Беларускі і ўкраінскі народы могуць стаць цывілізацыйнай альтэрнатывай Расіі

Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале піша, што цяпер мы знаходзімся на этапе вялікага цывілізацыйнага ператрансфармавання. На яго думку, калі адбудзецца кансалідацыя Беларусі і Украіны — Масква стане перыферыйнай азіяцкай дзяржавай. Менавіта таму Расія імкнецца разбурыць дзяржаўнасць Украіны праз вайну, а Беларусь — праз акупацыю і ўцягненне ў вайну супраць Украіны.

original__5_.jpg

Прыводзім яго тэкст цалкам.

Беларускі і ўкраінскі народы ў палітычным і ідэалагічным саюзе могуць стаць цывілізацыйнай альтэрнатывай і культурнай супрацьвагай для Расіі і яе спробам захаваць сваю дамінацыю.

Вайна і «роля» Беларусі ў ёй стварылі і паглыбілі напружанасць у беларуска-ўкраінскіх дачыненнях. Я кажу пра грамадска-індывідуальны ўзровень. І гэта зразумела. Псіхалагічная атмасфера настолькі ўразлівая, што любое слова ці падзея, якія не ўкладаюцца ў пэўную матрыцу, выклікаюць новыя хвалі размежавання.

Пераадолець гэтыя супярэчнасці цяжка, але як мне падаецца, можна менавіта праз стварэнне адзінага антырасійскага цывілізацыйнага наратыву (канцэпту) і ідэйнага збліжэння народаў.

Калі гэта ўдасца зрабіць, то можна будзе казаць пра ўніверсальную і канчатковую перамогу над «русским миром», можна будзе казаць пра стварэнне новай цывілізацыйнай парадыгмы ў рэгіёне, як нашай агульнай гістарычнай місіі насуперак вайне.

Дзеля гэтага, як мне падаецца, важна рэалізаваць шэраг крокаў:

1. Не дапусціць, каб эмацыйная напружанасць стала палітычна-ідэалагічнай дамінантай. Нельга, каб вобраз беларусаў артыкуляваўся ў нейкую варожую выяву ў свядомасці ўкраінцаў і трансфармаваўся ў стан абсалютнага непрыняцця.

2. Нельга дапусціць, каб эмацыйнасць прывяла да негатыўных зрухаў у свядомасці беларускай грамадскасці адносна Украіны. Бо ўкраіна- і беларусацэнтрызм з’яўляецца неабходнай умовай для выціскання расійскай ідэі са свядомасці і культурных кодаў беларускага народу. Гэта важна дзеля агульнай цывілізацыйнай цэласнасці і самадастатковасці.

3. Важна зразумець, што ні беларускае, ні ўкраінскае грамадства не маюць у дачыненні да сябе нейкіх гістарычных, палітычных прэтэнзій. Культурна-ідэйная дыстанцыя, якая існавала ўсе гэтыя стагоддзі, была вынікам палітыкі Масквы, якая была накіравана на звядзенне нас да стану перыферыйнасці і растварэнні нас у расійскім суперэтнасе.

4. Такую палітыку Масква жадае рэалізаваць праз вайну і рэжым Лукашэнкі. Любая напружанасць паміж народамі, паглыбленне канфліктнасці толькі ў інтарэсах Расіі. Для Масквы ключавым з'яўляецца ўмацаванне атмасферы варожасці і падрыву ўнутранай мабілізацыйнай пасіянарнасці двух народаў.

5. Неабходна ламаць тыя ідэалагічныя і гістарычныя ўспрыняцці, якія сфарміраваліся праз расійскую культуру і прапаганду, у выніку чаго для Беларусаў Расія была бліжэй, чым Украіна. Менавіта таму беларускае грамадства глядзела на Украіну (майдан і вайну 2014), як на нешта незразумелае, далёкае, чужое, і як мантру паўтарала: «Не так, як ва Украіне».

coumebxwoaexuz0.jpg


6. Нам неабходна размаўляць. Для развіцця новай карціны свету неабходна сталая і інтэнсіўная ўнутраная камунікацыя. Нават калі пакуль што няма жадання размаўляць на ўзроўні палітычных груп (па розных прычынах), варта такую размову пачаць на ўзроўні інтэлектуальных беларуска-ўкраінскіх эліт. Бо менавіта нашыя нацыянальныя інтэлектуальныя эліты змогуць сфарміраваць і развіць ідэю новай цывілізацыйнай парадыгмы. Нашыя сілы (думкі, інфармацыя) не павінны скіроўвацца для стварэння напружанасці, але на агульную творчую мэту, на АНТЫМАСКОЎСКІ ідэйны і духоўны праект.

7. Нягледзячы ні на што, нашыя нацыі і народы павінны кансалідавацца. Крэмль у гэтым бачыць пагрозу для свайго цывілізацыйнага існавання і таму працягвае разбураць Беларусь знутры, праз рэпрэсіі і праз ідэйна-інфармацыйную каланізацыю насельніцтва. Супрацьстаяць гэтаму мы можам толькі ў ідэйным адзінстве і паразуменні з Украінай.

Для беларускай дэмакратычнай культурна-палітычнай супольнасці, як і для ўкраінцаў, барацьба за розум беларусаў — важнае поле агульнацывілізацыйнай барацьбы і станаўлення.

Яшчэ раз падкрэслю: украінскі і беларускі народы ў палітычным і ідэалагічным саюзе з'яўляюцца цывілізацыйнай альтэрнатывай і культурнай супрацьвагай для неаімперскага маскоўскага праекту.

Мы два старажытныя і свабодныя народы, захапіўшы і каланізаваўшы якія, Масква намагалася кампенсаваць сваю азіяцкасць і перыферыйнасць.

У гэтым ідэйным аб’яднанні, да якога трэба імкнуцца зараз, мы зноў зробім Маскву перыферыйнай азіяцкай дзяржавай. Менавіта таму зараз Расія імкнецца разбурыць дзяржаўнасць Украіны праз вайну, а Беларусь праз акупацыю і ўцягненне ў вайну супраць Украіны. Толькі так Расія зможа захаваць сваю цывілізацыйную аснову, падзяляючы і знішчаючы нашы народы. Нам важна гэтага не дапусціць, мы знаходзімся на этапе вялікага цывілізацыйнага ператрансфармавання і здзейсніць яго — наша агульная місія.