які курсуе па маршруце Малінаўка–4 — Дружная. Нам пашанцавала. Прыстойна апрануты мужчына з добра пастаўленым голасам яшчэ не выдаткаваў свой запал прамоўцы. Прывяду яго заключную
рэпліку-цытату: «Сегодня мы переходим к новому этапу строительства нашего государства, который характеризуется либерализацией экономики и более интенсивным развитием предпринимательства. При
этом надо понимать, что повысить предприимчивость, инициативу, экономическую активность граждан невозможно без адекватного повышения их роли в формировании решений по социально-экономическим
проблемам общества».